Мастак Зміцер Шапавалаў — лаўрэат прэміі імя Вацлава Ластоўскага за 2015 год
Графік-баталіст Зміцер Шапавалаў стаў лаўрэатам прэміі імя Вацлава Ластоўскага за 2015 год.
Прамаўляе Зміцер Шапавалаў
Уручэнне гэтай пачэснай узнагароды Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага адбылося вечарам 11 лютага ў Мінску, у кнігарні “Галіяфы”. Лаўрэат атрымаў адмысловы дыплом за подпісам старшыні таварыства, доктара гістарычных навук прафесара Георгія Штыхава, медаль і каштоўны падарунак.
Зміцер Шапавалаў адзначаны прэміяй за мастацкае ўвасабленне вайсковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага XIII–XVII стагоддзяў.
Як зазначыў графік, гэтай тэмай ён займаецца апошнія тры гады пры дапамозе вядомага беларускага даследчыка, доктара гістарычных навук Юрася Бохана. Спадар Зміцер мяркуе стварыць вялікае выданне, у якое ўвойдуць каля 300 рэпрадукцый ягонай батальнай графікі з тэкстамі Юрася Бохана, у тым ліку сцэны з вайсковага жыцця, вайсковыя строі, асобныя постаці, узоры ўзбраенняў, парады, баталіі і паразы. На думку графіка, вайсковае мінулае ВКЛ уяўляе сабой вялікае поле працы для беларускіх мастакоў, бо апроч Яўгена Куліка, Віктара Сташчанюка, Міколы Купавы і Паўла Татарнікава амаль ніхто сур’ёзна не займаўся распрацоўкай гэтай складанай тэмы, якая патрабуе добрага ведання гісторыі айчыннай вайсковай.думкі.
Навуковы сакратар грамадскага Інстытута беларускай гісторыі і культуры, зарэгістраванага ў Рызе (Латвія), прафесар Анатоль Тарас выказаў задавальненне, што дзякуючы працы Змітра Шапавалава вайсковае мінулае ВКЛ урэшце атрымае дэталёвае мастацкае ўвасабленне, як гэта зроблена ў графіцы, жывапісе, скульптуры і кнігавыдавецтве краінаў-суседзяў, у тым ліку Польшчы і Расіі.
Віктар Яўмененка і Анатоль Тарас уручаюць прэмію Змітру Шапавалаву
Навукоўца нагадаў, што раней прэміямі імя Вацлава Ластоўскага былі адзначаныя старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч і рэдактар сайта “Гістарычная праўда”, кандыдат гістарычных навук, журналіст “Новага часу” Ігар Мельнікаў.
Затым Анатоль Тарас прадставіў новыя выданні інстытута, у тым ліку пяць кніжачак з серыі “Сто выдатных дзеячаў беларускай культуры”, прысвечаных жыццю і творчасці патрыярха беларускага нацыянальнага адраджэння Браніслава Эпімах-Шыпілы, аднаго з першых беларускага краязнаўцаў Адама Кіркора, заснавальнікаў беларускай археалогіі і музеязнаўства, братоў Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў, класіка нацыянальнай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і кампазітара Яўгена Глебава. Іх аўтары, адпаведна, — Алесь Марціновіч і Уладзімер Арлоў.
Анатоль Тарас выказаў спадзяванне, што ў сакавіку пабачаць свет яшчэ пяць новых кніжачак з гэтай серыі, і яна дасягне сваёй паловы — 50 з 100 выданняў.
Апроч таго, інстытут перавыдаў знакаміты твор Сяргея Пясецкага “Записки офицера Красной Армии”, у якім ад імя пехацінца, малодшага лейтэнанта Мішкі Зубава цікава і з гумарам распавядаецца пра гістарычныя падзеі, што мелі месца на Беларусі з 17 верасня 1939-га па 1 студзеня 1945-га.
Пабачыў свет і чарговы — 16-ы нумар дайджэста публікацый беларускай гісторыі, альманаха “Дзяды”, які адкрываецца шэрагам артыкулаў пад агульным назовам “Святлана Алексіевіч — наша гордасць і слава”.
Дырэктар ІБГІК, магістр эканомікі Віктар Яўмененка паведаміў, што па праекту жывапісца Алеся Цыркунова і разьбяра па дрэве Юрася Камандзірчыка падрыхтаваны пяціметровы дубовы мемарыяльны крыж у гонар Вацлава Ластоўскага, які днямі будзе ўсталяваны ў ваколіцах Мінска. Прычым усім удзельнікам адкрыцця гэтага памятнага знака будуць уручаныя кніжачкі пра Вацлава Ластоўскага з серыі “Сто выдатных дзеячаў беларускай культуры”.