Вялікабрытанія ўводзіць новыя санкцыі супраць афіцыйнага Мінска
Вялікабрытанія ўвяла пакет гандлёвых, фінансавых і авіяцыйных санкцый супраць Беларусі, паведамляе МЗС Вялікабрытаніі. Яны закрануць калійныя ўгнаенні, нафтаперапрацоўку і авіяцыю.
Лондан уводзіць гандлёвыя абмежаванні ў дачыненні да калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў, трансферу тэхналогій, тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў тытунёвай прамысловасці, тавараў і тэхналогій падвойнага прызначэння, якія могуць выкарыстоўвацца для рэпрэсій.
Фінансавыя меры забараняюць куплю каштоўных папер і іншых інструментаў фінансавага рынку, а таксама прадастаўленне крэдытаў Беларусі і дзяржбанкам.
— Гэтыя санкцыі паказваюць, што Вялікабрытанія не прымае дзеянні Лукашэнкі пасля сфальсіфікаваных выбараў. Прадукцыя дзяржаўнай прамысловасці Лукашэнкі не будзе прадавацца ў Вялікабрытаніі, — заявіў міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб.
Санкцыі таксама закрануць авіяцыйную галіну. Акрамя забароны лётаць у паветранай прасторы Злучанага Каралеўства Лондан адмовіцца ад тэхнічнага абслугоўвання самалётаў авіякампаній, звязаных з Аляксандрам і Віктарам Лукашэнкам, Ігарам Сяргеенкам, Іванам Церцелем, Віктарам Хрэніным, Наталляй Эйсмант і Іванам Кубраковым.
Сёння ж Вялікабрытанія заявіла аб далейшым узмацненні жорсткасці дзеючага эмбарга на пастаўкі зброі, а таксама аб уключэнні ў санкцыйны спіс расійскага бізнесмена Міхаіла Гуцэрыева.
ЗША таксама абвесцяць пра новыя санкцыі сёння, 9 жніўня, праз год пасля выбараў прэзідэнта ў Беларусі, гаворыцца ў паведамленні МЗС Вялікабрытаніі.
news.zerkalo.io