Мясцовыя ўлады патлумачылі, навошта збіраюць даныя пра тых, хто вывешвае сімволіку за вокнамі
Намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна патлумачыў патрабаванне адміністрацыі раёна да ТСЖ аб зборы даных уласнікаў кватэр, дзе вывешаная недзяржаўная сімволіка — сцягі і ўлёткі.

Нагадаем, 24 лістапада з'явіўся дакумент з патрабаваннем да старшыняў таварыстваў уласнікаў падаць у адміністрацыю Цэнтральнага раёна звесткі аб кватэрах (іх нумары і тэлефоны ўласнікаў), дзе «на фасадзе будынкаў (вокнах) маецца недзяржаўная сімволіка (сцягі, улёткі)».
Калі старшыні праўлення таварыстваў не выканаюць указанне, ім пагражаюць артыкулам 23.1 КаАП (невыкананне пісьмовага патрабавання (прадпісаннія)).
Што кажуць улады?
Каментар намесніка кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Вадзіма Пярэдні апублікаваны ў тэлеграм-канале «Проста Цэнтральны».
На думку адміністрацыі раёна, размяшчэнне такой сімволікі стварае ўмовы і перадумовы для парушэнняў грамадскага правапарадку і спакою, Правілаў карыстання і ўтрымання жылых памяшканняў, нормаў этыкі, маралі і міжасобасных адносін у грамадскім асяроддзі (напрыклад, варожасць паміж суседзямі, правакацыі і іншае).
Таксама ў каментары адзначаюць, што выканкам, як мясцовы дзяржорган, мае права валодаць звесткамі з запыту. Абяцаюць, што выдаваць даныя не будуць.
Што такое "незарэгістраваная сімволіка" тлумачаць, спаслаўшыся на законы "Аб афіцыйных геральдычных сімвалах" (арт. 1), "Аб грамадскіх аб'яднаннях" (арт. 12-15), "Аб палітычных партыях" (арт. 14-17), "Аб прафесійных саюзах" (арт.3), "Аб фізічнай культуры і спорце" (абз. 36), "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» (арт. 11).
— У іх ёсць усё аб дзяржаўнай рэгістрацыі сімволікі, парадку яе стварэння і выкарыстання. Робім выснову: незарэгістраванай сімволікай з'яўляюцца эмблемы, сімвалы, сцягі, вымпелы, значкі, гальштукі, гімны, не зарэгістраваныя ў парадку, устаноўленым дзеючым заканадаўствам, — тлумачаць у каментары.

Але ў верасні кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Дзмітрый Пятруша выказваўся наконт сцягоў у вокнах. Казаў жыхарам, што сімволіка не забароненая, пытанні ўзнікаюць толькі калі сцягі вешаюць на фасад.
— Часам зачыняюць нават вокны суседзяў, яны скардзяцца. Тады мы просім сцягі самім зняць, калі не хочуць, то прыцягваем да адміністрацыйнай адказнасці, — сказаў Пятруша.
Ён не чуў пра забарону вешаць сцягі за вокнамі.
— Не чапаем фасад, а дома, калі ёсць жаданне, — калі ласка. Але святла ж будзе менш трапляць. Я не чуў, каб давалі штрафы за сцягі, якія вісяць унутры кватэр. Гэта гістарычная сімволіка, а «Пагоня» наогул жа ў статусе гісторыка-культурнай каштоўнасці. У мяне яна выклікае абсалютна нармальныя асацыяцыі, — казаў Дзмітрый Пятруша.

Аб выкарыстанні незарэгістраванай сімволікі нам распавядаў юрыст і праваабаронца Алег Мацкевіч.
— На сёння няма ні адміністрацыйнай, ні якой-небудзь іншай адказнасці за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі. І калі за яе выкарыстанне будуць спрабаваць пакараць, то гэта можа стаць прамым парушэннем канстытуцыйнага права на свабоду выказвання меркаванняў і перакананняў.
Алег Мацкевіч тлумачыць: паводле Канстытуцыі чалавек мае права выказваць сваё меркаванне і перакананні, прычым форму такога выказвання ён можа выбіраць адвольную, галоўнае, што яна не парушала нормы грамадскай маралі і закон.
— Калі вы намалявалі сцяг, які самі прыдумалі і які адлюстроўвае вашыя перакананні, і выйшлі з ім на вуліцу, то гэта ваша права.
Юрыст звяртае ўвагу: незарэгістраваная сімволіка — не азначае, што яна забароненая.
— Да забароненай сімволікі і літаратуры адносяць тую, што знаходзіцца ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Калі яе там няма, то яе выкарыстанне не можа быць нічым абмежавана. Калі за гэта спрабуюць пакараць, то такія дзеянні не заснаваныя ні на якім законе.
І калі бел-чырвона-белы сцяг у яго класічным выглядзе не зарэгістраваны ў якасці афіцыйнай сімволікі ні ў аднаго грамадскага аб'яднання, то гістарычны герб «Пагоня» атрымаў афіцыйны статус больш за дзесяць гадоў таму, калі ўвайшоў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў (шыфр ІКЦ 73БЛ000004).
Паводле news.tut.by