«Мы ствараем гісторыю, а гісторыя патрабуе часу». Лідары дэмакратычнага руху падвялі вынікі пратэставага года
Дзявятага жніўня Офіс Святланы Ціханоўскай анансаваў тры анлайн-сустрэчы з беларусамі на платформе «Zoom». Падчас першай сустрэчы дэмакратычныя лідары краіны падзяліліся думкамі наконт гадавіны змагання, распавялі пра бліжэйшыя перспектывы і адказалі на пытанні слухачоў.
На анлайн-сустрэчы прысутнічалі Святлана Ціханоўская, глава кабінета прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» Павал Латушка, чалец каманды Віктара Бабарыкі і сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч, сузаснавальнік «Рабочага руху» Юры Рабавы, прадстаўнік «ByPol» і плана «Перамога» Алег Талерчык.
Сустрэча пачалася з таго, што мадэратарка, кіраўніца адзела знешніх сувязей Офіса Святланы Ціханоўскай Аляксандра Логвінава параіла беларусам, якія засталіся ў краіне, схаваць свае сапраўдныя імёны і твары ў мэтах бяспекі. Далей Аляксандра прапанавала спікерам сустрэчы адказаць на пытанне аб тым, што для іх з’яўляецца галоўным вынікам года.
Для Святланы Ціханоўскай галоўным з’яўляецца тое, што беларусы навучыліся браць адказнасць за будучыню сваёй краіны. «За гэты год было арганізавана больш за дваццаць грамадзянскіх праектаў, прафесійных аб’яднанняў, былі створаныя дваравыя ініцыятывы, якія вельмі эфектыўна сябе паказалі, фонды салідарнасці. Нашы ўрачы, актывісты, валанцёры, спартсмены ўжо год працягваюць добра рабіць сваю справу, нягледзячы на высокі ўзровень рэпрэсій і стомленасць. У нас арганізаваўся “Рабочы рух”, які актыўна развіваецца, а таксама план “Перамога”», — нагадала Ціханоўская.
Павал Латушка працягнуў: «Дзякуючы гэтаму году мы здолелі паказаць самім сабе і ўсяму свету жахлівую сутнасць гэтага рэжыму, яго злачынны характар, яго антынароднасць і антычалавечнасць. Менавіта таму ў нас вельмі дакладна цяпер сфарміравана разуменне выбару. Большасць беларусаў ужо даўно зрабілі свой выбар: за праўду, дабро, справядлівасць, за права прымаць рашэнні і патрабаваць, каб гэтыя рашэнні выконваліся».
Для Валера Кавалеўскага самым істотным вынікам года стала тое, што беларусы захавалі адзінства, а таксама тое, што ўсе дэмакратычныя сілы рухаюцца цалкам у адным кірунку. «Мы шмат працуем разам, мы каардынуемся, распрацоўваем сумесныя ініцыятывы, падтрымліваем адно аднаго. Упершыню за гісторыю дыктатуры Лукашэнкі ёсць адзіны цэнтр сілы, ёсць месцы, куды са сваімі пытаннямі, праблемамі, ініцыятывамі заўсёды могуць звярнуцца беларусы». Таксама Кавалеўскі падкрэсліў, што Беларусь застаецца ў цэнтры міжнароднай увагі. «Да таго ж, мы працуем не толькі над праблемамі сённяшняга дня, але і ствараем міжнародныя адносіны для таго, як супрацоўнічаць далей у будучыні», — адзначыў кіраўнік кабінета прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай.
На думку Таццяны Хоміч, рашэнне, якое беларусы прынялі год таму, для многіх стала самым істотным у жыцці. «Яшчэ ніколі барацьба не была такой маштабнай. Я ведаю, што сёння на нас глядзіць увесь свет, увесь свет нас падтрымлівае. Мы ствараем гісторыю, а гэта патрабуе часу», — заявіла Таццяна.
Сузаснавальнік «Рабочага руху» Юры Рабавы заявіў: «Перамагае арганізаванасць. Часта засынаю з думкай аб тым, што менавіта арганізаванасць людзей, працоўных прафсаюзаў дасць нам і перамогу, і шчаслівую будучыню».
