​Мы ідзём у беларускую школу

1 верасня смелыя і вясёлыя беларускія дзеткі распачнуць новы навучальны год. "Радыё Свабода" пагаварыла са школьнікамі ў розных гарадах, каб даведацца, як у іх прайшло лета і чаго чакаюць ад будучых заняткаў.



vasiliok_astrouski.jpg

Васілёк Астроўскі

Света, Янка і Васілёк Астроўскія з Горадні

 

У сям’і Астроўскіх дзеткі навучаюцца ў розных школах і розных класах.

Света — самая старэйшая, яна пойдзе ў шосты класу гімназіі № 10. Вучоба ёй даецца лёгка, яна старанная, шмат чытае кніжак, мае добрыя адзнакі і вельмі любіць займацца спортам. Распавяла, што цікава правяла канікулы ў бабулі ў Свіслачы: шмат гуляла, каталася на ровары. Але па сваёй школе і аднакласніках засумавала.

Света ўзгадвае, што ў першым і другім класе яна навучалася на беларускай мове адна, толькі на фізкультуру і спевы хадзіла з іншымі дзеткамі, а цяпер ёсць яшчэ адзін хлопчык, з якім яны ўдваіх у беларускамоўным класе. А яшчэ з'явілася сяброўка, якую асабліва хочацца хутчэй пабачыць.

«У мяне ўжо пасля другога класа з'явіліся аднакласнікі, таму мне стала значна весялей. Сяброўка мая Юля — стараста нашага класа. Мы вельмі падобныя і характарамі, і паводзінамі, і адзнакамі. А сябар — гэта хлопчык, які вучыць са мной усе прадметы па-беларуску. Мы з ім таксама вельмі добра ладзім», — кажа Света.

gdb.rferl.org__7f7b6b2f_841b_4_3bd13c0c9d8531581f4672ecef8dbc38.jpeg

Света Астроўская

Янка ідзе ў 5-ы клас. Распавядае, што з гэтага года пачне навучацца ў новай гімназіі. Ён таксама добра адпачыў і з нецярплівасцю чакае першага дня заняткаў. Мае надзею, што ў новай школе з'явіцца шмат новых сяброў. Янка кажа, што найцяжэй яму пакуль даецца матэматыка і руская мова, але ён стараецца і думае, што ўсё зменіцца, бо з заняткамі яму дапамагаюць тата і мама.

.

gdb.rferl.org__83e5c63e_484a_4_900aa285f0057ace675c493bf403b509.jpeg

Янка Астроўскі

Гэтым летам Янка прачытаў шмат кніжак, быў у спартовым лагеры, шмат купаўся, гуляў у футбол, наведваў бабулю.

«Я маю надзею, што мяне ў новай школе добра сустрэнуць, бо я першы раз іду ў 7-ю гімназію. Думаю, што вучыцца будзе нашмат цяжэй, бо гэта ўжо 5-ы клас. Маю вялікую надзею, што мне спадабаюцца ўсе хлопчыкі і дзяўчаткі, якія там вучацца», — распавядае Янка.

Васілёк пойдзе ў другі клас. Яму найбольш падабаецца фізкультура. Ён дадаткова ходзіць на спартовыя секцыі. Асабліва засумаваў Васілёк па адным з сваіх сяброў, якога вельмі хоча пабачыць.

«Я сябрую з адным хлопчыкам, ён ніжэйшы за мяне ростам, і яго называюць — Захар. Я хачу яму што-небудзь падараваць, і ён мне таксама нешта падаруе...» — кажа Васілёк.

Ялінка Салаўёва з Магілёва

Адзіная ў Магілёве школьніца, якая вучыцца на беларускай мове, Ялінка Салаўёва пайшла ў шосты клас. Як і ў папярэднія вучнёўскія гады, ёй і сёлета не знайшлося аднакласнікаў. Бацькі Ялінкі прэтэнзіяў да педагогаў не маюць. Кажуць, што ў дачкі ёсць усё неабходнае для вучобы.

Пяты клас Ялінка скончыла добра. Кажа, што ёй падабаюцца матэматыка, інфарматыка, беларуская мова і літаратура.

«Мне падабаецца розныя лічбы складаць, рашаць задачы на логіку», — тлумачыць Ялінка сваю прыхільнасць да матэматычнай навукі. Вучыць матэматыку па-беларуску не складана, запэўнівае дзяўчынка.

