Месяц пратэстаў у Акадэміі навук: погляд знутры

Калі актыўнасць па нядзелях толькі нарастае, то ў будні агульнагарадскія акцыі і пратэставая дзейнасць на асобных прадпрыемствах быццам бы згортваюцца. Ці так гэта на самай справе? Паглядзім на прыкладзе Акадэміі навук.

16.08_akademija_na_ahulnanacyjanalnym_marszy_logo.jpg

Акадэмія на агульнанацыянальным маршы, 16 жніўня 2020 года
Першыя дакладныя звесткі аб пратэстах паходзяць з Інстытута фізікі. 12 жніўня супрацоўнікі выйшлі ў фае з плакатамі «Спыніце гвалт!» і з надпісамі ў падтрымку нацыянальнай забастоўкі. Акцыя доўжылася з 8.30 да 10 гадзін ранку і выклікала дужа нервовую рэакцыю адміністрацыі. Потым быў складзены зварот навуковай супольнасці супраць гвалту і за вызваленне палітзняволеных. Яго падпісалі 2727 чалавек, з іх каля тысячы — супрацоўнікі Акадэміі навук, астатнія — з іншых даследчых і навучальных устаноў. У Акадэміі прыкладна 16 тысяч работнікаў, палова з якіх — навукоўцы. То-бок зварот адлюстроўвае пазіцыю 12% даследчыкаў з Акадэміі навук.

З 13 жніўня штодня ў абед супрацоўнікі Акадэміі навук выходзілі на ланцугі салідарнасці да прэзідыума ўстановы. Гэтыя акцыі знервавалі адміністрацыю яшчэ больш. Пачаліся «прафілактычныя гутаркі» з асобнымі работнікамі, пагрозы звальненнямі. Цяпер дакладна вядома пра двух чалавек, звольненых з Акадэміі навук за выказванне грамадзянскай пазіцыі.

Агульнае фота ля прэзідыума. 17 жніўня 2020 года

Агульнае фота ля прэзідыума. 17 жніўня 2020 года


27 жніўня ля прэзідыума людзі ў цывільным з аўтобуса без нумароў спрабавалі затрымаць удзельнікаў ланцуга салідарнасці. Тады пратэстоўцы вырашылі памяняць фармат акцый, і 28 жніўня зладзілі «дзень лазні»: шэсце па праспекце Незалежнасці з ручнікамі, венікамі і ў лямцавых шапачках. Удзельнікі неслі плакаты «Не адмыешся!», «Чыстая навука», «Ідзіце ў лазню!», «Мы на чыстым баку», спрабуючы паказаць, што ўлады забрудзілі сябе гвалтам і рэпрэсіямі.

Чамусьці крэатыў раз’юшыў адміністрацыю яшчэ больш. Стала вядома, што ў Інстытуце генетыкі супрацоўнікаў прымушаюць пісаць заявы на звальненне па ўласным жаданні. Тады вырашылі зладзіць акцыю салідарнасці ля гэтай установы, і 31 жніўня прыйшлі з плакатамі «Рэпрэсіі ў нас у генах?», «Рукі прэч ад генетыкаў!», «Мы будзем прыходзіць штодня, пакуль рэпрэсіі не спыняцца». Неўзабаве пасля акцыі стала вядома, што заяву супрацоўніцы Інстытута генетыкі не падпісалі, яна застаецца на працы. Праўда, праз пару дзён усё ж звольнілася іншая работніца той жа ўстановы, якая рэгулярна ўдзельнічала ў ланцугах салідарнасці: проста не змагла працаваць у цяжкой атмасферы.

Акцыя ля Інстытута генетыкі. 31 жніўня 2020 года

Акцыя ля Інстытута генетыкі. 31 жніўня 2020 года

У акадэмічных вулічных акцыях удзельнічала ўсё менш людзей, і стала зразумела, што трэба неяк мяняць фармат. Сваю задачу як супольнасці навукоўцы бачаць у выпрацоўцы агульнай пазіцыі па актуальных пытаннях у краіне, і каб кіраўніцтва Акадэміі выступіла з гэтай пазіцыяй. Гэта магло б стаць арыенцірам для ўсяго грамадства, сімвалічным крокам: Акадэмія навук прааналізавала сітуацыю і заклікае да дзеянняў. Да таго ж, прэцэдэнтам стала б тое, што дзяржаўная арганізацыя выказала сваё меркаванне: мы бачым мала такіх выпадкаў.

Кожную нядзелю калона ад Акадэміі навук удзельнічала ў агульнанацыянальных маршах. Аналітычная група канала «Наша навуковае меркаванне» прыйшла да высноў, што ў гарадскіх акцыях гатовы браць удзел больш людзей, чым у лакальных акадэмічных. Магчыма, гэта звязана з тым, што там лягчэй захаваць ананімнасць, меншая верагоднасць рэпрэсій.

