«Маршыруй, дзетка!» 180 тысяч выпадкаў хатняга гвалту фіксуецца штогод!
У панядзелак, 8 кастрычніка, удзельнікі і ўдзельніцы суполкі ў фэйсбуку «Маршыруй, дзетка!» сабраліся ў мінскай галерэі «Ў», каб абмеркаваць адхілены кіраўніком краіны закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту і ўвогуле праблемы, звязаныя з гэтай тэмай.
Распавядаем пра сустрэчу ў пытаннях і адказах.
Дык з якой нагоды збіраліся?
Выбух грамадскай свядомасці Беларусі адбыўся 5 кастрычніка, у пятніцу, калі кіраўнік Беларусі жорстка раскрытыкаваў законапраект аб супрацьдзеянні хатняму гвалту з прыкладамі з уласнай сям’і. «Гэта ўсё дурасць, узятая перш за ўсё з Захаду», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Беларуская грамадскасць адрэагавала імгненна. Адразу ж у сацыяльных сетках пачаўся флэшмоб: людзі пачалі дзяліцца гісторыямі пра гвалт з уласнага жыцця. У той жа вечар, як рэакцыя на словы Лукашэнкі, была створана закрытая суполка ў фэйсбуку «Маршыруй, дзетка!», якая за суткі сабрала каля тысячы сябраў. На дадзены момант у ёй налічваецца больш за 1700 чалавек.
На выходных невядомыя ў мінскім парку Горкага правялі акцыю. Там была развешана акрываўленая жаночая бялізна з надпісамі «Міліцыя цябе не абароніць», «Кожнае чацвёртае жаночае самагубства ў РБ — наступства гвалту ў сям’і», «#традыцыйная сям’я» і г.д.
Стала зразумела: у неабыякавых людзей існуе неабходнасць сустрэчы, каб падзяліцца думкамі і ідэямі на гэты конт. Ці проста выказацца па балючай тэме. Таму стваральнікі суполкі «Маршыруй, дзетка!» вырашылі паспрабаваць арганізаваць такую сустрэчу. У выніку атрымаўся велізарны водгук: неабыякавых людзей сабралася амаль поўная заля.
Цікава, што ў гэты ж дзень у Камітэце па правам чалавека ААН праходзіла абмеркаванне, дзе афіцыйны прадстаўнік Беларусі адзначыў, што ў дадзены момант згодна з Нацыянальным планам падрыхтавана і ўнесена канцэпцыя закона аб хатнім гвалце. Пры гэтым прадстаўнік урадавай дэлегацыі ніяк не ўзгадаў пазіцыю кіраўніка краіны.
Таксама трэба адзначыць, што ў Міністэрства ўнутраных справаў ад працоўнай групы была накіравана толькі канцэпцыя, якая не змяшчала канкрэтных нормаў. На сустрэчы адна з яе аўтарак Ірына Альхоўка адзначыла, што не вядома, у якім выглядзе канцэпцыя законапраекта трапіла ў Адміністрацыю прэзідэнта. Няма інфармацыі, ці ўносілі ў яе нейкія змены і дапаўненні.
Чаму дзеючага беларускага заканадаўства недастаткова?
У Беларусі існуе Закон «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», які змяшчае некаторыя палажэнні пра гвалт у сям'і. Але, як адзначыла сябра Нацыянальнай рады ў гендэрнай палітыцы Ірына Альхоўка, гэты закон перш за ўсё мае праваахоўчы характар і быў створаны для органаў унутраных спраў.
«Характар закона не дазваляе казаць аб хатнім гвалце як аб сур’ёзнай сацыяльнай крыміналагічнай праблеме», — падкрэслівае аўтарка канцэпцыі.
Зараз, каб атрымаць абарону ад хатняга гвалту трэба, каб чалавека прызналі ахвярай два разы за адзін каляндарны год. І толькі ў такім выпадку агрэсару будзе вынесена афіцыйнае папярэджанне і ахоўнае прадпісанне.
«Гэта даволі абсурдная і неэфектыўная мера, з чым згадзілася і МУС», — пракаментавала такі прававы механізм Ірына Альхоўка. То бок, ужо ўсе прыйшлі да высновы, што існуючыя прававыя палажэнні не працуюць.
Экспертка адзначала і іншыя недахопы дзеючага беларускага заканадаўства. Прыняцце закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту запоўніла б існуючыя прававыя прабелы. Напрыклад, канцэпцыя прадугледжвала механізм абароны правоў пацярпелых ад гвалту, эканамічнага гвалту, гвалту ад былых супругаў, а таксама ацэнкі рызыкі, тэрапіі і іншыя.
Закон аб хатнім гвалце існуе ва ўсіх постсавецкіх краінах, акрамя Беларусі і Расіі.
А практыка з гэтым не спраўляецца?
Праблема ў тым, што на практыцы ў адносінах да пытання гвалту існуюць «двайныя стандарты». Калі гвалт здзейсніў нейкі старонні чалавек, то хутчэй за ўсё ён панясе адказнасць. Калі ж гвалт адбыўся дома ад блізкага чалавека — наўрад ці.
