Вадзім Саранчукоў: Ідзе зачыстка грамадзянскай супольнасці
Улады Беларусі, а дакладней Міністэрства юстыцыі ініцыюе ліквідацыю аб’яднання БНФ «Адраджэнне».
Справу ліквідацыі БНФ каментуе «Радыё Рацыя» выконваючы абавязкі старшыні арганізацыі Вадзім Саранчукоў:
— Гэта частка планавай кампаніі па зачышчэнні любой актыўнасці, якая ёсць. Прад’яўляюць пэўныя прэтэнзіі, але насамрэч усе гэтыя прэтэнзіі базуюцца не на законе. «Часам не да законаў» — і ўсе дзеянні дзяржапарата з гэтым супадаюць.
Паводле слоў палітыка прадстаўнікі арганізацыі нават фізічна не могуць выканаць розныя патрабаванні:
— Да нас былі патрабаванні самага рознага кшталту: прадстаўляць розныя дакументы, агульныя спісы сябраў. Ясна, што гэта патрабаванні невыканальныя. Апошнія паперы якія прыходзілі згодна з гэтым лістом, што мы атрымалі ўчора, прыходзілі акурат нібыта ў дзень вобшукаў у офісе арганізацыі. У нас забралі ўсе дакументы. Ясна, што ніякіх тлумачэнняў мы фізічна не маглі атрымаць.
Падрыхтоўчая сустрэча бакоў па справе ліквідацыі грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэнне» прызначаная на 20 жніўня ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь.