Замежная прэса пра Беларусь: 20–27 мая
Шматгадовае лавіяванне паміж Расіяй і Захадам, падобна, падыходзіць да канца, і латэнтная празаходняя пазіцыя Лукашэнкі становіцца ўсё больш відавочнай.
У дадзеным кантэксце варта ўзгадаць правальную ідэю Крамля размясціць свае самалёты на авіябазе ў Бабруйску і заяву самога Лукашэнкі пра неабходнасць паглыблення супрацоўніцтва Беларусі і NАТO і пра небяспекі гібрыднай вайны для рэспублікі. Акрамя таго, візіт Лукашэнкі ў ЕС адбыўся пад акампанемент чарговага газавага канфлікту паміж Беларуссю і Расіяй.
НТН (Украіна)
Караткевіч і раней была наводшыбе «вялікай» беларускай палітыкі, нягледзячы на ўсе яе намаганні. Цяпер жа, пасля выступу сябра яе каманды, на яе палітычных перспектывах можна паставіць крыж. Хаця, як гэта ні парадаксальна для кагосьці прагучыць, менавіта цяпер Таццяна Караткевіч можа прэтэндаваць на пасаду беларускага дэпутата. За чатыры месяцы да выбараў у беларускі парламент, яшчэ да складання спісу дэпутатаў, ужо можна амаль з 90-працэнтнай упэўненасцю казаць, што адным з іх будзе Таццяна Караткевіч. Улада ацаніла яе «прыстойнасць» і, як зможа, так і аддзячыць «прыстойную» жанчыну. Яе прысутнасць у парламенце будзе пададзена Захаду як дасягненне беларускай дэмакратыі.
REGNUM (Расія)
Палітолагі мяркуюць, што аўтарытэт Ватыкана можа дапамагчы Мінску наладзіць адносіны з Захадам. Аднак, нягледзячы на вялікую гісторыю дыпламатычных адносін і сімвалічную ролю Ватыкана, у Святога прастола і свецкіх урадаў розныя механізмы ўзаемадзеяння з палітычнымі рэжымамі кшталту цяперашняга беларускага. Ватыкан — дакладна не моцны гулец у сусветнай палітыцы (паколькі ў яго няма ніякіх рычагоў уздзеяння ні на беларускі рэжым, ні на ўлады краін Захаду), але, магчыма, гэта адзіная апора для Беларусі ў дадзены момант.
«Deutsche Welle» (Германія)
Візіт Папы Францыска на берагі Нёмана — цалкам рэальная перспектыва. Але проста назіраць за працэсам — для Украіны самы дурны варыянт. А вось стымуляваць, падтрымліваць і думаць, як выкарыстоўваць рэсурс народнай (дый не толькі) дыпламатыі — гэта ўжо іншая размова. Без маштабных выдаткаў (на якія ў краіны папросту няма грошай) Кіеў можа дамагчыся змены грамадскай думкі на сваю карысць на сумежных тэрыторыях. А цяпер, па меншай меры, украінскаму МЗС варта хоць бы скончыць справу з прызначэннем пасла ў Мінску. Бо атрымліваецца весела: рабочыя групы перамоўшчыкаў засядаюць там, краіна залежыць ад беларускіх паставак паліва, аб’ёмы гандлю ўражваюць, кажуць пра будучыню палітычнага супрацоўніцтва ў рэгіёне. І на фоне гэтага пасла як не было, так і няма.
«Хвиля» (Украіна)
Беларуская АЭС можа апынуцца непрадуманым рашэннем. Аднак Бацька не сумуе. Паводле яго слоў, лішняя энергія спатрэбіцца самой Беларусі. На яго думку, ужо цяпер пры ўводзе ў працу новых аб’ектаў, жылля, неабходна прадугледжваць больш шырокае выкарыстанне электраэнергіі. І кіраўніка не бянтэжыць, што, калі рэалізоўваць гэтыя планы, спатрэбіцца маштабная мадэрнізацыя ўсёй энергасістэмы краіны, а на гэта патрэбныя гіганцкія сродкі. Магчыма, таму што «апошні дыктатар Еўропы» ведае: грошы заўсёды можна папрасіць у брацкай Расіі.
«Энергетика и промышленность России» (Расія)
У Ватыкана ёсць свой інтарэс у Беларусі — размовы аб падпісанні канкардату (пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Касцёлам) упарта хадзілі напярэдадні мінулага візіту Лукашэнкі. Святому прастолу неабходна пашыраць уплыў Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, і зараз даволі зручны момант для гэтага. Балансуючы паміж Усходам і Захадам, Лукашэнка балансуе і паміж дзвюма Цэрквамі. Дарэчы, эксперты не выключаюць, што візіт Папы Рымскага ў Беларусь усё ж такі адбудзецца.
«Независимая газета» (Расія)