Міністэрствы і выканкамы не лічаць патрэбным пераносіць грамадскія абмеркаванні ў гарадах з-за каронавіруса
Чыноўнікі не знаходзяць падставаў для адмены грамадскіх абмеркаванняў падчас пандэміі.
10 красавіка 20 грамадскіх арганізацый звярнуліся ў Савет Міністраў, Мінархітэктуры і Мінпрыроды з просьбай адкласці правядзенне грамадскіх абмеркаванняў горадабудаўнічых і экалагічна значных праектаў да нармалізацыі сітуацыі з распаўсюдам каронавіруса COVID-19.
Ва ўмовах пандэміі многія грамадзяне, у адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, імкнуцца абмяжоўваць свае сацыяльныя кантакты і стараюцца не наведваць грамадскія месцы і мерапрыемствы.
«Гэта істотна абмяжоўвае магчымасці грамадзян для азнаямлення з матэрыяламі грамадскіх абмеркаванняў і выказвання свайго меркавання ў адносінах да абмяркоўваемых праектаў, а такім чынам вядзе да абмежавання магчымасці рэалізацыі іх правоў на ўдзел у прыняцці рашэнняў і доступу да інфармацыі. Ствараецца сітуацыя, калі рашэнні будуць прыняты без уліку меркавання і патрэбаў людзей, што ў будучыні, пасля нармалізацыі сітуацыі, будзе прыводзіць да канфліктаў пры рэалізацыі праектаў», — адзначала дырэктарка ГА «Экадом» Марына Дубіна.
Праз месяц актывісты атрымалі адказы на свае калектыўныя звароты:
Савет Міністраў не стаў разглядаць калектыўны зварот і перанакіраваў яго для разгляду ў Мінархітэктуры і Мінпрыроды. Мінархітэктуры адзначыла, што «мясцовыя выканкамы маюць дастаткова паўнамоцтваў для самастойнага прыняцця рашэнняў зыходзячы з эпідэміялагічнага становішча і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя пры абавязковым інфармаванні ўдзельнікаў грамадскіх абмеркаванняў аб прынятых рашэннях».
Мінпрыроды патлумачыла, што арганізатар грамадскіх абмеркаванняў можа працягваць тэрмін грамадскіх абмеркаванняў, не парушаючы пры гэтым заканадаўства. А таксама патлумачыла, што «правядзенне сходаў у фармаце відэаканферэнцый абмяжуе права на ўдзел у іх грамадзян, якія не маюць неабходных тэхнічных і іншых умоў, што будзе супярэчыць заканадаўству».
Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама паведаміў, што "у цяперашні час прапрацоўваюцца пытанні правядзення грамадскіх абмеркаванняў з улікам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя".
Адміністрацыя Партызанскага раёна Мінска паведаміла, што падстаў для адмены правядзення абмеркавання і сходу не бачыць, а пры правядзенні сходу ў межах грамадскіх абмеркаванняў «заказчыкам будзе забяспечана магчымасць апрацоўкі рук прысутных антысептыкам, а таксама захаванне неабходнай дыстанцыі паміж удзельнікамі сходу».
Адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска інфармацыю аб прыпыненні грамадскіх абмеркаванняў у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй прыняла да ведама.
Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Менску лічыць, што «ў цяперашні час прычын для прыпынення (адмены) грамадскіх абмеркаванняў не маецца».
У сваю чаргу жа Мінскі райвыканкам паведаміў, што праводзіцца грамадскае абмеркаванне па архітэктурна-планіровачных канцэпцыям аб'ектаў будаўніцтва будзе праведзена. Аднак прыпыніў працэдуру грамадскага абмеркавання справаздачы аб АУНА і перанёс сход да наступу спрыяльнага перыяду. А таксама прыпыніў арганізацыю новых грамадскіх абмеркаванняў да нармалізацыі сітуацыі.
Нагадаем, што ў адпаведнасці з лістом Міністэрства аховы здароўя ад 2020/04/04 № 7-19 / 6000 «Аб правядзенні мерапрыемстваў па прафілактыцы інфекцыі COVID-19» у мэтах мінімізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджвання вірусных інфекцый прадугледжана рэкамендацыя адкласці правядзенне мерапрыемстваў, якія прадугледжваюць масавы ўдзел грамадзянаў, да стабілізацыі эпідэміялагічнага становішча ў свеце, а таксама Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе без патрэбы не выходзіць з дому.
Прадстаўнікі Экадому і Міжнароднага грамадскага аб'яднання эколагаў лічаць недапушчальным самаўхіленне Савета Міністраў, Мінпрыроды і Мінархітэктуры ад ўзяцця на сябе адказнасці за прыняцце рашэння аб пераносе грамадскіх абмеркаванняў, бо мясцовыя выканкамы не ў стане прыняць адэкватных мер, а сваімі дзеяннямі, праводзячы грамадскія абмеркаванні і сходу, ставяць пад пагрозу здароўе насельніцтва і абмяжоўваюць правы грамадзян на ўдзел у прыняцці рашэнняў па экалагічных і архітэктурным пытаннях.
Паводле Зялёнага партала