«Мы гатовыя былі атруціцца, калі б не атрымалі беларускія візы, – у нас ва ўсіх быў яд»

Тэма бежанцаў не адносілася да самых актуальных у Беларусі, пакуль у 2016 годзе ў Брэст не паліліся патокі ўцекачоў з Паўночнага Каўказу. Цяжкасці і пакуты, якія яны перажывалі і працягваюць перажываць, завіснуўшы на беларуска-польскай мяжы, немагчыма параўнаць з тым, праз што ім давялося прайсці на радзіме.

Фрагмент фотавыставы Аляксандра Васюковіча, прысвечанай бежанцам у Брэсце

Фрагмент фотавыставы Аляксандра Васюковіча, прысвечанай бежанцам у Брэсце

Арганізацыя Human Constanta займаецца абаронай правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія апынуліся ў Беларусі ў складанай сітуацыі. Да Сусветнага дня бежанца, які адзначаецца сёння, 20 чэрвеня, яе актывісты зладзілі шэраг мерапрыемстваў у Мінску і Брэсце, каб распавесці, праз што даводзіцца праходзіць людзям, якія ўцяклі ад бедстваў і пераследу, і што можна зрабіць, каб палегчыць іх лёс. За амаль тры гады працы валанцёры Human Constanta сабралі шэраг гісторый. Яны вельмі розныя, але ў цэнтры іх заўжды знаходзіцца чалавек, які быў вымушаны пакінуць свой дом не па ўласнай волі. «Новы Час» занатаваў некалькі расповедаў тых, хто ўцёк у нашу краіну, каб выратаваць жыццё.

p6185840_logo.jpg

Праваабаронцы Human Constanta Наста і Юлія

«Сястра лепш памрэ, чым выйдзе замуж»

«Маёй сястры ўсяго 16 год, а гэтаму мужчыну пад 50. На фоне гэтага стрэсу ў яе развілася хвароба скуры і была спроба суіцыду. Жыве ён каля нас, у нашым родным сяле. Хуткі — гэта яго мянушка — гэта ўплывовы жахлівы чалавек, які мае неабмежаваныя правы, і адмоваў ён не прымае. Мы баімся за жыццё сястры, якая сказала, што лепш памрэ, чым выйдзе за яго замуж. Наш бацька на нервовай глебе атрымаў інсульт, быў паралізаваны левы бок, частковая страта памяці і маўлення. Мой муж працаваў у ахове Хуткага. Як толькі ён даведаўся пра сітуацыю, ён нас папярэдзіў, што калі сястра не пагодзіцца выйсці замуж, то ўся сям’я будзе знішчаная — абвесцяць тэрарыстамі ці падкінуць наркотыкі. За тое, што нам было паведамлена пра дату вяселля і магчымыя наступствы, майго мужа сілком забраў Хуткі.
Да маёй сястры былі яшчэ такія ж маладзенькія дзяўчаткі, іх таксама забіралі нібыта замуж, пару дзён пагуляецца з імі — а потым бацькі не знаходзяць сваіх дзяцей. Адна жанчына казала, што апошні раз бачыла сваю дачку ў аэрапорце з ім, калі яны выляталі ў Турцыю. Назад ён вярнуўся адзін. Лёс гэтай і іншых дзяўчынак дасюль невядомы. Бацькі іншых дзяўчат увогуле баяцца нешта казаць, іначай іх чакае страшнае. І менавіта таму варыянту вяртацца дамоў у нас няма».

Валанцёры зачытваюць гісторыі бежанцаў

Валанцёры зачытваюць гісторыі бежанцаў

«Калі ўбачаць, што ты дазволіла сабе вольнасць — то ўсё»

«Чачня — гэта месца, дзе ў жанчын няма амаль ніякіх правоў. Яны нічога не вырашаюць, часта не могуць кудысьці хадзіць без мужа, асабліва ў скрайне традыцыйных сем’ях. Жанчыны павінны хадзіць у спадніцах ці сукенках удол, у паранджы, а на галаве мусіць быць хіджаб. На спатканнях хлопчыкі з дзяўчынкамі павінны знаходзіцца на адлегласці ў паўметры адзін ад аднаго, ні пра якое «патрымацца за ручку» ці нават сесці на лаўку побач і гаворкі быць не можа. Калі ўбачаць, што ты дзесьці дазволіла сабе вольнасць — то ўсё.


За тое, што дзяўчына прайшлася з хлопцам за руку, яе могуць пагаліць налыса ці асудзіць паводле шарыяцкага суда — закідаюць камянямі да паўсмерці.

