Ціханоўская: ЗША, Вялікабрытанія і Канада рыхтуюць сумесныя санкцыі супраць улад Беларусі
Пра гэта палітык заявіла падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з міністрам замежных спраў Літвы Габрыэлюсам Ландсбергісам у Вільні.

Кіраўнік МЗС Літвы заявіў, што Вільня лічыць неабходным увесці дадатковыя санкцыі супраць беларускіх улад як праз міграцыйны крызіс на мяжы, так і рэпрэсіі, якія працягваюцца ўнутры Беларусі.
Святлана Ціханоўская адзначыла, што ЗША, Вялікабрытанія і Канада рыхтуюць сумесныя санкцыі супраць беларускіх улад і ў бліжэйшы час могуць абвясціць пра іх увядзенне.
— Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека пачаў дакументацыю фактаў гвалту і катаванняў беларусаў, мы працуем над набліжэннем міжнароднага трыбунала па злачынствах рэжыму і правядзеннем міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па вырашэнні крызісу ў Беларусі, — дадала палітык.
Пазней стала вядома, што Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі: у персанальны спіс трапілі сілавікі, прапагандысты, бізнесмены. Таксама пад санкцыі трапілі Міхаіл Гуцэрыеў і кампанія «Дана Холдынг».