Мінгарсуд не задаволіў калектыўную скаргу праваабронцаў па справе Алены Танкачовай

Мінскі гарадскі суд разглядзеў скаргу беларускіх праваабаронцаў на адмову суда Цэнтрального района Мінска ў задавальненні скаргі на дзеянні Міністэрства ўнутранных спраў.

tankachova_6.jpg


Праваабаронцы яшчэ ў ліпені 2017 года звярталіся ў МУС з калектыўным зваротам аб скарачэнні тэрміну забароны ўезду ў Беларусь для Алены Танкачовай і выключэнню яе са спісу асобаў, якім уезд у краіну забаронены. Аднак МУС пакінуў зварот без разгляду, спаслаўшыся на тое, што грамадзяне не прадставілі даверанасць ад імя Танкачовай. Праваабаронцы не пагадзіліся з такім рашэннем і накіравалі скаргу ў суд Цэнтральнага раёна з просьбай прызнаць адказ МУС не заснаваным на законе і адмяніць яго, а таксама прымусіць яго разглядзець калектыўны зварот і скараціць тэрмін забароны ўезду для Танкачовай. Суд жа прыняў бок МУС і адмовіў у задавальненні скаргі на падставе таго, што заяўнікамі ў звароце пастаўлена пытанне пра правы А. Танкачовай без прадастаўлення адпаведнай даверанасці.
Пры звароце ў Мінскі гарадскі суд юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка сярод іншых праваабаронцаў адзначаў, што ніхто з заяўнікоў не з’яўляўся прадстаўніком Алены Танкачовай, а пры падачы звароту кіраваўся асабістымі публічна-прававымі інтарэсамі.
“Мой грамадскі інтарэс заключаўся ў тым, што Алена Танкачова з’яўляецца прызнаным міжнародным экспертам у галіне правоў чалавека, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, рэалізоўвала праграмы ў сацыяльнай і прававой вобласцях, у галіне культуры і дабрачыннасці. Па майму меркаванню, яе знаходжанне на тэрыторыі Беларусі прыносіць карысць беларускаму грамадству”, — пісаў у скарзе ў суд Павел Сапелка.Праваабаронца прасіў рашэнне суду Цэнтральнага раёна Мінска адмяніць і вынесці новае рашэнне, якім усё ж прынудзіць МУС разглядзець калектыўны зварот заяўнікоў па сутнасці.
Аднак, 21 снежня ў Мінскім гарадскім судзе суддзі Алена Семак, Сакалова, Наталля Песенка не прыслухаліся да довадаў праваабаронцаў і вырашылі адмовіць ім у задавальненні скаргі, прызнаўшы дзеянні і МУС, і суда Цэнтральнага раёна законнымі, піша spring96.org.
Нагадаем, 5 лістапада 2014 года Першамайскі РУУС Мінска прадпісаў Алене Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь, забараніўшы ёй наведваць краіну ў бліжэйшыя тры гады.
Алена Танкачова з'яўляецца грамадзянскай Расіі, але пражывае ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут нерухомасць і да высылкі — пастаянную працу. На працягу 20 гадоў яна і ўзначальваемы ёй Цэнтр прававой трансфармацыі аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. Падставай для рашэння ўладаў сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі.
Алена Танкачова звязвае дэпартацыю са сваёй праваабарончай дзейнасцю. Яна аплаціла ўсе штрафы і тройчы падавала заявы ў МУС на датэрміновае вяртанне, але кожны раз ёй адмаўлялі.