У МУС штогод фіксуюцца 180 тысяч інцыдэнтаў хатняга гвалту, але з іх толькі 50% агрэсараў будуць прыцягнутыя да адказнасці. Трэба ўлічваць яшчэ тое, што ў гэтым пытанні вялікая латэнтнасць. Ахвяры баяцца звяртацца ў праваахоўныя органы.
У поўнай меры немагчыма і зразумець маштабы праблемы хатняга гвалту ў Беларусі. Незразумела, што ў краіне лічыцца інцыдэнтам: толькі зарэгістраваны выпадкі хатняга гвалту ў юрыдычнай сістэме ці вынікі сацыялагічных даследаванняў. Гэта не дазваляе выпрацаваць у поўнай меры эфектыўныя механізмы супрацьдзеяння хатняму гвалту.
У Беларусі мінімальна праводзіцца праца па прафілактыцы хатняга гвалту. Участковыя, калі прыходзяць у сям’ю па Дэкрэту №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем'ях», не праводзяць ніякіх выхаваўчых мер. Як адзначаюць эксперты, «калі за 3 хвіліны задаецца 15 пытанняў, то наўрад ці можна рэальна ацаніць рызыкі пагрозы». То бок, нават на практыцы ў выкананні законаў узнікае шмат праблем.
Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту будзе абараняць толькі дзяцей?
Тое, што закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту будзе абараняць толькі дзяцей, — адзін з распаўсюджаных стэрэатыпаў. У колах праціўнікаў гэтай канцэпцыі ён вядомы як «закон аб плескачах». Але насамрэч канцэпцыя накіравана на ўсіх суб’ектаў. То бок, ён будзе распаўсюджвацца на ўсіх, незалежна ад узросту.
Якія канкрэтныя дзеянні былі прапанаваны?
Кожны чалавек на гэтай сустрэчы выступаў экспертам і эксперткай, прапаноўваючы ідэі, сыходзячы з уласнага досведу. З прапановамі выступілі каля 30 чалавек.
Вольга Гарбунова, стваральніца першага ў Беларусі прытулку для ахвяраў хатняга гвалту ГА «Радзіслава», адзначыла, што ў напрамку супрацьдзеяння хатняму гвалту трэба рухацца маленькімі, але ўпэўненымі крокамі.
Таццяна Караткевіч, актывістка ГА «Гавары праўду», выказалася, што трэба больш распавядаць людзям аб альтэрнатыўных метадах выхавання дзяцей: «Калі не пляскач, то што?» Яна прапанавала паспрабаваць арганізаваць публічныя парламенцкія слуханні з анлайн-трансляцыяй для ўсіх жадаючых. Такіх слуханняў у Беларусі за ўсю гісторыю было толькі некалькі. Таццяна Караткевіч адзначыла, што пры гэтым можна праводзіць грамадскія слуханні з прэзентацыяй канцэпцыі, робячы націск на рэгіёны.
Аналітык Вадзім Мажэйка падкрэсліў, што праблема, у тым ліку распрацоўкі дадзенай канцэпцыі, хаваецца непасрэдна ў пытаннях камунікацыі. Трэба падыходзіць больш прафесійна, напрыклад, прыцягваць піар-агентаў і спецыялістаў па камунікацыі. Гэта адзначыла і сама Ірына Альхоўка. Яна зазначыла, што насамрэч не хапае патэнцыялу прафесіянальных юрыстаў, псіхолагаў. Вадзім Мажэйка таксама заўважыў, што вялікую ўвагу трэба надаць навучанню супрацоўнікаў міліцыі і органаў, якія будуць адказныя за выкананне гэтага закона.
Дырэктарка цэнтра па прасоўванні правоў жанчын «Яе правы» Аляксандра Дзікан адзначыла, што трэба любымі шляхамі паказваць уладзе, што ў Беларусі ёсць група, якая лічыць важным прыняцце закона аб хатнім гвалце: «Трэба публічна супрацьстаяць ідэалогіі, што «біць — можна і трэба».
«Яе правы» рыхтуе адпаведную петыцыю, якую хутка запусцяць. Прысутныя ўжо ўчора былі гатовыя падпісацца пад ёй. Была абмеркавана ідэя арганізацыі легальнага марша, то бок непасрэднае публічнае выказванне сваёй пазіцыі.
На сустрэчы прысутнічалі і тыя, хто лічыў, што прыняцце спецыялізаванага закона не вырашыць існуючыя ў грамадстве праблемы. На іх думку, яго прыняцце адначасна не зменіць «традыцыйныя сямейныя каштоўнасці» і не абароніць ад гвалту. Напрыклад, актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў адзначыў, што перш за ўсё трэба працаваць на прадухіленне хатняга гвалту, а не з яго наступствамі, выказваючы ідэю курсаў па самаабароне. «Трэба не перакладаць адказнасць на МУС, а самім браць адказнасць за працу з агрэссарам», — адзначыў актывіст.
Гэта далёка не ўсе прапановы, якія былі агучаны на сустрэчы — іх дзесяткі. Усе вельмі важныя, бо перш наперш, накіраваны на працу з грамадскай думкай. Насамрэч, у беларускай грамадскасці ёсць усе шанцы такімі маленькімі крокамі прыйсці да стварэння спрыяльнага прававога поля па супрацьдзеянні хатняму гвалту, якое рэальна будзе працаваць.
#stophateby