«Мы тут як Богам забытая абіцель у цэнтры гораду!»
Жыхарам былых «партовых дамоў» у Горадні не даюць падключыцца да газу, які праходзіць у некалькіх метрах ад будынкаў.

Сярод прыватнай забудовы па вуліцы Леванаберажнай стаяць два
драўляныя трохпавярховыя будынкі. Адзін 1956 году пабудовы, другі – 1961-га. Дамы
некалі будаваліся «гаспадарчым спосабам» – працоўныя адпрацоўвалі тут пэўную
колькасць гадзінаў па выходных, будуючы жытло для сябе. Зараз фармальнай
прывязкі да порту будынкі не маюць – іх перадалі гораду яшчэ ў 1979 годзе.



Сёння тут няма ані газу, ані нармальнага вывазу смецця, атапленне – пячное, а па грунтовай дарозе ўзімку калі праедзеш, то з вялікімі цяжкасцямі.
«Мы 42 гады ўжо ЖЭСу тут не бачылі!»
Жыхар дому па Леванаберажнай, 43 Аляксандр Пятровіч праводзіць нам імправізаваную экскурсію. Мужчына распавядае, што пры перадачы гораду порт зрабіў рамонт і з таго часу фактычна нічога не рабілася…

«Вось, паглядзіце, як нам пафарбавалі дом нядаўна, — паказвае сп. Аляксандр, — Яны два вядра фарбы пусцілі на ўвесь будынак трохпавярховы. Фарба ўся ўпіталася наўпрост. Мы 42 гады ўжо ЖЭСу тут не бачылі!»

У двух дамах (№41 і 43) усяго дваццаць кватэраў, па дзесяць у кожным. Цэнтралізаванай каналізацыі няма: яшчэ пры будаўніцтве былі зробленыя адмысловыя бетонныя ёмістасці, з якіх раз на пэўны час адкачвалі бочкі. Такая практыка засталася і па сёння: вывозіць ЖЭС.
З гарачай вадой сітуацыя падобная. Раней грэлі хто як мог, зараз кожны набыў сабе электранагравальнік. Плоцяць за кватэры па-рознаму: хто мільён чатырыста, хто троху больш за мільён, і гэта не лічачы кошт дроваў, газу і г.д. Ацяпленне брыкетам ды дровамі цягне прыкладна на чатыры мільёны ў год.




«Новы балон могуць праз тры дні прывезці або праз пяць…»
Галоўнай праблемай жыхароў застаецца газ, які так і застаўся на прывазных балонах. Аляксандр Пятровіч паказвае 50-літровы балон, які стаіць у куце на кухні:


«Калі сканчаецца газ – тэлефануем. Могуць на наступны дзень прывезці, а могуць праз тры дні або праз пяць… Як у іх чарга будзе выглядаць у ГарГазе. Па нормах мае быць нармальная вентыляцыя ў кватэры, а тут фактычна вентыляцыі няма ніякай. Як дом будаваўся ж яшчэ і балоны газавыя не былі пашыраныя – такога не прадугледжвалася».

Аднак самае парадаксальнае ў сітуацыі, што газавая траса праходзіць тут жа – у некалькіх метрах ад ганку дома, пад дарогай. Трубу тут праводзілі адмыслова да Рыбнагляду.

«Мы звярталіся, каб нам таксама падключыцца, — тлумачыць сп. Аляксандр, — Яны палічылі, атрымалася каля 1000 даляраў з кватэры. Добра, пагадзіліся людзі, грошы сабралі. А нам кажуць: вам “не положено”, бо не ўсе кватэры прыватызаваныя, таму вы не можаце стварыць кааператыў і г.д. І як жыць?»
У выніку, перапіска на «газавую тэму» цягнецца ўжо каля пяці
год.


«Калі слізка, то смецце месяцамі не вывозіцца»
Побач з будынкам – драўляная скрыня для смецця. Пра металічныя кантэйнеры, тым больш для раздзельнага збору смецця, на які ЕЗ выдзяляе Беларусі кошты, тут і не чулі. Добра, калі камунальнікі наогул вывязуць.


«Часам як бывала? Грошы яны бралі за вываз, а смецце – стаяла надалей, — працягвае жыхар дому, — Зімой асабліва, калі машына мае пад’ехаць, трэба па дарозе ўгару падымацца, дык ім не зручна. Тады месяцамі смецце не вывозілася. То бок калі дарога слізкая – яны сюды не ездзяць.»

Неасфальтаваная дарога – асобная гісторыя. Зараз праехаць «з горам папалам» усё ж такі можна: сёлета тут прайшоўся грэйдар. Раней жа людзі самі дамаўляліся, каб прывозіць дарожную крошку. Самі засыпалі, раўнялі, трамбавалі - ладзілі адмысловыя «суботнікі».


«Мы тут як забытая Богам абіцель! – разводзіць рукамі
Аляксандр Пятровіч, — Ды яшчэ і ў цэнтры горада. Пісалі за гэты час ужо і ў Адміністрацыю
Кастрычніцкага раёну, і ў гарвыканкам, і ў ГарГаз… Без талку.»

Дамы насамрэч знаходзяцца ў самым цэнтры: з вокнаў бачныя Стары і Новы замкі, хвалі Нёмана. Толькі што замежныя экскурсіі, летнія кавярні і кіламетры, выкладзеныя краснасельскай пліткай, застаюцца па іншы бок ракі. Сюды ж мала хто заглядае, нібы і горад іншы.
