У Маладзечне прадставілі «Заходнебеларускую Атлантыду 1921-1941 гг.»

Аўтар кнігі, кандыдат гістарычных навук і наш журналіст Ігар Мельнікаў расказаў прысутным пра тое, як вялася праца над выданнем і што новага ў ім можа знайсці чытач.



Мерапрыемства адбылося ў памяшканні маладзечанскага адзялення «Таварыства беларускай мовы». 
Вялікую цікавасць гасцей прэзентацыі выклікала слайд-шоў з архіўных фотаздымкаў і матэрыялаў, якія знаходзяцца ў прыватнай калекцыі гісторыка.
Акрамя гэтага даследчык распавёў пра аднайменную выставу, якую ён планаваў правесці ў Заслаўі ў верасні 2014 года і якую па распараджэнні абласнога ідэолага зачынілі праз некалькі дзён пасля адкрыцця.
Сярод тэм, якія выклікалі дыскусію падчас прэзентацыі была роля Юзафа Пілсудскага ў гісторыі Беларусі. Па меркаванні Ігара Мельнікава, аналізуючы гэтую гістарычную асобу не трэба забываць пра федэралісцкую канцэпцыю «начальніка польскай дзяржавы». Справа ў тым, што Пілсудскі першапачаткова імкнуўся даць магчымасць беларусам і ўкраінцам стварыць свае дзяржавы, няхай і звязаныя палітычна і эканамічна з Другой Рэччу Паспалітай. Аднак, у сакавіку 1921 года ў Рызе перамагла «інкарпарацыйная канцэпцыя» Рамана Дмоўскага, накіраваная на асіміляцыю ўсходніх ускраін міжваеннай Польшчы. Таксама неадназначна трэба ўспрымаць і падзеі 17 верасня 1939 года. З аднаго боку, безумоўна, пазітыўным фактам для беларусаў з’яўляецца ўз’яднанне іх этнічных тэрыторый у межах адной дзяржавы. Але з другога боку, не трэба забываць пра сталінскія рэпрэсіі і дэпартацыі, якімі суправаджаўся працэс «уз’яднання».
Аўтара прыемна ўразіла, што яго кнігай зацікавіўся беларус, які зараз жыве ў французскай Тулузе (кнігу набыў яго бацька), а таксама жыхар Вільні, які спецыяльна прыехаў на прэзентацыю ў Маладзечна.
Нагадаем, што «Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941 гг.» раней была прадстаўлена ў Мінску, Сохачэве і Варшаве. Зараз плануецца, што Ігар Мельнікаў прадставіць сваю працу ў Брэсце.