Так атрымалася, што я зацяжарыла. Я не была замужам за гэтым чалавекам, ён быў іншай нацыянальнасці. Гэта ганьба для сям’і. За такое мяне маглі б і забіць — абы пазбавіцца ад сораму. Я распавяла пра ўсё маці, яна распавяла бацьку, і пасля гэтага мяне добра «расфарбавалі». Бацька сказаў, каб я рабіла аборт. Дакладней, ён сказаў, што сам павядзе рабіць аборт. Ён казаў, што я зганьбіла ўвесь наш род, што калі пра гэта даведаюцца, то мяне пакараюць паводле шарыяцкага суда, што мяне заб'юць, таму што такое ў нас не даруецца. А калі і даруецца, то робяць так, каб чалавек проста знік. Не забіваюць прылюдна — проста чалавек знік: сыйшоў, з'ехаў, яшчэ нешта…
Я вырашыла збегчы з гэтым хлопцам. Мы з'ехалі да яго на радзіму. Калі я была прыкладна на сёмым месяцы цяжарнасці, ён са мной ажаніўся. За час сумеснага жыцця мы змянілі некалькі гарадоў. Праз некалькі гадоў ён вырашыў, што нам пара разыходзіцца. «Ты ідзі на ўсе чатыры бакі, а дзіця пакінь мне». А мне ісці няма куды. Са мной з тых часоў ніхто з маіх сваякоў не стасункаваў, і я не выходзіла з імі на сувязь. З мамай хацелася б. Таму што гэта — мама. Я ўпэўнена, што яна хоча дапамагчы, але супраць бацькі яна не пойдзе. Маё дзіця для іх — байструк. Я вырашыла ўзяць сына і ўцячы. Уцякла. Жыла нейкі час у знаёмых, потым у сяброўкі. У адзін з дзён раздаўся званок у дзверы. У вочка я не глядзела — не чакала нічога. Прыйшоў мой муж, так бы мовіць. Але адкуль ён мог ведаць, што я там? Скончылася ўсё бойкай. Мая сяброўка выклікала паліцыю. На наступны дзень я забрала дзіця, купіла квіткі і прыехала ў Брэст».

Валанцёры зачытваюць гісторыі бежанцаў

Валанцёры зачытваюць гісторыі бежанцаў

«У Брэст не хацела ехаць, проста я не магу аддаць яму дзяцей»

«Мадзіна. Я ўцякаю ад мужа. Ён у мяне п’е, здзекуецца, б’е мяне. Я восем гадоў трывала, а потым ужо дзеці дарослыя сталі. Удзень ён звычайна не п’е, а ноччу ў 2 – 3 гадзіны прыходзіць, збівае мяне, шуміць. Дзеці пужаліся яго моцна, плакалі, і я сыйшла. У нас разводу афіцыйнага няма, але мы разышліся. Напачатку ў нас усё было добра. А потым аднойчы ўначы яго забралі, збілі моцна — не ведаю, хто. Калі вярнуўся, увогуле іншым чалавекам стаў. Пачаў піць, мяне збіваць, нешта ў псіхіцы яго парушылася. Потым яго зноў забралі. Зноў збілі моцна, рэбры зламалі. Псіхіка дзяцей гэтага не вытрымлівае. Муж кажа, што яго памылкова забралі. Тры дні яго шукалі, не маглі знайсці. Пасля таго, як збілі, кінулі за горадам. А пазналі яго маладыя мужчыны, пазванілі нам. З тых часоў муж пачаў піць і біцца. Я заўжды казала: калі хочаш піць — пі. Не хочаш працаваць — не працуй. Не хочаш дапамагаць — не дапамагай. Я працую. Але збіваць мяне не трэба — я ж не жалезная. За тыдзень я магла дзве ці тры ночы спаць спакойна. А ўсе астатнія дні ён мяне моцна збіваў. Штоночы прыходзіць п’яны — гэта немагчыма трываць.
Калі я пачула, што можна ўцячы праз Брэст, у мяне не было грошай. Муж сказаў, што хоча дзяцей забраць. Я сказала маме, што не магу аддаць яму дзяцей, але калі ён задумаў — а я яго ведаю, — ён іх забярэ. Я таемна прыехала, ён не ведаў. А калі даведаўся, то паведамленне мне напісаў: «Мулу скажу, што ты ў мяне дзяцей скрала, а калі дабяруся да цябе, табе будзе дрэнна. Як ты магла так зрабіць?» Я спужалася. Тут мяне злавіць лёгка, таму я звязалася з яго мачыхай і сказала, што мы ўжо перайшлі мяжу. Спецыяльна сказала, каб ён не шукаў нас. Ён мне пагражаў, пісаў паведамленні: «Калі не аддасі дзяцей, я цябе заб'ю, родным тваім праблемы ствару». У нас прынята, каб дзеці былі з бацькам. Летась былі ўз'яднанні сем'яў — многіх разведзеных уз'ядналі. З боку дзяўчыны родныя ходзяць, з боку мужа ходзяць, дамаўляюцца, міраць. Я б назад вярнулася да мужа з радасцю, калі б ён быў добрым бацькам. Я б і дзяцей аддала яму. Проста дзеля дзяцей я б гэта зрабіла, нават калі б я потым памерла. Я ім зычу дабра. Сюды, у Брэст, я не хацела ехаць, проста я не магу аддаць яму дзяцей. Ведаю, што ён за чалавек. Ён адно дзіця аддасць адной сваёй цётцы, іншае дзіця — іншай цётцы. У нас сорамна не даглядаць за дзецьмі. Свякроў кажа, што забярэ іх да сябе, а насамрэч не будзе за імі даглядаць. Ён нікчэмны бацька, ды і дзеці самі не хочуць да яго. Як толькі гэтая размова ў нас пачалася, я запанікавала, пазваніла брату, дзядзьку. Яны кажуць, што калі бацька хоча забраць дзяцей, натуральна, яны мусяць быць з ім. Яны мяне не разумеюць. А калі я заяўлю ў міліцыю, яны таксама скажуць, што гэта толькі мая праблема».

