Мытня на траіх

Днямі ў Мінску адбылося пасяджэнне Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС, у якім прынялі ўдзел прэм’ер-міністр Казахстана Таір Мансураў, прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін і іх беларускі калега Міхаіл Мясніковіч. Адначасова правялі нараду сябры Савета міністраў так званай Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, Пуцін сустрэўся з Лукашэнкам.

Днямі ў Мінску адбылося пасяджэнне Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС, у якім прынялі ўдзел прэм’ер-міністр Казахстана Таір Мансураў, прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін і іх беларускі калега Міхаіл Мясніковіч. Адначасова правялі нараду сябры Савета міністраў так званай Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, Пуцін сустрэўся з Лукашэнкам.
Такая колькасць мерапрыемстваў на маленькай пляцоўцы ў абмежаваныя тэрміны сведчыць пра пільную патрэбу абмеркаваць нейкія гарачыя праблемы ў іх звязку з паслявыбарнай беларускай рэальнасцю. Як заявіў Уладзімір Пуцін, гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Расіяй і Беларуссю паспяхова развіваюцца, а Лукашэнка застаецца паслядоўным прыхільнікам інтэграцыі на постсавецкай прасторы.
Хітом напачатку новага палітычнага цыкла Лукашэнкі пастараліся зрабіць адзіную эканамічную прастору (АЭП) і Мытны саюз Расіі, Казахстана і Беларусі, дзякуючы якім ствараюцца дадатковыя магчымасці росту эканомік краін і падвышэння іх канкурэнтаздольнасці.
Калі бачыш такое аднадушша, так і хочацца крыкнуць — брава! Але, памятаючы пра цесны звяз паміж каштоўнасцямі і барацьбой за інтарэсы, жаданне радавацца знікае. Ніколі не трэба верыць тым, хто абяцае ўсяго многа, па таннай цане, а то і задарма.
Прыкладам, была калісьці самая вялікая ў свеце адзіная эканамічная прастора пад назвай СССР. На ёй розных рэсурсаў было незлічона. Як некалі казалі ў школе, уся табліца Мендзялеева! Прычым не ўсяго па троху, а ўсяго вельмі многа. Эканоміка СССР лічылася самадастатковай. Працуй сабе, падвышай прадукцыйнасць да неабмежаваных вяршыняў камунізму.
У выніку атрымалася Верхняя Вольта з ракетамі — самая неэфектыўная эканоміка з усіх вялікіх і ўжо нават сярэдніх краін. Прыкладам, у 1950-я гады савецкая эканоміка была значна мацнейшай за японскую, а ў 1990-х — слабейшай за паўднёвакарэйскую. І не толькі.
А дабра было... Прыкладам, у 1965 годзе еўрапейскім сацкраінам перагналі па сімвалічных коштах (увогуле, па бартэру) 8 мільёнаў тон нафты, у 1975 годзе — 50 мільёнаў, напачатку 1980-х гадоў агульны памер нафтавых паставак дасягнуў 508 мільёнаў тон. Адзначым, што на гэтыя гады прыпадае знакаміты энергетычны крызіс, дзякуючы якому сусветныя кошты на нафту ў некалькі разоў павысіліся.
Увогуле, усім, хто браў танныя савецкія рэсурсы, урэшце давялося плаціць вельмі вялікую цану. Фактычна, эканомікі ўсіх сацыялістычных краін збанкрутавалі, як і эканомікі ўсіх саюзных рэспублік СССР. Канкурэнтаздольнасць эканомікі праяўляецца толькі ў параўнанні з іншымі. А ў гэтым сэнсе ніводнай з сацкраін, ніводнай з брацкіх рэспублік пахваліцца не было чым.
Усеагульнае жаданне спажываць эканамічныя даброты пры цалкам размытай працоўнай матывацыі прывяло СССР да абсалютнай страты канкурэнтаздольнасці.
Дваццаць гадоў з таго часу мінула, многа перамен адбылося. Расія пазбавілася большай часткі сваёй неэфектыўнай прамысловасці, зменшыла ўнутранае спажыванне рэсурсаў і, дзякуючы кан’юнктуры, падвысіла канкурэнтаздольнасць коштам іх маштабнага экспарту. Казахстан мае на продаж і сыравіну, і энерганосьбіты, і хлеб. Ён таксама падвысіў сваю канкурэнтаздольнасць. А Беларусь, наадварот, страціла па ўсіх паказчыках. Яе прамысловасць, некалі адносна развітая, не атрымала далейшага развіцця. Яна імпартуе неабходныя для вытворчасці рэсурсы па цане прадаўца, а прадае па цане пакупніка. Прычым пакупніком выступаюць адны і тыя ж асобы — вытворцы рэсурсаў з Расіі і Казахстана. У структуры гандлю Беларусь амаль не мае пазіцый, па якіх мелася б дадатнае сальда ў гандлі з іншымі краінамі.
Словы Пуціна пра паспяховыя чыннікі ў нашых адносінах — гэта натуральны здзек. З беларускіх журналістаў і прэзідэнта. У студзені Пуцін зрабіў з ім усё, што хацеў. Па-першае, зацягнуў перамовы аб параметрах пастаўкі нафты, і беларускія нафтаперапрацоўшчыкі працавалі напаўсілы. Таму экспарт скараціўся на 13,1%. А экспарт у «далёкае замежжа» ўвогуле склаў меней 60% ад памеру студзеня 2010 года. Наадварот, імпарт адтуль, мяркую, дзякуючы пастаўкам венесуэльскай нафты, павысіўся ў 2 разы.
У выніку ў студзені 2011 года Беларусь атрымала адмоўнае сальда ў памеры 903 мільёна долараў і ў 344 (!) разы перавысіла адмоўнае сальда студзеня 2010 года. На мове рэпрэсіўнай педагогікі гэта гучыць так: «Знайсці вінаватых і паказальна пакараць». Як, прыкладам, Тузіка, які, не дачакаўшыся прагулкі, зрабіў патрэбу на гаспадынін дыванок. З іншага боку, і правільна. Пасябраваў з Чавесам, дык не выстаўляй яго дуляй пад нос людзям аўтарытэтным.
З гэтага пункту гледжання так яно і ёсць, мытны саюз трох склаўся, і склаўся ўдала. Для дваіх — Расіі і Казахстана, якія маюць аднатыпныя эканомікі, гэта значыць магчымасці і патрэбу ў інтэграцыі. Для нас жа Казахстан застаецца тэра інкогніта, ад існавання або неіснавання якой амаль нічога ў беларускіх рэаліях не залежыць. Прыкладам, за студзень Беларусь прадала тавараў Казахстану на 26,9 мільёна долараў і купіла на 14,1 мільёна долараў. Для не вельмі вялікай фірмы ці прыватнай асобы грошы вялізныя, для краіны — драбяза. Як не пніся, не разбагацееш, але і значных страт не атрымаеш.
Іншая справа — Расія. У студзені яна так «нахіліла» Лукашэнку, што ён ужо стаў на калені. І таму паабяцала крэдыты. А ў нагрузку навязала АЭС, каб загрузіць расійскіх атамшчыкаў, якія пасля падзей у Японіі рызыкуюць увогуле застацца без заказчыкаў.
Як той казаў, куды фіга, туды і дым.