Мукі засталося на тры дні? Жыхары Рагачова скардзяцца на дэфіцыт… хлеба
Увесь дзень 3 студзеня жыхары Рагачова паведамлялі ў мясцовых чатах пра складанасці з набыццём хлеба. Некаторыя пісалі, што праблема сістэмная. Афіцыйна гарадскія ўлады сітуацыю не каментавалі, але ў чаце іх верагодныя прадстаўнікі наракалі на зрыў паставак хлеба з Мінска.
Асабліва актыўна пра праблемы казалі жыхары мікрараёна СХТ, але назіраліся яны і ў іншых частках горада, піша «Штодзень».
«З хлебам праблемы не толькі на СХТ, але і ў цэнтры, сёння пасля абеду, не з раніцы, заўважце, абышлі ўсе крамы ў цэнтры, і ні ў адной хлеба не было. Выручыла, праўда, не вельмі свежым, крама «Родны кут» на Кастрычніцкай», — напісала Л.
«І сельскую мясцовасць таксама! Калі ласка, забяспечце і нашы крамы хлебам!» — прасіла мясцовая жыхарка.
«Пачынаючы з чыгуначнага вакзала, да «Карэі» і «Капеечкі» няма хлеба і батона наогул нідзе», — паведамляла іншая жанчына.
«Хлеб падвезлі толькі да вечара сёння. І не трэба казаць, што ён быў усюды. На МКК таксама такая карціна: тры крамы, і ні ў адной не было, або ляжаў такі, што і прадаўцам не патрэбны ў нагрузку», — адзначыла В.
«Насамрэч няма нават хлеба на мікрараёне «Дзявяткі», — напісаў С.А.
«Сапраўды, што за праблема з хлебам? Дарагія нашы ўлады горада, звярніце, калі ласка, увагу», — выказалася З.
Шмат хто адпісаў, што адсутнасць свежага хлеба — праблема сістэмная
«Праблема з хлебам — не ўпершыню», — адзначыла Л.
«Праблема з хлебам пачалася не сёння. У краме «Серпантына» ўжо перад святамі не было мінскага хлеба. Быў жлобінскі. Але не лепшай якасці. Значыць, ёсць праблема, і яе трэба вырашаць», — напісала В.
«Да новага года ў «Капеечцы» на Маскоўскім рынку, як не прыйдзеш па хлеб, дык там мінімум 3-дзённай даўніны! Ніяк свежага, «сённяшняга» не знайсці!» — скардзілася І.К.
«Як не прыйду па хлеба, яго няма ў гандлёвых кропках», — пісала Н.
Паводле яе, у СХТ яго стала не хапае, зраніцы трэба чакаць, пакуль прывязуць, а ўвечары ў гадзіну пік яго ўжо няма. Яна нагадала, што ў Рагачове няма свайго хлебазавода, і адзначыла, што «гэта не ваенны час, каб праз кулі і снарады немагчыма было прывезці хлеб».
«А ўсё так і ёсць, у горадзе з хлебам — бяда. Асабліва ў святы. Звярніце ўвагу, хлеб дзесьці ў закуточку ў гандлёвых кропках, асартымент пакідае жадаць лепшага, затое спіртнога — бяры не хачу», — напісала яшчэ адна мясцовая жыхарка.
«Па-першае, гэтак ужо пастаянна: увечары ідзеш з працы, побач крамы, а хлеба няма», — паскардзіўся С.А.
Паводле яго слоў, «свежага хлеба нідзе няма па горадзе», «хлебу па 4 дні, які ўжо цвісці пачынае».
Былі і такія, хто абараняў улады і распавядаў пра нармальнасць сітуацыі
«Толькі сёння, а так увесь час ёсць хлеб у продажы з раніцы да вечара, проста вы ўчорашні браць не хочаце, Жлобін і Гомель таксама не хочаце, а чакаеце Мінск, а яго прывозяць, дата вырабу заднім чыслом, і яго вы браць не хочаце. І не трэба казаць што яго ўвесь час няма», – пісала жанчына.
«Я не загадчыца і набыла свежы хлеб», – напісала Юлія.
Яна заклікала звярнуць увагу на надвор’е, і «тэхніку ў нас, у Беларусіі».
З пазіцыі ўладаў у чаце выступалі дзве жанчыны, якія не называлі сябе аднак прадстаўніцамі мясцовай адміністрацыі. Паводле абедзвюх, галоўная прычына праблемы – адсутнасць паставак хлеба з Мінска і недахоп на фоне гэтага хлеба з Жлобіна і Магілёва. Сістэмнасць праблемы яны адмаўлялі.
«Учора ў краму “Мясновъ” на плошчы паступіў хлеб Жлобінскага філіяла Гомельхлебпрама. У сувязі з адсутнасцю ў гандлёвых кропках мінскага хлеба, яго, натуральна, хутка разабралі. Гэтак жа было паступленне Магілёўскага хлеба, але машына ў дарозе 3 разы ламалася, пастаўка была пасля 17 гадзін. Калі б мы ведалі, што Мінскхлебпрам не паставіць прадукцыю ў Рагачоў, мы б больш замовілі», – напісала сёння Алена.
«Хлеб у гандлёвыя аб’екты возяць штодня, у некаторыя нават 2 разы на дзень. Дадзеная сітуацыя склалася з прычыны таго, што ўсім рэзка пасля святаў захацелася купіць хлеб. З прычыны пэўных абставін некаторыя хлебазаводы не выканалі заяўкі. Заўтра ўсё адрэгулюецца і прыдуманая праблема вырашыцца», – абяцала ўчора Аксана.
Яна падкрэслівала, што хлеб да 96 гадзінаў не губляе сваіх спажывецкіх якасцяў.
«Кіраўнікам гандлёвых аб’ектаў указана на неабходнасць перагледзець работу з Мінскхлебпрамам і забяспечыць наяўнасць у рэалізацыі хлебабулачных вырабаў у дастатковым асартыменце і аб’ёме», – сцвярджала яна.