«Дзявятае жніўня мінулага года — найвялікшая падзея ў гісторыі нашай сучаснай Беларусі. Мы паказалі сабе і ўсяму свету нашую салідарнасць. Мы зразумелі, што за сваю свабоду, за сваіх блізкіх, за будучыню нашых дзяцей варта змагацца», — лічыць Алег Талерчык.
Кожны ўдзельнік сустрэчы меў магчымасць задаць прадстаўнікам дэмакратычнага руху пытанне. На першае пытанне пра тое, калі Лукашэнка сыдзе з пасады і што кожны беларус можа зрабіць для таго, каб гэта адбылося хутчэй, Святлана Ціханоўская адказала, што не назаве дакладную дату, але параіла: «Знайдзіце для сябе тую нішу, дзе вы можаце быць карыснымі. Толькі настойлівасцю, толькі паслядоўнасцю мы зможам прыйсці да тых змен, пра дату якіх вы мяне пытаеце».
Далей лідары дэмакратычнага руху агучылі простыя крокі, якія могуць зрабіць дзеля набліжэння перамогі беларусы, што засталіся ў краіне.
Юры Рабавы запрасіў усіх працоўных людзей, у тым ліку студэнтаў, далучыцца да «Рабочага руху» — маладой ініцыятывы, якой усе ўдзельнікі сустрэчы гэтым разам надавалі шмат увагі. «Мы разумеем і ведаем, як скаардынаваць агульнанацыянальную забастоўку, але без людзей гэта немагчыма», — падкрэсліў Юры. Павал Латушка адзначыў неабходнасць «перадаваць адно аднаму праўду, а разам з ёй — веру». «Рэжым робіць усё дзеля таго, каб знішчыць незалежныя сродкі масавай інфармацыі ў нашай краіне, каб пазбавіць беларусаў крыніцы праўдзівай, аб’ектыўнай інфармацыі. Таму вельмі істотна агучваць праўду. Варта данасіць праўдзівую інфармацыю і да людзей сталага веку, усталёўваць ім неабходную тэхніку, знаёміць з ютуб-каналамі, каб у кожным маленькім горадзе ведалі тое, што рэальна адбываецца ў краіне».
Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» таксама падкрэсліў істотнасць падтрымкі дэмакратычнага руху працоўнымі заводаў. «Вельмі разлічваем на тое, што працоўныя заводаў пакажуць сваю моц так, як яны зрабілі гэта калісьці на МЗКЦ, калі скандавалі “Сыходзь!”». Сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч, у сваю чаргу, нагадала пра неабходнасць пастаяннай падтрымкі палітвязняў. «Калі вы не ведаеце, што рабіць, але жадаеце неяк дапамагчы, калі ласка, прыходзьце на суды, і не толькі да вядомых палітычных актывістаў».
Даволі шмат пытанняў выклікаў план «Перамога». Адзін з удзельнікаў пажадаў удакладніць, калі будуць запушчаныя канкрэтныя дзеянні. Валеры Кавалеўскі адказаў: «План “Перамога” будзе запушчаны тады, калі мы будзем гатовыя ўсёй краінай яшчэ раз сказаць “Не” і вярнуць сабе ўладу. Больш актыўна далучайцеся да плана, пастаўце перад сабой мэту паведаміць пра яго дзесяці, дваццаці знаёмым. Як мінімум, людзі павінны ведаць пра гэта. Усё ў нас атрымаецца».
У адказ на пытанне пра эканамічную сітуацыю пасля перамогі дэмакратычнага руху, кіраўнік кабінета прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай сказаў: «Самым заўважным дзеяннем у гэтым кірунку стала прыняцце Еўрасаюзам плана ўсебаковай дапамогі для Беларусі ў памеры трох мільярдаў еўра. Гэта самае істотнае абяцанне, якое мы атрымалі. Гаворка ідзе пра інвестыцыі, тэхнічную падтрымку, праграму пераадукавання спецыялістаў, рэфармавання эканомікі дзяржапарату. Таксама мы пачалі абмеркаванне падобных праграм са Злучанымі Штатамі, Канадай, Вялікабрытаніяй і з іншымі краінамі. Таксама мы разлічваем на дапамогу Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банка, якія даўно былі гатовыя пашыраць сваю прысутнасць у Беларусі, але праз палітычную сітуацыю ці няздольнасць да рэфармавання эканомікі такія праграмы пакуль былі прыпыненыя».
