Вільня адзначыла першыя ўгодкі масавых беларускіх пратэстаў (фота)
Увечары 9 жніўня ў Вільні адбылася акцыя ўшанавання памяці мінулагодніх падзей, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Сотні беларусаў, якія апынуліся ў Вільні, а таксама мясцовыя беларусы і віленцы далучыліся да акцыі на Лукішках, адным з цэнтральных і асабліва памятным для беларусаў віленскіх пляцаў. Сярод удзельнікаў акцыі было шмат прадстаўнікоў супольнасці ЕГУ.
![img_0194_3_logo.jpg img_0194_3_logo.jpg](/img/v1/images/img_0194_3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Святлана Ціханоўская звярнулася да тых, хто сабраўся са шматлікімі беларускімі сцягамі, з заклікам працягваць барацьбу за дэмакратыю. На акцыі таксама выступіла прэм’ер-міністарка Літвы з абяцаннем надалей падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларусаў. Спадарыня Інгрыда Шыманітэ падкрэсліла яшчэ раз, што заходні свет не прызнае выбараў 9 жніўня мінулага года, а таму не прызнае легітымным цяперашняга фактычнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Як распавяла спдн. Шыманітэ, год таму яна асабіста назірала за выбарамі ў беларускай амбасадзе ў Вільні і на свае вочы бачыла вялікія чэргі беларусаў з белымі стужкамі. Але амбасада ўсё адно схлусіла і падала сфальсіфікаваныя вынікі выбараў. Такая хлусня не можа быць забытая. З пасланнямі падтрымкі і салідарнасці выступілі таксама прадстаўнікі парламентаў Латвіі і Эстоніі.
![img_0196_1_logo.jpg img_0196_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_0196_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пасля акцыі памяці на Лукішках удзельнікі рушылі да беларускай амбасады, каб яшчэ раз падкрэсліць і перадаць пасланне салідарнасці з беларусамі, якія на цяперашні момант пазбаўленыя права маніфеставаць у Беларусі і часта знаходзяцца ў турмах.
![img_0198_2_logo.jpg img_0198_2_logo.jpg](/img/v1/images/img_0198_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![img_0197_logo.jpg img_0197_logo.jpg](/img/v1/images/img_0197_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Акцыя памяці завяршылася на аптымістычнай ноце, бо 9 жніўня ператвараецца на вачах беларусаў і ўсяго свету ў новае свята будучай беларускай дэмакратыі.
![img_0199_2_logo.jpg img_0199_2_logo.jpg](/img/v1/images/img_0199_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)