Міжнародная Амністыя: Улады Беларусі спрабуюць схаваць забойства пратэстоўца
Беларускія ўлады спрабуюць схаваць забойства мірнага пратэстоўца паліцыяй, высунуўшы сур’ёзныя крымінальныя абвінавачванні супраць ключавога сведкі, заявіла сёння Amnesty International.
![236416.jpg 236416.jpg](/img/v1/images/236416.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аляксандр Кардзюкоў быў са сваім сябрам і таварышам Генадзем Шутавым да таго часу, пакуль апошні не быў застрэлены паліцыяй у цывільным 11 жніўня пасля мірнага мітынгу ў заходнім горадзе Брэсце. Зараз Аляксандру прад’яўленае абвінавачванне ў замаху на забойства супрацоўніка міліцыі, якое прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення, гаворыцца ў паведамленні аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі.
«Няма ніякіх доказаў таго, што Аляксандр Кардзюкоў удзельнічаў у гвалтоўных дзеяннях або выступаў за іх. Ён з’яўляецца вязнем сумлення, які пераследуецца выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў чалавека, уключаючы свабоду мірных сходаў, і за апраўданне пазасудовага пакарання Генадзя Шутава. Ён павінен быць неадкладна і безумоўна вызвалены», — заявіла Мары Стратэрс, дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
«Беларускія ўлады павінны адказаць за абуральныя парушэнні правоў чалавека, уключаючы масавыя арышты і масавы гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў, якія мелі месца падчас падаўлення іншадумства вакол аспрэчваемых вынікаў выбараў», — гаворыцца ўзаяве.
Як адзначае АІ, у цяперашні час больш за 1000 чалавек незаконна пераследуюцца за свае палітычныя погляды ў ходзе з працягам рэпрэсій, выкліканых масавымі пратэстамі ў жніўні. Пратэсты ўспыхнулі пасля афіцыйнага абвяшчэння аб пераабранні Аляксандра Лукашэнкі.
Стрэл у патыліцу
Згодна з відэа, апублікаваным «Медыязонай», Генадзь Шутаў і Аляксандр Кардзюкоў сядзелі на лаўцы непадалёк ад месца правядзення мітынгу 11 жніўня, калі да іх падышлі трое паліцэйскіх у цывільным. На кадрах дакладна не відаць, што адбылося далей, але менш чым праз хвіліну Генадзю стрэлілі ў патыліцу. Ён памёр 19 жніўня.
![egngw60woauxbws.jpg egngw60woauxbws.jpg](/img/v1/images/egngw60woauxbws.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аляксандр збег за некалькі імгненняў да таго, як пачуліся стрэлы, але быў арыштаваны 14 жніўня і першапачаткова абвінавачаны ў супраціве паліцыі. Аднак, па словах яго сястры, 2 снежня абвінавачанне было зменена на замах на забойства.
Міністэрства ўнутраных спраў настойвала ў прэс-рэлізе, што «група агрэсіўных грамадзян, узброеных металічнымі прутамі, напала на супрацоўнікаў паліцыі. Іх не спынілі папераджальныя стрэлы. Афіцэры выкарыстоўвалі агнястрэльную зброю, каб абараніць сваё жыццё і здароўе».
Аднак гэтыя сцвярджэнні супярэчаць відэазапісам, паказанням сведак і медыцынскім запісам, атрыманых Amnesty International, якія паказваюць, што Генадзь Шутаў быў застрэлены ззаду.
Дачка Генадзя, Анастасія Баранчук, распавяла Amnesty International: мясцовыя жыхары сказалі, што адзін з афіцэраў спытаў мужчын, за каго яны галасавалі на выбарах. Яе бацька адказаў: «За [Святлану] Ціханаўскую», кандыдата ад апазіцыі.
Па словах Баранчук, яе бацьку тады загадалі ўстаць на калені і легчы. Як толькі ён апусціўся на калені, афіцэр ударыў яго пісталетам па лбе, а затым стрэліў яму ў патыліцу. Сведкі паведамілі, што чулі ў агульнай складанасці тры стрэлы.
Сям’я Генадзя Шутава запатрабавала расследавання ягонага забойства. Аднак 3 верасня Следчы камітэт, самастойны дзяржаўны орган па расследаванні цяжкіх злачынстваў, накіраваў ім ліст, у якім гаварылася, што «падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы па артыкуле 139 (забойства) недастаткова».
«Я думаю, што яны [Следчы камітэт] ведаюць, хто забіў майго бацьку, — сказала Баранчук. — Але яны нічога не зробяць. Толькі калі ў нашай краіне нешта зменіцца, яны пакараюць забойцу».
Масавыя пераследы
Мясцовыя і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі сабралі сотні паказанняў сведак-зняволеных, якія падвяргаліся катаванням і іншым відам жорсткага абыходжання. На сённяшні дзень беларускія ўлады не распачалі ніводнага расследавання ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Паводле ацэнак праваабарончай арганізацыі «Вясна», супраць тых, хто выйшаў на вуліцы мірна пратэставаць, была ўзбуджана каля 1000 крымінальных спраў. Дзясяткі людзей ужо былі асуджаныя ў выніку палітычна матываваных і несправядлівых судовых працэсаў, прычым большасць з іх атрымалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.
Выпадкі ўключаюць у сябе:
— 51-гадовая Наталля Хершэ прысуджаная 7 снежня да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі за супраціў пры арышце і зняцце балаклавы з супрацоўніка АМАПа;
![Наталля Хершэ Наталля Хершэ](/img/v1/images/55898293_6.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Наталля Хершэ
— Максім Паўлюшчык асуджаны на два гады 8 снежня за надпіс«мы не забудзем» на тратуары;
— Стэфан Лазавік, 27 гадоў, прысуджаны 1 снежня да 12 месяцаў турэмнага зняволення за тое, што намаляваў на аўтобусным прыпынку лозунг, які нібыта абражае Лукашэнку;
«Беларусь сутыкаецца з самым сур’ёзным крызісам у галіне правоў чалавека за ўсю сваю гісторыю пасля здабыцця незалежнасці», — заявіла Мары Стратэрс.
«Мы заклікаем міжнародную супольнасць актывізаваць свае намаганні па дакументаванні грубых парушэнняў правоў чалавека, учыненых беларускімі ўладамі. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці ў ходзе справядлівага судовага разбору, а ахвярам і іх сем’ям павінны быць прадастаўленыя правасуддзе і эфектыўныя сродкі прававой абароны».