«Мінгардаведка»: пры далейшым складанні Карты Госця выкарыстаем беларускую мову
Унітарнае прадпрыемства «Мінгардаведка» адказала на зварот грамадзян аб выкарыстанні беларускай мовы ў сваёй прадукцыі. Інфармацыяй пра гэта падзяліўся юрыст Ігар Случак, прадстаўнік ініцыятывы «Умовы для мовы».

Ігар Случак
Ігар Случак, прадстаўнік ініцыятывы «Умовы для мовы», атрымаў адказ на зварот аб выкарыстанні беларускай мовы ад УП «Мінгардаведка». Зварот тычыўся адсутнасці выкарыстання беларускай мовы ў прадукцыі прадпрыемства, у прыватнасці, адсутнасці беларускай мовы ў назвах аб'ектаў Карты Госця. Транслітэрацыя назваў на англійскую мову на гэтай карце была зроблена з рускай мовы.
Карта Госця — гэта дыскантная карта наведвання музеяў. Да таго ж, ёсць Карта Госця на ўсю Беларусь — гэта больш за 1000 аб'ектаў па ўсёй Рэспубліцы: музеі, крамы, аграсядзібы, пракат аўтамабіляў і ровараў, базы адпачынку і санаторыі, гасцініцы і гатэлі, кафэ і рэстараны, забавы і медыцынскія ўстановы.
У адказе «Мінгардаведка» выказала гатоўнасць выкарыстоўваць беларускую мову надалей пры складанні альбо перавыданні картаграфічнай прадукцыі. «Удзячныя вам за ўвагу да дзейнасці нашага прадпрыемства і прыносім выбачэнні за дастаўленыя нязручнасці», — піша «Мінгардаведка».


Адказ "Мінгардаведкі"
Ініцыятыва «Умовы для мовы» займаецца пашырэннем ужывання беларускай мовы ў розных сфеах (бізнес, спорт, дзяржаўная служба, заканадаўства і справаводства, адукацыя, вонкавае асяроддзе і г.д.). Дзякуючы ініцыятыве таксама быў створаны сайт umovy.by (разам з Каталогам беларускамоўных бізнесаў і паслугаў СВАЕ), дзе кожны можа паглядзе парада, інструкцыі, вытрымкі з заканадаўства, прыклады зваротаў, каб беларускай мовы вакол нас стала больш.
Паводле прэс-рэліза