Аналітычная група таксама ацаніла стаўленне навукоўцаў да ідэі забастоўкі. Меркаванні падзяліліся прыкладна напалову. Гэта аналітыкі тлумачаць наступным чынам:

• навукоўцам у Беларусі вельмі складана знайсці працу па-за дзяржаўнымі арганізацыямі;

• шмат супрацоўнікаў прывязана да службовага жытла: інтэрнату ці комплексу «Магістр»;

• забастоўка навукоўцаў не мае эканамічнай сілы, бо навука не прыносіць дзяржаве заўважнага прыбытку. Штаты навуковых устаноў у апошнія гады скарачаюць, і дзяржава можа сабе дазволіць скараціць тысячы людзей у адзін момант.

Акадэмічную акцыю «Дзень лазні» прыходзіла падтрымаць Таццяна Вадалажская, кандыдат сацыялагічных навук і кіраўнік праекта «Лятучы ўніверсітэт». Мы папрасілі яе ацаніць эфектыўнасць мірных пратэстаў у Беларусі ўвогуле і ў Акадэміі навук у прыватнасці.

Тацяна Вадалажская на акцыі Дзень лазні. 28 жніўня 2020 года.

Тацяна Вадалажская на акцыі Дзень лазні. 28 жніўня 2020 года.


Даследчыца лічыць: «Пратэсты, што ідуць цяпер, беспрэцэдэнтныя па ўсім: па масавасці, па працягласці, па геаграфічным ахопе. І яшчэ, што важна, па ўключанасці самых розных сацыяльных, прафесійных і ўзроставых груп. Іх эфектыўнасць вельмі высокая. Што можа пратэст? Зрабіць бачнай пазіцыю грамадзян і паказаць сілу ўпэўненасці ў гэтай пазіцыі. Нашы пратэсты ўсё гэта робяць. Яны нясуць абсалютна зразумелы і агульны месадж (непрызнанне выбараў, патрабаванне аб вызваленні вязняў і прыцягненні да адказнасці за гвалт). Людзі паказалі, што яны нязменна прыхільныя гэтай пазіцыі і гатовыя далей яе адстойваць. 

Але сам грамадскі пратэст — гэта толькі частка агульнага грамадска-палітычнага працэсу. І менавіта палітычная частка пакуль «адстае», то-бок выхад супрацьстаяння ад дэманстрацыі пазіцыі да перамоваў па выхадзе з крызісу. Пратэст ёсць умовай такога пераходу і развязання крызісу, і пакуль ён добра выконвае сваю функцыю. Асабліва калі ўлічыць пашырэнне і змену фарматаў дзеяння пратэстоўцаў, высокі ўзровень салідарнасці і падтрымкі. Калі казаць, чаго зараз не хапае, то падвышэння легітымнасці Каардынацыйнай рады, якая можа выступаць ад імя грамадзян на палітычным узроўні.  

Змест зваротаў

Змест зваротаў


Гатоўнасць да забастоўкі

Гатоўнасць да забастоўкі


Навукоўцы, якія актыўна ўключыліся ў пратэст, — гэта вельмі добры паказчык інклюзіўнасці грамадскага дзеяння. Мэты і ідэі пратэсту адны на ўсіх грамадзян: чыгуначнікаў, студэнтаў, медыкаў, спартоўцаў, рабочых, бізнесоўцаў і навукоўцаў. То-бок няма падзелу ні па маёмасных прыкметах, ні па ладзе жыцця. Але пры гэтым навукоўцы ў гэтай сітуацыі маюць і сваё асаблівае месца. Не сакрэт, што ад самага пачатку цяперашняга рэжыму менавіта сектар навукі і адукацыі вельмі моцна «стэрылізаваўся»: звальнялі людзей з выразнай грамадскай пазіцыяй, з крытычным мысленнем. А потым і самі інстытуты мыслення падпарадкавалі патрэбам дзяржавы, а не прынцыпам нармальнага развіцця навукі. Была скасаваная выбарнасць рэктароў і кіраўнікоў акадэміі, скасаваная аўтаномія думкі ад ідэалогіі. І сёння пратэсты навукоўцаў паказваюць, што нягледзячы на тое, што адбывалася больш за 20 гадоў у сферы, там засталося жывое зерне. 

Працэсы, якія цяпер ідуць у Акадэміі, звязаны з вяртаннем аўтаноміі і ўсталяваннем стасункаў унутры супольнасці, яны даюць дарогу мысленню, а не падпарадкаванню. Таму гэтыя пратэсты важныя не толькі для актуальнага моманту, але і для будучыні. Бо без нармальнай інтэлектуальнай сферы грамадства не можа нармальна развівацца».

Фота Алены Ляшкевіч

Інфаграфіка канала «Наша навуковае меркаванне»