Мітрапаліта Кандрусевіча памежнікі не ўпускаюць у Беларусь
Галаву каталіцкага касцёла Беларусі, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, беларускія памежнікі не ўпускаюць у Беларусь, стала вядома Свабодзе. Іерарх вяртаўся дадому з Польшчы.
«Я знаходжуся на пераходзе ў Кузніцы Беластоцкай, мяне не пусцілі, — сказаў Свабодзе мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч па тэлефоне з польскім нумарам. — Потым будзе заява. Пакуль нічога больш сказаць не магу».
Мітрапаліт Кандрусевіч з'яўляецца грамадзянінам Беларусі.
Прадстаўнік памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі заявіў Свабодзе, што пакуль не гатовы пракаментаваць сітуацыю.
«На дадзены момант ніякай інфармацыі я вам прадаставіць не магу і пракаментаваць таксама не магу».
Начальнік Дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун таксама адмовіўся каментаваць сітуацыю:
«Я пакуль нічога не ведаю і вельмі заняты», — сказаў карэспандэнту Свабоды палкоўнік Бягун.
Прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касцёлу айцец Юры Санько паведаміў Свабодзе, што мітрапаліт Кандрусевіч вяртаўся з Польшчы, ён знаходзіўся там тыдзень на адпачынку:
«Тое, што здарылася на мяжы, яму зусім незразумела, яму там ніяк не патлумачылі прычыны такіх дзеянняў. Я з ім у кантакце, ён чакае цяпер на мяжы, на стан здароўя не скардзіцца, хоць нядаўна ён перанёс аперацыю і рэабілітацыю. Кандрусевіч з'яўляецца грамадзянінам Беларусі. Мы тут у Беларусі спрабуем цяпер разабрацца ў гэтай сітуацыі».
Чаму адмова ва ўездзе мітрапаліту Кандрусевічу мае такое значэнне? Вось што на гэты конт піша Наша Ніва:
Па-першае, закон не дазваляе адмаўляць ва ўездзе грамадзяніну Беларусі. Калі такое пачне практыкавацца, гэта будзе азначаць яшчэ адно адступленне ад норм законнасці.
Па-другое, гэта азначае новы віток ціску дзяржавы на адну з рэлігійных арганізацый. Мы ўсё далей ад дыялогу.
Нагадаем, што мітрапаліт Кандрусевіч цвёрда, але тактоўна і стрымана крытыкаваў фальсіфікацыі на выбарах і парушэнні законнасці ў Беларусі. У прыватнасці, ён асудзіў называнне палітычных праціўнікаў «адшчапенцамі» і заявіў, што так называць іншадумцаў нядобра.
***
Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 г. у мястэчку Адэльск непадалёк ад Гродна. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Гродзенскага педагагічнага інстытута, з 1964 года працягваў навучанне на энергамашынабудаўнічым факультэце Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які ў 1970 г. скончыў на «выдатна» і атрымаў дыплом інжынера-механіка. Працаваў інжынерам на заводзе шліфавальных станкоў у Вільні.
У 1976 г. паступіў у Духоўную семінарыю ў Каўнасе, якую скончыў у 1981 г. і 31 мая таго ж года прыняў святарскае пасвячэнне. З 1981 па 1988 г. нёс святарскае служэнне ў розных парафіях на Віленшчыне.
13 лютага 1988 г. быў прызначаны пробашчам гродзенскіх парафій Маці Божай Анёльскай (былы францішканскі касцёл) і св. Францішка Ксавэрыя (катэдра).
25 ліпеня 1989 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў кс. Тадэвуша Кандрусевіча тытулярным біскупам Гіпона-Дзарыцкім і Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі.
Біскуп Тадэвуш Кандрусевіч заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў у нашай краіне, а таксама прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізісу» на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі.
З 1991па 2007 г. Тадэвуш Кандрусевіч нёс пастырскае служэнне ў Расіі. 21 верасня 2007 г. Папа Бэнэдыкт XVI вярнуў іерарха на Радзіму, прызначыўшы яго арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.
3 чэрвеня 2015 г. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі абрала арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча сваім Старшынёй.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уваходзіць у спецыяльны савет па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сінода Біскупаў Каталіцкага Касцёла, у Кангрэгацыю па справах духавенства, а таксама ў Папскую раду справядлівасці і спакою. З’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС).