Мастак, які ўзнавіў крыж Ефрасінні Полацкай: «Часам прабачэнне азначае абыякавасць»

Жыхар Брэста Мікалай Кузьміч, як кажа сам: на баку сіл дабра супраць зла, цемры і жорсткасці.

0f8eedc45d8ef7230e9d3.png

— Ніякага прабачэння быць не можа — кажа суразмоўца «Салідарнасці», разважаючы аб дзеяннях сілавікоў у нядаўні час. — Гэтыя людзі, хто такое зрабіў, павінны панесці пакаранне. Ведаеце, краіна, якая перажыла жахі нацысцкай акупацыі, зноў сутыкнулася з падобнымі праявамі, толькі ад сваіх жа.
Па расказах знаёмых і незнаёмых людзей я ўяўляў жудасную карціну таго, што адбывалася ў аўтазаках і міліцэйскіх засценках. Проста здзекаваліся. Хапалі маладых не таму, што тыя былі вінаватыя, а таму, што быў загад — маладых выставіць завадатарамі. Мабыць, хацелі правучыць — адразу ўдарыць так, каб усё заціхла, і ніхто не адважваўся больш нічога сказаць.
Людзей, якіх сустракаў на акцыях пратэстаў і салідарнасці, мастак называе, у асноўным, светлымі.
— Яны хочуць дабра для сваёй краіны. Яны не сапсаваныя ўладай і гэтай мярзотай, якая лезе цяпер адусюль, у тым ліку з экранаў тэлевізара, дзе суцэльная падмена паняццяў. Чорнае называюць белым, белае чорным. А моладзь — яна іншая. Яе цяжка падмануць. Практычна немагчыма. Іх не закансервуеш ў часе. І гэта радуе.
Мікалай Кузьміч лічыць, што зло нельга дараваць:
— Ведаеце, я шмат думаў над гэтым. І вось да якой высновы прыйшоў. У праваслаўнай традыцыі ёсць такая ўстаноўка «бог даруе». Дараваць, вядома, можна, іншы раз нават трэба. Але ёсць, на мой погляд, тонкая мяжа, за якой прабачэнне азначае абыякавасць, што вядзе да памнажэння зла.


Мікалай Кузьміч, мастак-ювелір, адрадзіў тэхніку старажытнавізантыйскай перагародчатай эмалі XII стагоддзя. Уваходзіць у пяцёрку лепшых майстроў у свеце, якія працуюць ва ўнікальнай тэхніцы гарачых эмаляў. Аўтар рэканструкцыі нацыянальнай святыні Беларусі-Крыжа Еўфрасінні Полацкай і сярэбранай ракі нятленных мошчаў святой.
Узначальвае Брэсцкае аддзяленне Саюза мастакоў. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне». Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.


Паводле telegra.ph