Валанцёры зачытваюць гісторыі бежанцаў

Валанцёры зачытваюць гісторыі бежанцаў

«У мяне была пагроза выкідышу наўпрост на мяжы»

«Мяне завуць Сітора, я з Таджыкістана. Я журналістка. Са мной мой муж, таксама журналіст. Ён таксама грамадзянін Таджыкістана. Я працавала журналістам у 2014 —15 гадах на тэлеканале, які фінансаваўся ісламскай партыяй «Адраджэнне Таджыкістана». Гэта наша апазіцыйная партыя. Наш тэлеканал трансляваўся з Масквы праз спадарожнікавы канал. Тады ж я вучылася ў Маскве ва ўніверсітэце. У 2015 годзе партыя была прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у Таджыкістане, яе закрылі. Большасць сяброў партыі былі асуджаныя і змешчаныя ў турму. Пасля закрыцця партыі мяне выслалі з Расіі ў Таджыкістан. У мяне пачаліся праблемы дома. Мяне дапытвалі ў КДБ, пагражалі маёй сям'і, на мяне спрабавалі напасці на вуліцы. Яны ўзламалі мае сацыяльныя сеткі і праслухоўвалі тэлефон. Я была ў «чорным спісе» для працы ў журналістыцы і не магла знайсці працу амаль чатыры гады. Амаль увесь час праводзіла на допытах. Потым я выйшла замуж. Ён таксама працаваў на тэлебачанні, але праз наш шлюб ён страціў працу і таксама трапіў у «чорны спіс». Яму сталі пагражаць, каб ён прымусіў мяне даць паказанні супраць кіраўніка партыі. Нам удалося ўцячы ў Кыргызстан, а адтуль мы прыехалі ў Брэст, каб прасіць прытулак у Польшчы. Я цяжарная. Мы здзейснілі ўжо сем спробаў, але нас не прапускаюць. Падчас адной са спробаў у мяне была пагроза выкідышу, у Цярэспалі, наўпрост на мяжы. Але польскія дактары пратрымалі мяне чатыры гадзіны і адправілі назад у Брэст, таму што было б дорага трымаць мяне дольш. Мне было вельмі балюча ехаць назад у Брэст. А тут АГіМ (аддзел па грамадзянстве і міграцыі. — НЧ) паставіў нам скарачэнне тэрміну знаходжання ў Беларусі. Калі мы не зможам праехаць за сем дзён, нас вышлюць з Беларусі і мы не зможам сюды вярнуцца. І тады я не ведаю, што нам рабіць. У Таджыкістане нам не дадуць жыць».
Пазней стала вядома, што ў гэтай гісторыі адбыўся шчаслівы фінал. У апошні дзень знаходжання ў Беларусі Сіторы з мужам удалося падаць дакументы на атрыманне статуса бежанца ў Польшчы, і там жанчына нарадзіла дзіця. Сям’ю прытуліў былы мэр Варшавы. Праўда, наданне статусу ўсё яшчэ знаходзіцца на разглядзе.

