Пекінская капуста. Лукашэнка хацеў пажывіцца на рынку грузавікоў РФ, але яго план праваліўся

У 2023 годзе ў Расіі рэалізавана 143,7 тыс. новых грузавых аўтамабіляў. Гэта на 71% больш, чым у 2022-ім. І гэта рэкорд з далёкага 2007 года. Беларускі вытворца, МАЗ, расці на ўзроўні рынку не змог і страціў сваю долю пад напорам агрэсіўных продажаў кітайскіх брэндаў, піша planbmedia.io.

mazy_kyiv_logo.jpg.webp

Кітай пачынае і выйграе

Лідарам рынку грузавых машын застаўся расійскі брэнд «KAMAZ». Яго продажы ў 2023 годзе склалі 31 тыс. адзінак. Пры гэтым доля яго на рынку драматычна ўпала: з 37,5% да 21,6%.

І дасталася гэтая доля кітайскім вытворцам. У першай пяцёрцы самых папулярных марак патрапілі кітайскія «SITRAK» (23,6 тыс. штук, доля вырасла з 4,5% у 2022 годзе да 16,5%), «Shacman» (20,8 тыс. штук, доля вырасла з 11,5% да 14,5% ), «FAW» (15,8 тыс. штук, доля вырасла з 5,4% да 11%) і «Howo» (6,9 тыс. штук, доля вырасла з 4,1% да 4,8%).

Расійскі ГАЗ апусціўся з трэцяй пазіцыі на шостую з доляй 4,8%. Беларускі МАЗ стаў сёмым, прадаўшы 6333 аўтамабілі (рост на 43,8%). Пры гэтым доля рынку ў нашага вытворцы знізілася да 4,4% з 5,2% год таму.

Астатнія месцы ў топ-10 — таксама ў кітайскіх вытворцаў. Прычым восьмы, «Foton», заваяваў амаль такую ж долю, як у МАЗа (4,36%) за год, стартаваўшы практычна з нуля.

Усе кітайскія маркі паказалі рост аб'ёмаў рэалізацыі ў 2-6,3 разы. А «Foton» вырас і зусім у 43 разы.


Глядзіце таксама

А дзе меры?

Яшчэ ў сярэдзіне года пытанне кітайскай экспансіі на расійскі рынак падняў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Мікалай Снапкоў: маўляў, неабходна больш актыўна працаваць у сферы забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту і абароны рынку Саюзнай дзяржавы.

Пужальная дынаміка, паводле яго слоў, была па трактарах, пагрузчыках, кар'ерных самазвалах, аўтобусах. «Не магу сказаць, што справа толькі ў цэнах. Хоць нават без прымянення прэферэнцыйных тарыфаў у гандлі цэны на электробусы, трактары, пагрузчыкі ў два, а то і ў тры разы ніжэйшыя, чым нашы», — прызнаў Снапкоў.

Але радыкальных рашэнняў у выглядзе павышэння пошлін не было. Закашмарыць пошлінамі Кітай, ключавую дружалюбную краіну, самую вялікую надзею на паспяховае імпартазамяшчэнне, Расія не адважылася.

Так што нават на ачышчаным ад заходніх гігантаў рынку, які да таго ж расце на ваеннай замове, беларускія вытворцы выглядаюць сціпла. Рост ёсць, прарыву — няма.