Беларусаў рыхтуюць да «савецкай якасці» альбо да дэфіцыту?
Лукашэнка і яго каманда ўзяліся за праблемы якасці. І нават вырашылі рэанімаваць савецкі (на самай справе не) падыход у выглядзе ўганаравання асобных тавараў «знакам якасці». У СССР, калі памятаеце, ніякія знакі не вырашылі ні праблему дэфіцыту тавараў, ні праблему іх нізкай якасці.
![2956132912.jpg 2956132912.jpg](/img/v1/images/2956132912.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Асаблівы год
Анансаваўшы чарговы «асаблівы» год і «неймавернае напружанне», Лукашэнка для пачатку папярэдзіў чыноўнікаў аб недапушчальнасці фармалізму і разгільдзяйства, піша Plan B.
«Мы вызначылі вельмі амбіцыйную мэту: паставіць кантроль якасці вырабляемых тавараў і паслуг, якасці жыцця краіны на больш высокі ўзровень, — заявіў ён. — Беларусь можа ганарыцца сваімі якаснымі таварамі, але каб быць у трэндзе, каб канкурыраваць з лепшымі сусветнымі ўзорамі, трэба трошкі дадаць, трэба заслужыць гэты знак якасці».
Хараство новай старой задачы — у невымернасці. «Больш высокі» і «трошкі дадаць» — не лічыцца. Так што ў залежнасці ад абставін мэты можна будзе абвясціць як дасягнутымі, так і праваленымі.
Глядзіце таксама
![Лукашэнка ідзе на выбары Карбалевіч: Лукашэнка выпаў з рэальнасці](/img/v1/images/_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Як у СССР?
Не выклікаюць аптымізму і заявы пра «пераемнасць савецкай эпохі». Праблемы і з якасцю, і з колькасцю тавараў у Савецкім Саюзе вядомыя.
«Гэты гістарычны перыяд даў старт нашаму нацыянальнаму развіццю. Цяпер вы разумееце, чаму (як мяне крытыкавалі) я "чапляюся" за той савецкі час: калі б не было таго савецкага часу, не было б самых сучасных і новых узораў. Загубіць усё — прасцей, але на базе чаго мы б стваралі новыя, прагрэсіўныя ўзоры? Гэтай базы б не было. Разумныя людзі захоўваюць і развіваюць усё тое, што назапашана ранейшымі пакаленнямі. Мы гэта зрабілі», — растлумачыў Лукашэнка.
Нескладаная думка пра тое, што разумныя людзі развіваюць лепшыя ўзоры таго, што назапашана ўсім чалавецтвам, на нарадзе, здаецца, не гучала. Прынамсі, у выніковыя рэлізы не ўвайшла.
Зрэшты, без самакрытыкі не абышлося. Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусі хоць і ствараюць «самыя сучасныя ўзоры тэхнікі», але «якасці яшчэ не хапае».
Праграма павышэння якасці пакуль не прадстаўлена, але настроі зразумелыя. «Калі мы гаворым пра якасць і што рабіць, чагосьці чакаем (праграма, натуральна, будзе), чакаць нічога не трэба. Калі хтосьці не ведае, з чаго пачаць, пачынайце з сябе: своечасова прыходзьце на сваю працу і рабіце сваю справу вельмі якасна. Тут кожны ведае, як гэта рабіць», — сказаў Лукашэнка.
Глядзіце таксама
![У Пецярбургу зноў згарэў аўтобус МАЗ Ніколі такога не было, і вось зноў. У Пецярбургу згарэў яшчэ адзін пасажырскі аўтобус МАЗ](/img/v1/images/maz_gorit.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Са знакам якасці
У выніку ў Беларусі вырашылі рэанімаваць савецкі «Знак якасці». Не для ўсіх, вядома, а толькі для ўнікальных. Праўда, іх у нас нямала.
«БелАЗы, МТЗ, МАЗ і гэтак далей — яны не могуць не мець знака якасці на нейкі свой тавар. Але гэты тавар павінен быць унікальным, ён павінен быць канкурэнтаздольным на міжнародных рынках. Бездакорная павінна быць тэхніка. Мы і правяраць будзем. Проста штампаваць вам знак якасці на кабіну, капот або на шкло не будзем, інакш мы зганьбім краіну», — папярэдзіў Лукашэнка.
Ну вы зразумелі. Не мець знака якасці нашы нацыянальныя брэнды не могуць па змоўчанні. Але тавар павінен быць унікальным. І бездакорным. Правяраць будуць нейкія «мы». Не выключана, што ў пагонах і з маўзерам.
Дарэчы, дарма на нарадзе казыралі менавіта савецкім мінулым знака якасці. У СССР ён з'явіўся ў 1967 годзе, калі праблема нізкай якасці ўжо сур'ёзна замінала мадэрнізацыі эканомікі. Але канкурэнцыю гэта не падштурхнула. І права ўладальніка знака падняць цану на 10 адсоткаў таксама не стала стымулам.
Але знак — прыдумка зусім не саюзная. З'яўленне знакаў якасці тавараў у Расіі адносяць да пачатку XVIII стагоддзя, калі вядомыя прадпрымальнікі Дзямідавы пачалі ставіць на сваю прадукцыю «Знак собаля». У 1824 годзе пастаўшчыкі тавараў для імператарскага дома сталі наносіць на этыкеткі тытул «пастаўшчыкі двара Яго Імператарскай Вялікасці». Пры імператары Аляксандры II быў зацверджаны знешні выгляд знака і прапісаны парадак яго атрымання. Яшчэ раней, у XVII стагоддзі, знакі пастаўшчыкоў двара выкарыстоўваліся ў Англіі.
Але загніваючы Захад, які даўно даверыў пытанні якасці рынку і канкурэнцыі, нам не ўзор. Праўда, знак якасці «як у Саюзе» рызыкуе скончыцца таксама: дэфіцытам, чэргамі, джынсамі ўтрая даражэй і марамі аб імпартных ботах і канапах.