Мінюст адмаўляецца ўзяць на сябе пенітэнцыярную сістэму
Міністэрства юстыцыі лічыць заўчасным прымаць рашэнне аб перадачы пенітэнцыярнай сістэмы ад органаў унутраных справаў у падпарадкаванне Мінюсту. Пра гэта 17 лютага заявіў кіраўнік галоўнага юрыдычнага ведамства краіны Алег Сліжэўскі.
Па словах міністра юстыцыі, гэтае пытанне з’яўляецца прадметам вывучэння міжведамаснай групы, яно разглядалася на пасяджэнні камісіі па судовых і прававых пытаннях пры прэзідэнце. “На сёння пакуль прынята пазіцыя пра заўчаснасць прыняцця такога рашэння. Разам з тым, я не выключаю, што гэтае пытанне ў перспектыве можа быць зноў узнятае”, — сказаў чыноўнік.
Як вядома, пытанне пра перадачу пенітэнцыярнай сістэмы ад міністэрства ўнутраных справаў да міністэрства юстыцыі не аднойчы ўздымалі юрысты і праваабаронцы. Але, як бачым, безвынікова. Пракаментаваць сітуацыю і канкрэтна пазіцыю Мінюста “Новы Час” папрасіў юрыста зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзіміра Лабковіча.
Па-першае, адзначае суразмоўца, кантроль цывільнага міністэрства, якім фармальна з’яўляецца міністэрства юстыцыі, над пенітэнцыярнай сістэмай — гэта агульна прынятая практыка ў большасці дэмакратычных краінаў. У нас атрымліваецца, што супрацоўнікі міліцыі, то бок, міністэрства ўнутраных справаў спачатку вядзе пераслед чалавека і следства, а потым само ж выконвае і пакаранне, што, безумоўна, спрыяе негуманным адносінам да асуджаных, мяркуе эксперт.
“Мы назіраем у нас у Беларусі, што дэпартамент выканання пакаранняў і ў прынцыпе ўся пенітэнцыярная сістэма скіраваны на рэпрэсіі рознага кшталту, на парушэнне правоў тых асуджаных, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах”, — падкрэслівае Уладзімір Лабковіч.
Гэтае рашэнне Мінюста мае больш палітычны, чым эканамічны характар, упэўнены юрыст. “Уся беларуская сістэма накіравана на тое, каб чалавека пакараць. Наша сістэма пакарання, пазбаўлення волі збудавана такім чынам, што не дасягае той мэты, якая прапісаная ў Крымінальным кодэксе, — гэта выхаванне чалавека і яго наступная рэадаптацыя ў соцыюм, у звычайнае жыццё. Таму ў нас такія высокія рэцыдывы, бо ўся гэтая сістэма пабудавана на гвалце і прымусе над чалавекам”, — канстатуе праваабаронца.
На думку эксперта, гэта частка палітычнае культуры, што склалася ў краіне. “Гэта вынікае з таго, што кажа Лукашэнка наконт смяротнага пакарання, наконт таго, што трэба павялічыць яго прымяненне, увесці ў тыя артыкулы крымінальнага кодэкса, дзе смяротнае пакаранне адсутнічае. З такой логікай у нас і ўсталявалася такая фактычна сталінская сістэма, якая была пабудаваная яшчэ ў часы ГУЛАГу, яна і зараз прымяняецца ў нашай пенітэнцыярнай сістэме. Гэта і стварэнне асобных турмаў для асобаў, якія асуджаны за наркатрафік, дзе, як сказаў Лукашэнка, яны б смерці прасілі. А ў нашых варунках гэта наўпроставая ўстаноўка на парушэнне іх правоў і законных інтарэсаў, на ўтрыманне іх у нялюдскіх умовах. Ці тая сістэма ЛПП, якая існуе ў нас зараз. Таму ў гэтай сітуацыі лагічна, чаму наша пенітэнцыярная сістэма знаходзіцца ў руках сілавога блоку”, — рэзюмуе Уладзімір Лабковіч.