Валанцёры зачытваюць гісторыі бежанцаў

Валанцёры зачытваюць гісторыі бежанцаў

«Я проста хачу жыць у бяспецы»

«Я прыехала ў Беларусь напрыканцы снежня 2017 года, не маючы візы. У Расіі мне адмовілі ў часовым прытулку, а вярнуцца ў краіну свайго пастаяннага месца жыхарства — Узбекістан — я не магу, таму што баюся. Я баюся пераследу праз маю прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай групы. Я — трансгендарны чалавек. Я выглядаю як мужчына, і ў мяне мужчынскае імя ў дакументах, але адчуваю сябе жанчынай. Афіцыйна змяніць палавую прыналежнасць у маіх дакументах ва Узбекістане няма ніякай магчымасці, роўна як і атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу. У гэтай краіне проста адсутнічаюць спецыялісты неабходнага профілю, і пытанне гендарнага пераходу заканадаўча ніяк не рэгулюецца. Улады і грамадства Узбекістана ставяцца да мяне як да гомасексуальнага мужчыны. Праз гэта я пастаянна сутыкаюся з пераследам з боку праваахоўных органаў і звычайных людзей. Пераслед з боку сілавікоў — гэта поўнае свавольства, злоўжыванне ўладай, парушэнне закона. У той жа час у Крымінальным кодэксе Узбекістана ёсць артыкул, дзе гаворыцца, што задавальненне палавой патрэбы мужчыны з мужчынам без гвалту караецца абмежаваннем волі ад 1 да 3 гадоў альбо пазбаўленнем волі да 3 гадоў. Гэты артыкул актыўна прымяняецца ва Узбекістане, у тым ліку і да такіх людзей, як я. Пакуль я жыла ва Узбекістане, мяне некалькі разоў затрымлівалі супрацоўнікі паліцыі, збівалі, патрабавалі выдаць адрасы месцазнаходжання іншых ЛГБТ-людзей, пагражалі прыцягнуць мяне да крымінальнай адказнасці. Калі мяне затрымалі ў чарговы раз, адзін супрацоўнік мяне згвалціў. Грамадства таксама настроена варожа. Мяне неаднойчы збівала гамафобна і трансфобна настроеная мусульманская моладзь, абражалі, пагражалі забіць. Я проста хачу жыць у бяспецы».

Валанцёры зачытваюць гісторыі бежанцаў

Валанцёры зачытваюць гісторыі бежанцаў

«Байцы ІДІЛ прыйшлі да мяне дадому і забілі маю маму»

«Я ізідка, прыехала з поўначы Ірака. У нашай мясцовасці жывуць менавіта ізіды, мы адрозніваемся і ад іракцаў, і ад курдаў. У першую чаргу — мовай і рэлігіяй. Наша вера называецца ізідызм. Мы носім сваё адзенне і свой сімвал — камень. Цяпер нам стала цяжка выжываць, таму што мы апынуліся ў самым цэнтры вайны паміж ІДІЛ і курдамі. Нас многія гады намагаліся асіміляваць, але мы захоўваем сваю мову і веру.
У студзені 2017 года Ісламская дзяржава стала наступаць. Яна прасоўвалася ў бок майго паселішча. Сёлы, якія знаходзіліся бліжэй да мяжы з ІДІЛ, былі захопленыя раней. Людзі, якія беглі адтуль, адступалі праз маё паселішча і распавядалі, што там адбываецца.

