Мiнск-сіці: «панэлькі» замест хмарачосаў
Маштабны праект пагражае стаць самым грандыёзным даўгабудам у гісторыі сучаснай Беларусі.

Самая грандыёзная будоўля краіны - так у 2008 журналісты называлі праект узвядзення дзелавога цэнтра «Мінск-Сіці» ў раёне аэрапорта «Мінск-1». Годам раней аб
укладанні $5 млрд у будаўніцтва дзелавога цэнтра, які не мае аналагаў у Беларусі, заявіла расійская кампанія «Ітэра».
Праект на самой справе ўражваў. На плошчы ў 318 га, вызваленай ад аэрапорта «Мінск-1» і некалькіх прамысловых аб'ектаў, да 2020 года павінны былі ўзвесці больш за 3 млн
кв. м жылля, 3 гасцініцы, 9 дзіцячых садкоў і 7 школ, офісны комплекс плошчай 550 тыс. кв. м, гандлёва-забаўляльны комплекс. Дамінантай «Мінск-Сіці» павінен быў стаць 300-метровы
хмарачос «Бусел» у 80 паверхаў. Усяго планавалася збудаванне каля 20 вышынных будынкаў.


Такімі былі першыя праекты «Мінск-Сіці»
Але гэта ўсё было ў праектах. Тое, у-ва што амбіцыйны план ператварыўся ў рэальнасці, абмаляваў Лукашэнка на апошняй нарадзе па пытаннях будаўніцтва на тэрыторыі Мінскай вобласці жылых раёнаў
для жыхароў Мінска: «Той, хто прапануе лепшыя ўмовы, той і павінен асвойваць гэтую тэрыторыю. Колькі можна там боўтацца».
Лукашэнка не ўпершыню выказвае незадаволенасць з нагоды «Мінск-Сіці». У 2011 годзе ён таксама казаў пра тое, што трэба перадаваць «праект тым, хто сёння ў стане
будаваць».
«Шчыра кажучы, ужо нават непрыстойна абмяркоўваць гэту праблему на ўзроўні прэзідэнта. Яна ўзнікае не першы раз», - заяўляў тады Лукашэнка.
У студзені 2012-га Лукашэнка распавёў СМІ пра гатоўнасць перадаць чарговую «будоўлю стагоддзя» ў рукі кітайцаў, а праз месяц пазбавіў «Ітэру» статусу
стратэгічнага інвестара «у сувязі з немагчымасцю рэалізацыі інвестарам ва ўстаноўленыя тэрміны інвестыцыйнага праекта». З пачатку яго ажыццяўлення ў 2009 годзе кампаніяй было
асвоена толькі каля 0,5% інвестыцыйных сродкаў.
Насуперак абяцанню стварыць элітны комплекс, інвестар пачаў забудоўваць участак бюджэтнымі панэльнымі дамамі, якія нічым не адрозніваюцца ад жылых будынкаў спальных раёнаў сталіцы. Пра
80-павярховы хмарачос на той момант ужо стараліся не ўспамінаць.

Замест хмарачосаў і элітнага жылля - панэльныя дамы
У сярэдзіне 2012-га, разабраўшыся з «Ітэрай», улады заявілі пра магчымасць прыцягнення ў якасці інвестара расійскай кампаніі «Інтэка» сумесна з
«Бінбанкам».
У 2013-м Мінгарвыканкам аб'явіў міжнародны конкурс на архітэктурна-горадабудаўнічую канцэпцыю забудовы «Мінск-Сіці». У ім узялі ўдзел дзевяць работ, прадстаўленых
праектнымі групамі з ЗША, Вялікабрытаніі і Беларусі.

Праз шэсць гадоў праекты забудовы «Мінск-Сіці» сталі больш сціплымі
Характэрна, што большасць з іх адмовілася ад праектавання хмарачосаў. Тэрміны здачы конкурсных работ неаднаразова пераносіліся. У выніку ні адзін з праектаў не перамог. На дадзены момант
канцэпцыя забудовы комплексу не зацверджана.
Салiдарнасць