Мінскія ўлады хочуць пазбавіць «Мінск Свет» наземнага грамадскага транспарту. Вось чаму гэта дрэнна

Мінскі «Дубай», вядомы блага прыстасаванай для чалавека гарадской планіроўкай, набывае багата шкодных рысаў свайго арабскага натхняльніка. Праз хуткае адкрыццё новых станцыі трэцяй лініі метро ўлады вырашылі скасаваць дзеючыя наземныя транспартныя злучэнні з цэнтрам горада. Паглядзелі, што на гэты конт думаюць мінчукі і непасрэдна жыхары ЖК.

vokladka_125.jpg

«Сталічны транспарт і сувязь» прадставіў праект змяненняў маршрутаў наземнага грамадскага транспарту ў сувязі з падаўжэннем трэцяй лініі метро да станцый «Аэрадромная», «Немаршанскі сад» і «Слуцкі гасцінец». Дзве з іх збудаваныя на тэрыторыі жылога комплексу «Мінск Свет», што размясціўся на месцы былога сталічнага аэрапорта.

Нагадаем, апошнім разам меркаванай датай адкрыцця другой чаргі Зеленалужскай лініі ўлады называлі 7 лістапада 2024 года. Раней завяршэнне будаўніцтва неаднаразова пераносілася, але цяпер, зыходзячы з бягучага стану на пляцоўках, метрабудаўнікі паспяваюць скончыць узвядзенне аб’екта ў тэрмін.

Згодна з праектам змянення транспартных маршрутаў, прапануецца поўнае скасаванне аўтобусных маршрутаў №45 і №53, а таксама тралейбуснага маршрута №43. Усе яны злучаюць «Мінск Свет» з дыспетчарскай станцыяй «Дружная», то-бок з чыгуначным і цэнтральным аўтобусным вакзаламі. 

Пасля адкрыцця новых станцый метро даехаць ад станцыі «Аэрадромная» да вакзала можна будзе за некалькі хвілін. Здавалася б, усё выдатна, але ёсць пэўная загваздка — «Мінск Свет» дужа вялікі і ў ім існуюць іншыя кварталы.

Трэцяя лінія метро праходзіць пад вуліцай Жукоўскага і новым праспектам Міру, у той час як раней згаданыя маршруты грамадскага транспарту перавозілі пасажыраў ад будынка старога аэрапорта. Такім чынам, замест прамых кароткіх злучэнняў з вакзалам жыхары прылеглых шматпавярховак атрымалі працяглы маршрут з перасадкай на метро.

Стары аэрапорт

Стары аэрапорт

На першы погляд, нічога крытычнага не адбылося, але ўявім два шляхі жыхара заходняй часткі «Мінск Свету» да адкрыцця «камфортнага» метро і пасля.

Раней пасажыру было дастаткова паглядзець расклад руху з кватэры, выйсці на прыпынак, сесці на аўтобус — і праз 8 хвілін ён на вакзале. Пасля адкрыцця метро жыхару спатрэбіцца ад 12 хвілін пешшу або ад 5 хвілін на транспарце, каб дабрацца толькі да «Аэрадромнай». Далей неабходна спусціцца ў метро, што значна ўскладняе перасоўванне людзей з абмежаванымі магчымасцямі, праблемамі са здароўем, пасажыраў з дзіцячымі каляскамі. Пасля трэба дачакацца цягніка: згодна з інфармацыяй на афіцыйным сайце Мінскага метрапалітэна, інтэрвал руху на трэцяй лініі ў пікавыя часы складае 8 хвілін, а ў іншыя — ад 12 да 22 хвілін. Увесь гэты час чалавек наўпрост стаіць на платформе і нікуды не рухаецца.

Эскалатар на станцыі «Аэрадромная»

Эскалатар на станцыі «Аэрадромная»

У выніку пасажыр атрымлівае доўгі нязручны маршрут без наземнай альтэрнатывы. Таксама варта дадаць у скарбонку мінусаў неабходнасць аплачваць праезд два разы альбо набываць праязны на дадатковы від транспарту.

Але ж найбольш цікавая сітуацыя адбываецца на буйной магістралі лейтэнанта Кіжаватава.

Праз закрыццё раней згаданых аўтобусных маршрутаў №45 і №53, а таксама змяненне тралейбуснага маршрута №51 дзве суседнія станцыі метро «Немаршанскі сад» і «Слуцкі гасцінец» застануцца без наземных злучэнняў. Усе прыгарадныя аўтобусы будуць прыбываць не ў цэнтр, а на канечную станцыю «Слуцкі гасцінец», дзе пасажыраў плануюць «заганяць пад зямлю», у метро.