Нам распавядалі гісторыі, як ІДІЛаўцы збіваюць, гвалцяць і катуюць менавіта ізідак, таму ва ўсім паселішчы жанчыны пачалі насіць медальёны з ядам, каб у выпадку чаго выпіць яго.
Мы слухалі, баяліся і рыхтаваліся да таго, што нас забяруць. Звычайна ІДІЛаўцы забіралі менавіта маладых жанчын і мужчын. Першых забіралі, каб потым прадаваць на рынку як рабынь, а другіх — каб завербаваць ці запатрабаваць вялікі выкуп у сваякоў.
У першы раз байцы ІДІЛ увайшлі ў маё паселішча прыкладна 20 – 25 студзеня. Да гэтага ў нас былі іх інфарматары, якія ўстанаўлівалі, у якіх дамах жывуць маладыя людзі, каб можна было іх забраць. Калі яны ўвайшлі ў паселішча, то забралі маладых прыгожых людзей да 10 гадоў. Нам, ізідам, яны сказалі, што адзіны шанец застацца ў жывых — гэта прыняць іслам. І паставілі сваю базу ў кіламетры ад майго паселішча.
31 студзеня 2017 года я падала дакументы на беларускую візу. А ноччу 3 лютага мы з сяброўкамі збеглі з майго паселішча. Мы многім рызыкавалі і моцна баяліся. Цяпер узгадваю, што мы нават гатовыя былі атруціцца, калі б не атрымалі беларускія візы, — у нас ва ўсіх быў яд. Мы не хацелі трапіць у рукі ІДІЛ, таму што гэта горш за смерць. Але гісторыя на пабегу не скончылася. Праз чатыры дні пасля таго, як мы з’ехалі, байцы ІДІЛ прыйшлі да мяне дадому і забілі маю маму. Проста застрэлілі. Яна, як і іншыя старэйшыя людзі, заставалася ў сяле, бо спадзявалася, што ІДІЛ іх не кране. Яны верылі, што старыя не цікавяць ІДІЛ, што ім патрэбныя маладыя. Але маму распытвалі, дзе я і мае сяброўкі. А потым забілі. Мяне і цяпер там моцна шукаюць, таму я і прыехала сюды ратаваць сваё жыццё».

Валанцёры зачытваюць гісторыі бежанцаў

Валанцёры зачытваюць гісторыі бежанцаў

Бежанцы ў Брэсце не адчуваюць сябе ў бяспецы

Кожны месяц у Брэст прыязджаюць 200 – 300 бежанцаў, якія пастаянна мяняюцца. Большасць спрабуе прарвацца ў Польшчу, хоць ёсць і тыя, хто просіць прытулку тут. Але ў дзяржавы ёсць ліміт колькасці бежанцаў, якіх яна можа прыняць на год. Напрыклад, сёлета гэта 900 чалавек, а прыязджае ў чатыры разы больш людзей.
І гэта ўсё роўна значна меншая колькасць, чым тры гады таму, распавяла «Новаму Часу» праваабаронца Эніра Браніцкая. Польскія памежнікі прапускаюць адну-дзве сям’і за дзень. Астатнія жывуць на здымных кватэрах: з’явіліся нават прадпрымальныя брастаўчане, якія спецыялізуюцца на здачы жылля бежанцам і зарабляюць на гэтым немалыя грошы.
 З існуючай у Польшчы ўладай няма спадзеву, што сітуацыя з чачэнскімі бежанцамі зменіцца, — гаворыць Эніра Браніцкая. — Ужо ёсць рэзалюцыя Еўразвязу на гэты конт — гэта першая рэзалюцыя супраць краіны, дзе сказана, што Польшча парушае правы чалавека і каштоўнасці Еўразвязу. Але гэта рэкамендацыйны дакумент.


Бежанцы спрабуюць звяртацца і ў Еўрапейскі суд па правах чалавека — толькі пры дапамозе Human Constanta туды было пададзена тры скаргі, але рашэнні па іх пакуль не прынятыя.
За апошні год максімальная колькасць спробаў трапіць з Беларусі ў Польшчу адным чалавекам дасягнула 44. Але раней былі людзі і з 60-цю спробамі.
— Бывала, што і пасля такой колькасці адмоваў урэшце давалі дазвол. Але цягам апошняга года былі праблемы з беларускім бокам. Беларускія ўлады сказалі, што калі людзі робяць больш за 10 спробаў, то гэта нелегальная міграцыя. І мінулым летам пачалі скарачаць тэрмін знаходжання на тэрыторыі Беларусі. Але мы паскардзіліся, і такую масавую практыку прыпынілі, аднак гэта ўсё роўна перыядычна адбываецца. Я магу сказаць, што апошнім часам людзі звычайна праязджаюць пасля 20-ці спробаў, — дадае Эніра Браніцкая.


Бежанцам у Брэсце праваабаронцы аказваюць не толькі юрыдычную, але і гуманітарную дапамогу, да якой просяць далучацца ўсіх ахвотных. Гэта можа быць усё, што заўгодна: адзенне, ежа, дзіцячыя цацкі, грошы. Таксама можна дапамагчы асабістым удзелам: прыехаць і пагуляць з дзецьмі, правесці варкшоп. Як гэта зрабіць, можна даведацца на сайце Human Constanta.