На пытанне наконт міжнароднай палітыкі Святлана Ціханоўская адказала: «Па-першае, варта разумець, што мы незалежная краіна, і праблема ў Беларусі. Мы не павінны шукаць адказы на нашы пытанні ў нейкай іншай краіне». Таксама Ціханоўская адзначыла, што на сёння дзеючы рэжым падтрымліваюць не больш за чатыры краіны, у той час як дэмакратычны беларускі рух падтрымліваюць больш за сорак краін.
Паўлу Латушку было адрасавана пытанне аб тым, ці ёсць нейкі вышэйшы орган, які можа патрабаваць ад Лукашэнкі сыходу з пасады прэзідэнта. «Акрамя іншых, ёсць яшчэ адзін дзейны інструмент, які мы прапаноўваем. Гэта прызнанне Лукашэнкі міжнародным тэрарыстам. У адпаведнасці з адзнакамі шэрагу міжнародных юрыстаў, ён ужо ажыццявіў дастатковую колькасць дзеянняў, якія могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы — як унутры краіны, так і па-за яе межамі», — растлумачыў кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення».
Таксама было паднята пытанне змены Канстытуцыі. «У мяне ёсць упэўненасць у тым, што Лукашэнка будзе адкладаць правядзенне любых галасаванняў у Беларусі як мага далей. Папярэдні досвед галасавання дзявятага жніўня паказаў, што Лукашэнка не можа кантраляваць сітуацыю ў краіне. Беларусы ўжо здольныя выяўляць фальсіфікацыі на выбарах, а таксама адстойваць свой выбар. Тое, што зараз гаворыцца пра магчымы плебісцыт, вельмі малаверагодна. З нашага боку, мы рыхтуем праект Канстытуцыі, ён ужо выйшаў на этап грамадзянскага абмеркавання. Таму ў нас ёсць альтэрнатыва, якую можна прадставіць беларусам як на разгляд, так і пасля на галасаванне», — выказаўся Валер Кавалеўскі.
Дапоўніў адказ на пытанне пра Канстытуцыю Павал Латушка: «Што тычыцца самога дня галасавання, у мяне няма ілюзій, Лукашэнка, вядома, не дапусціць альтэрнатыўную версію Канстытуцыі. Сыходзячы з гэтага, нельга верыць гэтаму чалавеку, аніводнаму яго слову. Ён не адыдзе ад улады, да апошняга дня будзе трымацца яе, бо інакш яму пагражае крымінальная адказнасць. Ён будзе пужаць усіх сваіх паплечнікаў, гаварыць, што іх разарвуць на часткі, гэта ўсё хлусня. Ён спецыяльна стварае вакол сябе такую атмасферу, каб пратрымацца ва ўладзе, пакуль зможа жыць на гэтай зямлі. Таму мы павінны будзем пайсці на гэты рэферэндум, хаця і не будзем лічыць яго легітымным, і супрацьдзейнічаць яму, тады, магчыма, паўторыцца 9 жніўня 2020 года».
Напрыканцы сустрэчы слова ўзяла Святлана Ціханоўская. Лідарка дэмакратычнага руху пажадала адказаць на заўвагу, якую ўбачыла ў чаце з пытаннямі. Адзін з удзельнікаў сустрэчы цікавіўся, «ці свабоднае сёння сэрца Першай лэдзі», таму што заўважыў, што Ціханоўская нібыта не носіць заручальны пярсцёнак. У адказ на гэта Святлана адказала: «Калі б вы сапраўды сачылі за мной, а не за прапагандысцкімі каналамі, у вас не ўзнікла б такое пытанне. Маё сэрца зараз утрымліваецца ў закладніках у Беларусі, а мой пярсцёнак заўсёды са мной».