За лета Ялінка прачытала некалькі тоўстых кніг. Па-руску адолела Пушкіна «Дуброўскага» і Гогаля «Ночь перед рождеством». Па-беларуску па-за школьнай праграмай прачытала «Сем камянёў» Аляксея Шэіна. Кніга, кажа, падобная да сэрыі кніг пра Гары Потэра.

«Я наагул люблю чытаць фантастыку і прыгоды. Чытаю на беларускай і расейскай мове. Троху чытаю і па-ангельску», — кажа Ялінка.

Улетку сям’я Салаўёвых пабывала ў Літве. Ялінцы спадабалася, як выглядаюць вуліцы ў Вільні. «У іх ёсць нешта старажытнае», — кажа яна.

«Мы бачылі Вострую браму. Залазілі на вежу Гедыміна. Былі каля будынка, дзе працаваў Францыск Скарына. Былі ў Друскеніках у аквапарку», — каротка пераказала маршрут падарожжа Ялінка.

gdb.rferl.org__9c50be24_bc36_4_fbafcf5ea341e42f419f970629ab363c.jpeg

Сям’я беларускамоўнай вучаніцы: тата Зміцер, мама Надзея

Да новага навучальнага года беларусы, якія жывуць у Чэхіі, даслалі Ялінцы свае прэзенты: заплечнік, фламастары і вялікую ляльку. Пахвалілася Ялінка і дзвюма кнігамі. Першую кнігу ёй уручыў Ніл Гілевіч.

«Мы ездзілі да яго ў Менск, і ён падарыў мне вось гэтую кнігу. І яшчэ падпісаў яе. Тут напісана: «Ялінцы Салаўёвай у вялікую шчаслівую дарогу з родным словам у сэрцы. Памятай, на цябе глядзіць Беларусь», — кажа магілёўская школьніца.

Другую кнігу, «Дажыць да зялёнай травы», даслаў у 2008 годзе сам Рыгор Барадулін. Школьніца кажа: «Кніга таксама падпісаная: „Ялінцы — расці шчаслівай“».

Мікіта Кузьмініч з Горадні

 

Мікіта Кузьмініч перайшоў у шосты клас. Вучыцца ў 10-й гарадзенскай гімназіі. У класе толькі два вучні: ён ды Света Астроўская. А ці праўда, што ў вучняў беларускіх класаў з расейскай мовай горш? Не, адказвае Мікіта, па-руску ён размаўляе свабодна, вывучае ангельскую. Але вучыцца на беларускай мове адразу было няцяжка. У яго добрыя настаўнікі, кажа ён. І шмат сяброў у іншых класах.

gdb.rferl.org__a2bf5681_5b65_4_8bfc76333fd4d16cc102de954502deff.jpeg

Мікіта Кузьмініч з бацькам Ігарам.

А што па-за вучобай? Спачатку займаўся плаваннем, затым стральбой з лука, сёлета хоча пайсці на каратэ. Вучню беларускага класа трэба быць развітым усебакова. А што са спаборніцтвамі? Пакуль рана, трэба два гады вучыцца трапляць з лука ў мішэнь. Але быць першым не ў кожнага выйдзе. Сябар ездзіў на спаборніцтвы, але заняў апошняе месца, кажа Мікіта.

Францішак Вялічкін з Берасця

 

Францішак Вялічкін будзе навучацца ў пятым класе школы № 29. Улетку, кажуць яго бацькі, Уладзімер і Маргарыта Вялічкіны, яны шукалі магчымасці працягнуць навучанне менавіта ў беларускамоўным класе. Разглядалі нават варыянт навучання ў вёсцы, галоўнае — на роднай мове. Аднак калі пачалі шукаць, то выявілася, што бліжэйшая беларускамоўная школа — за 60 кіламетраў ад Берасця, у Камянецкім раёне. У выніку цягам лета пяцёра берасцейцаў дабіліся адкрыцця пятага беларускамоўнага класа ў абласным цэнтры.

gdb.rferl.org__ae8aa64b_4a41_4_facc16ab2011e0430c5050854924645c.jpeg

Францішак Вялічкін

Вучань пятага класа Францішак Вялічкін кажа, што сумуе па школе, хоць яшчэ б і пагуляўся. Хлопчык перакананы, што каб быць сапраўдным беларусам, вучыцца трэба на роднай мове. З сябрамі Францішак вольна гутарыць і па-беларуску, і па-руску.

www.svaboda.org