Беларускамоўны магілёвец узяўся за беларусізацыю “Прыёрбанка”
Ён напісаў прозвішча, імя і імя па бацьку падчас запаўнення формы на сайце банка на беларускай мове, сістэма выдала, што яго завуць няправільна.
Настаўнік з Магілёва Андрусь Кавалёў з гэтай прычыны абурыўся і напісаў скаргу на адрас банка. Там прызналі хібы, якія былі выкліканыя мадэрнізацыяй сайта і абяцалі неўзабаве выправіць нязручнасці. Па словах Кавалёва, адказ яму прыйшоў на мове звароту, у ім яму адказалі, што “Прыёрбанк” з павагай ставіцца да абедзвюх дзяржаўных моваў, а таксама падзякавалі за праяўленую ўважлівасць. Цяпер літары “ў”, “ё” ды “і” сістэма бачыць і распазнае.
Распавядае Андрусь Кавалёў:
"Стаў не так даўно кліентам, бо праца вымагала. Кліентам быць не хацеў, бо стаўленне да гэтага банка ў мяне было не станоўчае, бо раней былі праблемы ў зносінах з яго персаналам. Так атрымалася, што трэба было дазнацца пра нюансы па разліках карткай за мяжой, і я вырашыў скарыстацца электроннай формай. Напісаў, хто я такі, і націснуў “адправіць”. Мне выскачыла, што ў мяне няправільнае прозвішча і імя па бацьку. Калі б гэта была памылка ці няправільна ўведзена — іншая справа. А так атрымалася, што пражыў 40 гадоў і дазнаўся, што ў мяне няправільнае прозвішча! Адразу стала неяк няёмка".
Магілёўскі настаўнік лічыць, што такія недарэчнасці ўзнікаюць праз малую колькасць рэальных спажыўцоў беларускай мовы. Не кожны беларускамоўны чалавек адважыцца нешта некаму пісаць, бо ў яго ёсць запасны варыянт — руская мова, на якой ён можа запоўніць любыя формы і гэта не прынясе яму ніякіх складанасцяў.
Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што такія скаргі на адрас дзяржаўных і прыватных установаў ад грамадзян з'яўляюцца перыядычна:
"Заканадаўства аб мовах парушаецца пастаянна, але скаргі падаюць выключна тыя, хто размаўляе на беларускай мове і сутыкаецца з праблемаю, калі даюць адказы не на мове звароту. Пасля скаргаў звычайна выпраўляюць дапушчаныя хібы. Выбарчыя камісіі даюць адказы не на мове звароту. Аднак ужо ў апошні раз адказ з Ленінскай раённай выбарчай камісіі прыйшоў на беларускай мове. Цяпер я рыхтую скаргі ў Генеральную пракуратуру на абласную і гарадскую пракуратуры, а таксама на адказ з Цэнтрвыбаркама, дзе яны апраўдваюцца і сцвярджаюць, што выбарчыя камісіі маюць адмысловы статус — не з’яўляюцца дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, а з’яўляюцца невядома чым і таму маюць права парушаць заканадаўства аб мовах і аб справаводстве".
Тым часам у Магілёве ўжо было некалькі гучных выпадкаў, калі за адказы не на мове звароту, былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці кіраўніцтва “Магілёўаблаўтатранса”, а таксама ТАА "Арматурны завод". Усе тыя супрацоўнікі, якія дапусцілі парушэнні заканадаўства аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб, атрымалі штрафы.