Магілёў. Журналісты ствараюць галерэю «партрэтаў карупцыянераў»
Журналісты незалежнай газеты «Наш Магілёў» расказалі мінакам вуліцы Ленінскай — цэнтральнай у абласным цэнтры — пра мясцовую карупцыю, саміх карупцыянераў ды іх крымінальны лёс.

Тры нумары незарэгістраванага выдання агульным накладам блізу 600 асобнікаў журналісты і валанцёры раздалі на вуліцы за няпоўную гадзіну.
Тэма карупцыі — скразная ў трох нумарах «Нашага Магілёва». У кожным вялікія матэрыялы пад рубрыкай «Партрэт карупцыянера» з каментарам эксперта.
«Партрэты карупцыянераў» намі пісаліся выключна паводле адкрытых інфармацыйных крыніцаў», — заяўляе рэдактар выдання Ігар Барысаў.

Рэдактар газеты «Наш Магілёў» Ігар Барысаў
«Мы паказалі, што чыноўнікі, дзякуючы набліжанасці да ўлады, выкарыстоўвалі сваё службовае становішча, кралі ды махлявалі. Урэшце іх крымінальную дзейнасць выкрылі. Яны былі асуджаныя, але некаторых з іх неўзабаве вызвалілі і зноў прызначылі на кіроўныя пасады. Іхны крымінальны лёс ілюструе цяперашняе аблічча ўлады. Дзейнічае прынцып: нават калі ты злачынца, але свой, дык табе ўсё роўна гарантавана месца пад сонейкам».
«Адзін са спосабаў змагацца з карупцыяй і выкрываць карупцыянераў — гэта грамадскі кантроль, — працягвае журналіст. — Наша акцыя — спроба расштурхаць грамадства, паказаць, што карупцыя шкодзіць дабрабыту і з ёй трэба змагацца».
«Наш Магілёў» згадаў шэраг крымінальных спраў. У «галерэі» газеты — і «партрэт» кіраўніка «Магілёўвадбуду» Яўгена Зюзіна, якога асудзілі на сем гадоў, але іх ён не адседзеў. Ад пачатку 2016 году кіруе адной з гаспадарак Бабруйскага раёну.

Мінакі на вуліцы Ленінскай знаёмяцца са зместам газеты
Партрэт кіраўніка прадпрыемства «Цэмбудрамонт» Паўла Белавінскага таксама ў гэтай «галерэі». Яго асудзілі на 10 гадоў. Абвінавачаны ў крадзяжы грашовых сродкаў. За тры гады, як высьветліла сьледзтва, ён накраў на 1,8 мільярда рублёў.
У генэральнага дырэктара «Магілёўдрэва» Андрэя Вусава свой партрэт. Яго асудзілі на 8 гадоў. Праз паўтара года, піша «Наш Магілёў» асуджанага вызвалілі і прызначылі кіраваць магілёўскім прадпрыемствам «Строммашына».

Мінакі вуліцы Ленінскай знаёмяцца са зьместам газэты
Згадалі журналісты магілёўскага выдання і пра сумны лёс кіраўніка магілёўскай фабрыкі «Вяснянка» Максіма Шнэка. Яго асудзілі на 10 гадоў зняволеньня. Кіраўнік прадпрыемства злоўжываў службовым становішчам, палічыў суд, і нанёс гэтым шкоду ў 2,5 мільярда рублёў.
Як сказала адна з распаўсюдніц газеты, ніводны мінак не адмовіўся ўзяць асобнік, пачуўшы слова «карупцыя». Паводле яе, гэтая тэма цікавая абывацелю.
«Нямала людзей сутыкаюцца з сітуацыяй, якая вымагае даць канверт чыноўніку. Акрамя таго, чыноўніка нашы людзі ціха ненавідзяць, бо перакананыя, што ён нячысты на руку», — выказалася распаўсюдніца «Нашага Магілёва».

Мінакі на вуліцы Ленінскай знаёмяцца са зместам газеты