«Мы развітваемся з чалавекам, які стаў часткай эпохі нашай краіны». Першыя рэакцыі на смерць Станіслава Шушкевіча
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі 87-гадовы Станіслаў Шушкевіч памёр у ноч на 4 траўня. На смерць знанага палітычнага дзеяча ўжо зрэагаваў шэраг публічных асоб.
Амбасадарка па асобых даручэннях МЗС Літвы Аста Андрыяўскене:
«Мы страцілі першага кіраўніка незалежнай Беларусі, шчырага літоўскага сябра Станіслава Шушкевіча… Шушкевіч заўсёды быў на баку праўды і дэмакратыі».
Бізнесовец Аляксандар Кныровіч:
«Я галасаваў за яго на адзіных сумленных прэзідэнцкіх выбарах 1994 году. Кебіч быў відавочным рудыментам БССР, Пазьняк адварочваў ад сябе крайняй ступенню радыкальнасці пазіцыі (ён і цяпер такі, толькі без папулярнасці), Лукашэнка... у маіх вачах выглядаў дасканалым дэмагогам, Жырыноўскім нашага разліву, якога да рэальнай улады пускаць нельга. Шушкевіч выглядаў інтэлігентам... Таму і прайграў, 9,91%, прайграла і краіна.
Я ўдзячны яму за Віскулі і за наш без’ядзерны статус. Дзякуй, Станіслаў Станіслававіч, хоць мы тады і прайгралі. Дзякуй».
Кіраўнік фонду дапамогі Андрэй Стрыжак:
«Станіслаў Шушкевіч стаў першым кіраўніком незалежнай Беларусі, але не стаў першым абраным прэзідэнтам. Пазьней яго шмат крытыкавалі за тое, што ён не заключыў саюзу з Пазьняком, і яго прама абвінавацілі ў тым, што пры ім узышла дыктатарская зорка Лукашэнкі. Аднак гісторыя не церпіць умоўнага ладу. Як было б, калі б палітычныя эліты нашай краіны своечасова разгледзелі небяспеку дыктатуры, мы не ведаем. Мы бачым і ведаем, як ёсць сёння.
Сёння мы развітваемся з чалавекам, які стаў часткай эпохі нашай краіны. Спачывай з мірам, Станіслаў Станіслававіч. Дзесьці ў Беларусі захоўваецца ваша кніга, якую вы мне падпісалі аднойчы. Я вярнуся і перачытаю».
Гісторык, былы дэпутат Вярхоўнага Савету і грамадзкі дзеяч Алег Трусаў:
«Сёння ў лепшы свет адышоў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які вярнуў беларускую мову ў палітычнае жыццё нашай краіны. Яго імя назаўсёды ўвайшло ў нашу гісторыю».
Пісьменнік Алесь Аркуш:
«Заўсёды памятаецца чалавечая дабрыня, салідарнасць і дапамога. Станіслава Шушкевіча згадваю як простага, спагадлівага чалавека.
У 2005 годзе я сустракаў у аэрапорце “Мінск-2” свайго старэйшага сына, які прылятаў з ЗША, дзе быў у летніку. У мяне былі квіткі на цягнік да Полацка. Часу бракавала. У вакзале аэрапорту пабачыў Станіслава Шушкевіча, ён таксама аднекуль прыляцеў. Я набраўся нахабнасці, падыйшоў да яго і спытаў, ці мог бы ён нас падвезці да Мінску, бо спазняемся на цягнік. Шушкевіч неяк адразу прыязна ўспрыняў нашую просьбу. Кажа, тут павінна мяне сустракаць жонка, зараз дапаможам. Пасадзілі нас у “Волгу” і імкліва завезлі адразу да чыгуначнага вакзалу. Па дарозе Станіслаў Станіслававіч расказваў пра сваю паездку ў Карэю (ці ў Японію, ужо не памятаю), дзе чытаў лекцыі. А я расказаў яму, як браў інтэрв’ю ў ягонага бацькі.
Светлая памяць! Спачуванне родным і блізкім».
Дарадца Святланы Ціханоўскай Францішак Вячорка:
«Дзякуючы Станіславу Шушкевічу Беларусь стала незалежнай падчас распаду СССР. Падпісаў Белавежскія пагадненні. Шушкевіч да апошняга дня свайго жыцця змагаўся з Лукашэнкам і адстойваў свабоду Беларусі».
Прадстаўнік МЗС Францыі ў пытаннях Беларусі Нікаля дэ Лакост:
«Расчулены смерцю першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, я выказваю спачуванні яго жонцы Ірыне, членам яго сям’і і ўсяму беларускаму народу».
Гісторык, даследчык постсавецкай прасторы Донаг О’Бічан:
«Са шкадаваннем даведаўся пра смерць Станіслава Шушкевіча, першага постсавецкага кіраўніка Беларусі, якога Лукашэнка перамог у 1994 годзе. Ён таксама быў настаўнікам расійскай мовы ў Лі Харві Освальда пасля таго, як той пераехаў у СССР.
Калі я браў у яго інтэрв’ю, ён атрымліваў дзяржаўную пенсію ў 1 еўра ў месяц».
Кіраўніца ўраду Літвы Інгрыда Шыманіце:
«Смуткуем з-за смерці Станіслава Шушкевіча, першага і пакуль адзінага кіраўніка незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Яго подпіс пад дэкларацыяй аб распадзе Савецкага Саюза будзе жыць у гісторыі, памяць — у нашых сэрцах. Спачуванні родным і свабоду Беларусі».
Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс:
«Мае глыбокія спачуванні беларускаму народу, родным і блізкім Станіслава Шушкевіча — першага кіраўніка Беларусі. Мы ў Латвіі шануем яго спадчыну стварэння незалежнай Беларусі і разбурэння імперыі зла — Савецкага Саюзу».