«Лукашэнка пра такіх, як я, не ведае»
З Людмілай я пазнаёмілася абсалютна выпадкова. Убачыла яе ў катэджы ў сваякоў, да якіх мы прыехалі адзначаць нейкае свята. Гаспадыня дома патлумачыла, што сяброўка параіла ёй наняць Людмілу дапамагчы прыгатавацца да прыходу гасцей.
Жанчына мне падалася знаёмай. Калі ж сваячка распавяла, што Людміла жыве ў інтэрнаце ў Смаргоні і адна выхоўвае пецярых дзяцей пасля смерці мужа, усё стала на свае месцы. Людміла Аўсянік — тая самая шматдзетная маці, якая безвынікова спрабуе дамагчыся ад чыноўнікаў жылля і ва ўсіх кабінетах чуе з серыі: «Навошта ты столькі нараджала?»
Калі паслухаеш гісторыю Людмілы, пачынаеш разумець, наколькі твае праблемы нікчэмныя. Жанчына не п’е, не гуляе, гадуе дзяцей, а ўсё яе жыццё — гэта спроба вырвацца з замкнёнага кола галечы, у якім яна апынулася пасля смерці мужа і па волі дзяржавы. Людміла гатовая штодня матацца са Смаргоні ў Мінск, прыбіраць чужыя кватэры, мыць посуд, падмятаць вуліцы — абы зарабіць лішнюю капейку.
Здавалася, пасля таго, як пра Людмілу напісалі ў СМІ, мясцовыя ўлады паабяцалі ёй да ацяпляльнага сезона прадаставіць калі не новую кватэру, то хаця б арэнднае жыллё. Таму, калі Лукашэнка ў чарговы раз загаварыў пра падтрымку шматдзетных, я вырашыла набраць Людмілу, каб пацікавіцца, як вырашылася яе кватэрнае пытанне.
— Ніяк. Нам не далі нават арэндную кватэру, якую абяцалі, — ледзь не плакала ў слухаўку жанчына. — А зараз вось мне прыйшла папера, што хутка адключаць святло і ваду.
Вырашана было ехаць у Смаргонь, каб паглядзець, як выжывае шматдзетная маці, пра якую дзяржава, падобна, зусім забылася.
Гэта ўжо палепшаныя ўмовы
Інтэрнат па вуліцы Маладзёжная, 22, у якім жыве сям’я, звонку выглядае як стандартны пяціпавярховік. Унутры ж — змрочныя калідоры, абшарпаныя дзверы...
Пакой Людмілы месціцца на першым паверсе побач з аварыйным выхадам. Пасля трагедыі ў Кемерава аварыйны выхад пастанавілі трымаць адкрытым, з-за чаго ў памяшканні Людмілы заўсёды холадна і шумна ад грукату дзвярэй, якімі жыхары пачалі карыстацца як асноўнымі.
Вокны таксама мала ратуюць ад холаду. Рамы развальваюцца, са шчылін невыносна дзьме.
— Колькі разоў прасіла памяняць, кажуць: толькі за ваш кошт. Бывае, што і спім у вопратцы. А ўлетку, наадварот, спякота — вокны не адкрыць, таму што побач сметнік, смярдзіць немагчыма, ляцяць мухі.
У гэтым інтэрнаце сям’я Людмілы жыве чатыры гады. І, як аказалася, гэта ўжо палепшаныя ўмовы!
Раней жанчына з пяццю дзецьмі тулілася ў адным блоку на тры сям’і.
— Умовы былі жудаснымі. Унітаз, ванна на 15 чалавек. Побач жылі алкаголікі. Былі пастаянныя п’янкі, скандалы, — распавядае Людміла.
Пасля таго, як жанчына звярнулася ў райвыканкам, ёй прапанавалі новае жыллё ў інтэрнаце насупраць. Яна пагадзілася: інтэрнат кватэрнага тыпу: два пакоі, уласныя кухня, ванны пакой і прыбіральня. Праўда, у жалю вартым стане.
— Не было ні вады, ні электрычнасці — усё давялося рабіць самой. Залезла ў даўгі, спрабуючы адрамантаваць хоць бы неабходнае, каб можна было жыць з дзецьмі, — распавядае жанчына.
Прыкметы няскончанага рамонту можна назіраць і зараз. Праўда, калісьці новыя шпалеры ўжо трэба клеіць зноў — з-за вільгаці яны папросту не трымаюцца на сцяне. Лінолеум пакладзены проста на падлогу, а дзе-нідзе пад ім і зусім зямля.
— Казала свайму суседу-рыбаку, што можа накапаць у мяне чарвякоў, — горка ўсміхаецца жанчына і паказвае месца іх пражывання.
Тым не менш, у кватэры чыста. Відаць, што за жыллём Людміла сочыць. На пісьмовым стале ляжаць дзіцячыя малюнкі, грамата аднаго з сыноў за спартыўныя дасягненні.
— А прынясі свае медалі па лёгкай атлетыцы, — просіць яна ўжо дачку. Відаць, што жанчына ганарыцца поспехамі сваіх дзяцей.
