Міністэрства юстыцыі падало ў суд пазоў аб ліквідацыі ГА БНФ «Адраджэнне»

У Вярхоўным Судзе Беларусі распачатая справа па пазове Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэнне». Падрыхтоўчая сустрэча бакоў па справе прызначаная на 20 жніўня.

razmova_20_zniunja.jpg


Грамадскае аб’яднанне БНФ «Адраджэнне» — адно з найстарэйшых грамадска-палітычных аб’яднанняў Беларусі. Заснаваная ў 1988 годзе на пасяджэнні Аргкамітэта БНФ у Мінску, арганізацыя была зарэгістраваная як агульнанацыянальнае грамадскае аб’яднанне ў 1991 годзе, да 1999 года мела назву Белорусский Народный Фронт «Адраджэнне» (назва была змененая, калі было забаронена ўжываць у назвах грамадскіх аб’яднанняў тэрмін «народны»). Аб’яднанне структурна-юрыдычна адасобленае ад Партыі БНФ, хоць склад кіраўніцтва палітычнай партыі і руху з’яўляецца ідэнтычным: абедзве арганізацыі ўзначальвае старшыня Рыгор Кастусёў, які цяпер знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ, супадае і склад Сойму як кіруючага органа.

Як паведаміў намеснік старшыні БНФ Вадзім Саранчукоў, які выконвае абавязкі кіраўніка грамадскага аб’яднання падчас зняволення старшыні, падставай для пазова аб ліквідацыі пазначанае невыкананне патрабаванняў пісьмовага папярэджання, якое, як высветлілася, было вынесенае на адрас грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэнне» 14 ліпеня.

Нагадаем, менавіта 14 ліпеня сілавікі выламалі дзверы ў сядзібе БНФ, дзе месцяцца аргструктуры Партыі БНФ і грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэнне». Гэты напад стаўся часткай рэйду праваахоўных органаў, які ў той дзень віраваў па арганізацыях грамадзянскай супольнасці Беларусі. Пасля гэтага офіс БНФ быў апячатаны Следчым камітэтам і супрацоўнікі арганізацыіі не мелі доступу да яе дакументаў.

Як кажа намеснік старшыні партыі і руху БНФ Вадзім Саранчукоў, у арганізацыі разглядаюць пазоў аб ліквідацыі грамадскай структуры БНФ як частку абвешчанай уладамі кампаніі зачысткі грамадзянскай супольнасці:

— Апошні год БНФ жыве ў стане перманентных праверак з боку рэгіструючых органаў — правяраюць як цэнтральную арганізацыю, так і мясцовыя аргструктуры. Калі з высокіх трыбун прагучалі заклікі да вынішчэння арганізацый грамадзянскай супольнасці, атрыманне пазова аб ліквідацыі БНФ было толькі пытаннем часу. Падкрэслю, што пакуль гаворка не вядзецца аб ліквідацыі Партыі БНФ — пададзены іск аб ліквідацыі толькі руху, грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэнне».

Фактычныя падставы для ліквідацыі выглядаюць сумнеўна: быццам бы арганізацыя не выканала патрабаванні пісьмовага папярэджання, якое было вынесенае у той час калі сілавікі выносілі маёмасць і дакументы з сядзібы БНФ у Мінску на вуліцы Чарнышэўскага. Натуральна, ніякага папярэджання мы не атрымлівалі, калі яно нават і было дасланае, — адпаведна, і юрыдычныя падставы для ліквідацыі арганізацыі адсутнічаюць.

Паводле статута, грамадскае аб’яднанне БНФ «Адраджэнне» — гэта дабраахвотнае аб’яднанне грамадзян у рух за рэалізацыю грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў. Мэтай руху ёсць пабудова дэмакратычнага грамадства і дэмакратычнай прававой дзяржавы, адраджэнне беларускай нацыі на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму, развіццё культуры карэннай нацыянальнасці ды ўсіх нацыянальных супольнасцей на Беларусі. Справаздача аб дзейнасці аб’яднання за 2020 год апублікаваная ў газеце «Наша Слова» № 4 ад 24 лютага 2021 года. Паводле яе, на ўліку БНФ «Адраджэнне» знаходзяцца 2059 сябраў, аб’яднанне мае 20 зарэгістраваных і пастаўленых на ўлік арганізацыйных структур, у тым ліку Мінскую гарадскую арганізацыю і 4 абласныя арганізацыі, 10 раённых і 5 гарадскіх аддзяленняў.

Паводле прэс-службы Партыі БНФ