Мінкульт пагадзіўся на аднаўленне касцёла Святога Антонія ў Віцебску

Пра атрыманую згоду на аднаўленне аднаго з самых славутых храмаў Віцебска журналістам паведаміў віцебскі біскуп Алег Буткевіч.



kascel.jpg

Касцёл Святога Антонія (справа) на адным з малюнкаў Напалеона Орды

«Міністэрства культуры ўжо выказала згоду на тое, каб касцёл быў адбудаваны на гістарычным месцы. Справа вяртання будынка патрабуе згоды ўладаў, і зараз мы робім усё магчымае, каб гэты праект мог прайьці на самым вышэйшым узроўні. І мы ўвесь час жывем гэтай надзеяй і молімся аб тым, каб гэты прыгожы храм зноў знайшоў сваё месца там, дзе калісьці стаяў», — сказаў кіраўнік дыяцэзіі падчас традыцыйнай каляднай сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ.

Касцёл Святога Антонія Падуанскага размяшчаўся, паводле цяперашняй гарадской тапаграфіі, насупраць ратушы — на другім баку вуліцы Леніна. Калісьці гэты касцёл адыграў вельмі значную ролю ў станаўленні архітэктурнага аблічча цэнтра гораду. У 1742 годзе Тэкля-Ганна Агінская, жонка віцебскага ваяводы, падпісала кантракт на яго пабудову са знакамітым італьянскім архітэктарам Юзэфам Фантана. Пасля гэтага ён назаўжды перасяліўся ў Віцебск і стварыў тут яшчэ некалькі архітэктурных шэдэўраў. У 1768 г. касцёл быў асвечаны ў імя Святога Антонія. У 1843 г. касцёл стаў парафіяльным і дзейнічаў да 1920-х гадоў. У часы савецкай улады касцёл зачынілі. Былі спробы прыстасаваць яго пад дзяржаўныя патрэбы — перадаць медычнаму ўніверсітэту, некалькі год тут працаў «Музей атэізму», дзе захоўваліся мошчы Ефрасінні Полацкай. Будынак пацярпеў у гады другой сусветнай вайны і быў канчаткова зруйнаваны ў 1961-м годзе.

Паводле адмыслоўцаў, адноўлены касцёл мае завяршыць рэканструкцыю гістарычнага аблічча Ратушнай плошчы. Адзіная праблема, якую згадваюць праціўнікі аднаўлення — гэта звужэнне праезджай часткі: фасад касцёла на некалькі метраў выступаў за межы цяперашняй гарадской магістралі. Тым не менш, вернікі-каталікі не пакідаюць надзеі дасягнуць кансенсусу з уладамі. І ўжо пачалі збіраць грошы на аднаўленне помніка архітэктуры. Паводле папярэдніх разлікаў, на аднаўленне спатрэбіцца больш за 2 мільёны доараў.

У Віцебску ёсць парафія Святога Антонія. Для яе патрэбаў быў набыты будынак былога Дома культуры таварыства глуханямых па вуліцы Гагарына. Але гэта хутчэй культурна-рэлігійны цэнтр, а не ўласна храм, лічыць біскуп Алег Буткевіч. Гістарычную назву святыні, на ягоную думку, можа займець ужо адбудаваны касцёл.

На перадкаляднай сустрэчы з журналістамі біскуп таксама распавёў, што зараз у дыяцэзіі праводзіцца інвентарызацыя нерухомасці — сакральных будынкаў, жылых дамоў ці памяшканняў. Гэта робіцца, каб «аб’ектыўна ацаніць матэрыяльнае становішча дыяцэзіі», паведаляе Радыё Свабода.

Згадаў біскуп Алег Буткевіч і яшчэ адну навіну, усцешлівую для аматараў гісторыі Віцебску. Заступніцтва грамадскасці горада спыніла знішчэнне помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя — былой капліцы Дуніных-Слепсцяў на тэрыторыі батанічнага саду. Зараз вядзецца пра перавод капліцы ва ўласнасць рыма-каталіцкага Касцёлу: ідуць перамовы на гэты конт з гарадскімі ўладамі і кіраўніцтвам Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсітэта, якому будынак належыць.