Навошта столькі нараджала?
Гэтае пытанне Людміла чуе ўвесь час. Прычым не толькі ад чыноўнікаў, якія пастаянна адфутбольваюць яе, але і ад звычайных людзей, з якімі даводзіцца сустракацца. І тым не менш гісторыя яе абсалютна звычайная і магла б здарыцца з любым.
Людміла выйшла замуж, калі ёй было 24 гады. Нарадзіла дваіх дзяцей. Аднак жыццё з першым мужам не склалася, і Людміла засталася адна. Неўзабаве яна сустрэла Сяргея. Пачалі разам жыць — нарадзіліся яшчэ дзеці. Увесь гэты час яны з мужам працавалі ў калгасе ў Ашмянскім раёне. Там жа арандавалі дом. Калі сям’я істотна разраслася, узялі льготны крэдыт, каб выкупіць гэты дом у пастаяннае карыстанне.
Аднак справы ў калгасе ішлі ўсё горш. Неўзабаве старшыню пасадзілі, і працы наогул не стала. Каб пракарміць дзяцей, муж Людмілы пачаў ездзіць на заробкі ў Расію. У адну з такіх паездак у яго здарыўся інфаркт — і ён памёр.
Так Людміла засталася адна з дзецьмі ў калгасе, дзе не было ні ўмоў, ні працы. Ды яшчэ і з крэдытам.
— Жыць у вёсцы стала невыносна. Школу закрылі, дзіцячы садок закрылі, працаваць няма дзе. Адной у хаце без мужчыны немагчыма: трэба і дровы насекчы, і ваду прынесці. А дапамагаць каму? Бацькі мае даўно памерлі, абодва ад раку: тата — калі мне было яшчэ 17 гадоў, мама — 15 гадоў таму.
У выніку Людміла вырашыла перабрацца ў горад. Знаёмы прапанаваў сумесны бізнес у Смаргоні. Там Людміла зняла кватэру і стала на чаргу як шматдзетная. Гэта было ў 2011 годзе.
Два гады жанчына круцілася як магла: ездзіла на заробкі, гандлявала прывезенымі шмоткамі. І чакала абяцанага жылля. Не дачакалася. У 2013-м дзяржава вырашыла трохі падкараціць чаргу тых, хто меў патрэбу ў жыллі. У выніку выйшаў указ, згодна з якім тыя, у каго мелася нерухомасць, не маглі больш прэтэндаваць на жыллё.
— І мяне знялі з чаргі, таму што быццам бы ў мяне ёсць дом, — распавядае Людміла. — І нікога не хвалявала, што жыць у тым доме немагчыма. Як і прадаць. Па-першае, хто яго купіць? Дом, пабудаваны яшчэ ў 1973 годзе ў забытым Богам калгасе, проста нікому не патрэбны. А па-другое, каб яго прадаць, мне трэба знайсці 1 тысячу долараў для выплаты крэдыту і пачакаць 5 гадоў для адчужэння маёмасці.
Але нават у выпадку чароўнага продажу павінен прайсці яшчэ час, каб сям’ю зноў паставілі на чаргу. Да таго часу амаль усе дзеці Людмілы будуць ужо паўналетнімі — гэта значыць аб сваім жыллі можна забыцца назаўжды.
— У райвыканкаме толькі разводзяць рукамі: «А што мы можам зрабіць? Такі закон!» — ледзь не плача ад несправядлівасці Людміла. — А дзе яны раней былі, калі я па законе мела права на жыллё? Тады што, закон не дзейнічаў? Усё, што яны змаглі мне прапанаваць за гэты час, — гэта інтэрнат і працу дворнікам ад Гаргазу.
Але і на гэта жанчына пагадзілася. Дапамогі па догляду за дзіцем да 3 гадоў і зарплаты дворніка ў 250 рублёў сяк-так хапала на ежу. Да таго часу бізнес, на які разлічвала Людміла, разваліўся (партнёр яшчэ і прыхапіў укладзеныя ёю грошы).
Калі ж і малодшаму сыну споўнілася тры гады і дапамогі не стала, давялося зноў думаць, як выжываць.
І ўсюды гэтыя страшныя літары — СНС
Шукаць працу ў Смаргоні было бессэнсоўна. У горадзе знайсці месца, дзе плацяць больш за 300 рублёў, практычна немагчыма. Так Людміла зноў стала ездзіць на «закупы».
— Прыплачвала суседзям, знаёмым, каб прыглядалі за дзецьмі, пакуль я ў ад’ездзе. Ды і старэйшая дачка была ўжо дастаткова дарослая — 14 гадоў, — распавядае жанчына.
Вось тут дзяржава ў асобе органаў апекі і прыгадала пра Людмілу, палічыўшы, што яна сваімі ад’ездамі пакідае дзяцей у небяспецы.
— Аднойчы прыйшлі і забралі ўсіх пецярых. Але я ж не ў загуле была, не ў запоі, я зарабляла, каб іх пракарміць! Сама! Ні ў каго нічога не прасіла!
