Сёння ноччу ў Мінску памёр Станіслаў Шушкевіч
Пра гэта паведаміла «Еўрарадыё» са спасылкай на жонку Ірыну. Першаму кіраўніку незалежнай Беларусі было 87 гадоў.

У канцы красавіка ён трапіў у рэанімацыю пасля перанесенага COVID-19. Праз два дні яго выпісалі з лякарні, але здароўе палітыка было падарванае хваробай.
Станіслаў Шушкевіч нарадзіўся 15 снежня 1934 у Мінску. Сын рэпрэсаванага беларускага пісьменніка. Вядомы беларускі навуковец. Быў народным дэпутатам СССР (з 1989-га), народным дэпутатам БССР (з 1990-га), быў абраны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета. Пасля жнівеньскага путчу 1991-га ачоліў беларускі парламент. Станіслаў Шушкевіч быў адным з удзельнікаў Белавежскіх пагадненняў, якія ў снежні 1991 года пахавалі СССР. З пасады старшыні Вярхоўнага Савета быў зняты ў пачатку 1994-га. Удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, але ў другі тур не выйшаў. У 1995 годзе быў зноў абраны ў Вярхоўны Савет Беларусі, уваходзіў у склад фракцыі «Грамадзянскае дзеянне». Восенню 1996-га падпісваў заяву ў Канстытуцыйны суд аб імпічменце Аляксандру Лукашэнку. У Палату прадстаўнікоў уваходзіць адмовіўся, далей удзельнічаў у дзейнасці Вярхоўнага Савета, паўнамоцтвы якога скончыліся ў 2001-м.
Доўгі час ачольваў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду (з 2018-га — ганаровы старшыня). Смела крытыкаваў палітыку Лукашэнкі.
«Новы час» выказвае шчырыя спачуванні сваякам, родным і блізкім гэтага выбітнага чалавека.