Вуліца лейтэнанта Кіжаватава. Фота: Onliner

Вуліца лейтэнанта Кіжаватава. Фота: Onliner

На прапанавай схеме застаецца адзін гарадскі экспрэс-маршрут, які робіць толькі два рэйсы на дзень, таму можна канстатаваць, што вуліцу лейтэнанта Кіжаватава хочуць цалкам пазбавіць наземнага транспарту.

Такое новаўвядзенне для Мінска стане ўнікальным, бо на ўсіх астатніх участках сталічнага метро ёсць дублюючы перагон аўтобус ці тралейбус. Гэта бязглуздзіца не толькі з пункту гледжання ўрбаністыкі і нязручнасці для гараджан, але і рэагавання на пазаштатныя сітуацыі.

Ці зможа Мінсктранс хутка зрэагаваць і накіраваць дастатковую колькасць рэзервовага транспарту ў выпадку задымлення, спынення метро ці іншага надзвычайнага становішча пад зямлёй?

 Мінчукі і непасрэдна жыхары жылога комплексу актыўна дзеляцца думкамі што да прапанаваных зменаў у руху транспарту. Людзі скардзяцца на скасаванне і без таго малалікіх маршрутаў з працяглымі інтэрваламі і забітымі аўтобусамі.

 «І наогул, увесь транспарт засяроджаны на Аэрадромнай і Міколы Тэслы! У нас жа — незаселеная выспа, няма прыпынкаў ні на Белградскай ні на Міхася Савіцкага, а квартал вельмі вялікі. І вы прапануеце яшчэ больш яго ізаляваць… Метро, вядома, добра, але яно нашмат далей і не зручней чым прыпынак пад домам», — піша карыстальніца на старонцы «Сталічны транспарт і сувязь». 

«Прагуляцца да бліжэйшага прыпынку прапануеце?! Я віяланчэлістка, і на працу езджу з інструментам! Ведаеце, неяк не вельмі хочацца гуляць з ім па 10-15 хвілін да бліжэйшага прыпынку!!! І пры чым тут метро?! У каго такая логіка, што ўвесь транспарт наземны трэба да метро пусціць? Навошта??!?! Там і так ёсць метро! Раён велізарны, транспарту не хапае, жудасна забіты абсалютна заўсёды, і замест таго, каб пусціць яго часцей, вы яго адмяняеце і пускаеце па іншых маршрутах?!», — скардзіцца мінчучка. 

«У нас найбліжэйшы прыпынак да дома — Рыжская. Увесь транспарт на ёй — выратаванне, і да вакзала можна даехаць (53, 45) і да цэнтра (73) і да чырвонай веткі метро (59). Дадзеная змена — поўнае ўшчамленне людзей квартала Паўночная Амерыка», — панікуюць жыхары жылога комплекса. 

«Вельмі нязручныя транспартныя зносіны з 11 музычнай школай. Больш за кіламетр дзіцяці праз двары трэба з “Мінск Свету” ісці да музычнай школы, калі ехаць на 84 і 124 аўтобусе. Дзеці маленькія, бацькі не могуць увесь час суправаджаць з-за працы. Многія адмаўляюцца ад школы з-за таго, што з “Мінск Свету” туды вельмі нязручна дабірацца», — калектыўна просяць не скасоўваць маршруты бацькі вучняў.

Таксама да ўладаў звяртаюцца і пенсіянеры, якія жывуць у «Мінск Свеце».

 Жахі «Мінск Свету»

 Жахі «Мінск Свету»

На гэтую гісторыю можна было б і не звярнуць увагі, калі б не адно але.

Прыхільнікі забудовы «Dana Holding» апраўдвалі ўсе недахопы найбуйнейшага беларускага градабудаўнічага злачынства зручным транспартным злучэннем з цэнтрам горада і зручным жыццём «у цэнтры падзей». Цяпер, насуперак сваім уяўленням аб паляпшэнні транспартнага становішча з адкрыццём метро, жыхары «Мінск Свету» атрымалі вялізны плявок у твар ад мінскіх уладаў. 

Бо навошта звяртаць увагу на «незаселеную выспу», калі па тэлевізары парыў урачыстых святкаванняў на праспекце Міра?