Людміла плача, успамінаючы, як стаяла на каленях у начальніка райвыканкама.
Дзяцей у выніку ёй вярнулі. Праўда, за месяц знаходжання ў прытулку выставілі рахунак — 1400 рублёў на цяперашнія грошы.
— Сын дагэтуль са страхам ідзе ў школу, думаючы, што яго зноў забяруць у прытулак. А малодшы, засынаючы, трымае мяне за руку і не хоча адпускаць, — распавядае Людміла. — Пры гэтым у мяне цяпер усюды стаяць гэтыя страшныя літары — СНС, сацыяльна небяспечнае становішча. Да лекара прыйдзеш — у картцы напісана, у любую ўстанову звернешся — кажуць, сям’я нядобранадзейная. І нікому нічога не дакажаш. Хоць у школе да нас ніякіх прэтэнзій. Там, наадварот, кажуць: «Вы — добрая маці, мы на вашым баку!»
Адчуваецца, што гэта вельмі моцна крыўдзіць Людмілу.
Дагрукацца да Лукашэнкі
Нядаўна жанчыне прыйшло паведамленне пра тое, што калі яна не пагасіць запазычанасць за камунальныя паслугі і пеню, ёй адключаць электрычнасць і ваду, — у Людмілы сапраўды назапасіўся вялікі доўг.
На пытанне, чаму не плаціла, яна разводзіць рукамі:
— А за што я тады дзяцей б карміла?
У месяц на аплату гэтых 40 квадратаў у інтэрнаце з сумнеўнымі выгодамі неабходна аддаць... 230 рублёў! Спрабую высветліць, чаму так дорага? Адказвае, 130 рублёў — гэта толькі электраэнергія. Пры тым, што з электрапрыбораў у кватэры толькі лядоўня і электрапліта. Няма нават пральнай машыны(!), а тэлевізар даўно зламаны. Аднак у Людмілы не ўсталяваны лічыльнік.
— Я не паставіла яго, таму што райвыканкам паабяцаў мне вылучыць арэнднае жыллё. Думала, хутка пераеду, — кажа яна. — Але тую кватэру аддалі іншай жанчыне, хоць у яе адно дзіця. Крыўдна, у мяне да таго часу былі пагашаныя ўсе даўгі, а цяпер вось зноў набегла. Ды няўжо б я не плаціла 80–100 рублёў «камуналкі»? Але як мне аддаць 230 рублёў на месяц, калі ў нас такія заробкі?
Людміла ездзіць у Мінск, прыбірае кватэры, катэджы (дзе мы, уласна, з ёй і пазнаёміліся), гатуе для заможных людзей — за такую працу ў сталіцы плацяць больш.
Заўважаю, што пры пад’ездзе да Смаргоні бачыла цалкам сабе прыстойныя катэджы, якія сведчаць пра пэўны дастатак людзей.
— Дык там нашы чыноўнікі жывуць. Думаю, зарплата ім дазваляе будавацца, — уздыхае Людміла. — А я, шматдзетная маці, вандрую па пустэльных інтэрнатах. Дзякуй, хоць добрыя людзі часам дапамагаюць.
Людміла распавяла, як аднойчы разгаварылася на рынку з адной прадпрымальніцай, і тая, даведаўшыся яе гісторыю, дапамагла з лячэннем сына ў бальніцы. Шматдзетная маці згадвае таксама служыцеляў Мінскага кафедральнага сабора, якія дапамагаюць ёй з рэчамі для дзяцей (просіць абавязкова напісаць і падзякаваць усім, хто не прайшоў міма яе бяды).
Жанчына таксама распавяла, што калі пра яе распавялі СМІ, выканкам вылучыў дапамогу. Толькі ўсё гэта пайшло на тое, каб раздаць даўгі — за камуналку, за прытулак.
А далей усё пачалося наноў:
— Пры гэтым мне пастаянна наракалі, што я адважылася скардзіцца. Пагражалі, што калі яшчэ раз адкрыю рот, зноў забяруць дзяцей, а мяне ўвогуле ўпякуць у вар'ятню.
Аднак сітуацыя настолькі крытычная, што маўчаць ужо немагчыма.
— Гэта нейкае замкнёнае кола, — уздыхае жанчына. — Крыўдна, бо нават шматдзетныя сем’і алкаголікаў, з якімі я жыла ў інтэрнаце, і тыя ўжо выехалі па сваіх кватэрах. А я не п’ю, працую з раніцы да ночы… Вунь Лукашэнка ўвесь час кажа, што дзяржава клапоціцца аб шматдзетных. А пра такіх, як я, напэўна, нават не чуў. Толькі як да яго дагрукацца?
***
Дзякуем чытачам «Новага Часу», якія не засталіся абыякавымі і захацелі дапамагчы Людміле. Дапамогу можна аказаць, пералічыўшы грошы на картку жанчыны. Нумар карты 91 12 00 00 86 12 04 62 Беларусбанк, сапраўдная да 10/21 (БЕЛКАРТ).
Паводле gazetaby.com
Пераклад НЧ