Моладзь БНФ засноўвае прэмію імя Ларысы Геніюш

Моладзь БНФ абвясціла аб сканчэнні другога этапа кампаніі за рэабілітацыю выбітнай паэткі і прадстаўніцы беларускай нацыі Ларысы Геніюш, распачатай у сярэдзіне лета 2016 года.

b31506e9_ae39_466e_a253_9ecf88829580_cx0_cy2_cw0_w987_r1_s_r1.jpg


У межах кампаніі актывісты Моладзі БНФ збіралі ў розных гарадах подпісы пад зваротам аб рэабілітацыі, ладзілі тэматычныя пікеты, раздавалі ўлёткі з вершамі, рабілі вечарыны памяці ў розных гарадах, наведвалі мясціны, дзе правяла апошнія гады жыцця Ларыса Антонаўна, а таксама арганізавалі электроны збор подпісаў за яе рэабілітацыю.
Моладзь БНФ адзначае станоўчую рэакцыю людзей падчас размоваў на вуліцах, але, на жаль, не ўсе ведалі хто такая Ларыса Геніюш,  асабліва маладыя людзі. Таму ўзнікае пытанне да чыноўнікаў міністэрства адукацыі: мо варта аднавіць вывучэнне творчасці Ларысы Геніюш?
Цягам кампаніі было сабрана каля 1500 подпісаў на вуліцах, а таксама звыш 400 подпісаў пад электронай петыцыяй. 6 лютага да Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь і Генпракуратуры адправіліся электроныя подпісы, а 7 лютага была адправлена частка подпісаў, сабраная на вуліцах.
«Творчасць Ларысы Антонаўны — гэта наш агульны нацыянальны скарб, які мы павіны паважаць, шанаваць і захоўваць. Нягледзячы на першы адказ уладаў (а мы не проста так паслалі частку подпісаў), мы і надалей працягнем нашу кампанію ў іншым фармаце», — абяцаюць актывісты. Моладзь БНФ анансавала штогадовы летнік у гонар Ларысы Геніюш на малой Радзіме на Зэльвеншчыне, а таксама абвясціла пра заснаванне прэміі для маладых паэтаў імя Ларысы Антонаўны.
Пры гэтым выказалі спадзяванне, што чыноўнікі таксама шануюць творчасць выбітнай паэткі Беларусі, якая вядомая не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі, і зробяць усё, каб Ларыса Антонаўна была рэабілітаваная. «Гэтая ўлада ня можа лічыцца сапраўды беларускай, пакуль не рэабілітаваная Ларыса Геніюш».
Ларыса Геніюш (1910-1983) — беларуская паэтка, пісьменніца, дзяячка нацыянальнага руху. Была арыштаваная 5 сакавіка 1948 году органамі МДБ у Чэхаславаччыне, з кастрычніка 1948 году знаходзілася ў турме ў Мінску. 7 лютага 1949 году Ларысу Геніюш асуджаюць на 25 гадоў зняволення паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу БССР нумар 66 i 76, прынятых яшчэ ў 1926 годзе. Фармулёўкі гэтых артыкулаў: «контррэвалюцыйная арганізацыйная дзейнасць» i «дапамога міжнароднай буржуазіі ў ажыццяўленьні варожай дзейнасці».
У 1956 годзе тэрмін пакарання змяншаюць да 8 гадоў, і яе вызваляюць. Пасля вызвалення доўгі час творчасць паэткі была пад забаронай. Толькі ў 1967 годзе быў выдадзены першы ў Беларусі зборнік твораў Ларысы Геніюш. 
Паводле moladz.info