Ні грама на Усход!

Падобна на тое, што ў Беларусі з Расіяй намячаецца чарговая «гандлёвая вайна». І гэтым разам яна справакавана не расійскім бокам, не дзеяннямі галоўнага санітарнага ўрача Расіі спадара Анішчанкі, а менавіта прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Увесь прыбытак ад перапрацоўкі 80 тысяч тон венесуэльскай нафты на Мазырскім НПЗ павінен застацца ў Беларусі, нягледзячы на тое, што 42,5% акцый завода належаць расійскім акцыянерам, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі па Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці.



72e6d3238361fe70f22fb0ac624a7072.jpg

Падобна на тое, што ў Беларусі з Расіяй намячаецца чарговая «гандлёвая вайна». І гэтым разам яна справакавана не расійскім бокам, не дзеяннямі галоўнага санітарнага ўрача Расіі спадара Анішчанкі, а менавіта прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Увесь прыбытак ад перапрацоўкі 80 тысяч тон венесуэльскай нафты на Мазырскім НПЗ павінен застацца ў Беларусі, нягледзячы на тое, што 42,5% акцый завода належаць расійскім акцыянерам, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі па Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці.
Звяртаючыся да генеральнага дырэктара МНПЗ Анатоля Купрыянава, Лукашэнка сказаў: «Дык вось запомні: калі хоць адна капейка пойдзе на той бок, наракай на сябе. Усе да кроплі грошы і прыбытак павінны быць у Беларусі. Ім не трэба было перапрацоўваць нафту, і прыбытку няма. Запомні: калі хтосьці будзе перашкаджаць, кажы адразу».
Што б гэта значыла? Напэўна, гэта выразны пасыл Маскве, што яна можа згубіць свайго стратэгічнага саюзніка на заходнім накірунку. Гэта ўжо не першы закід на бок расійскіх кіраўнікоў у адказ на чуткі пра тое, што Масква падтрымае не свайго даўняга кліента Аляксандра Лукашэнку, а іншага кандыдата ў прэзідэнты на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Гэта адказ і на рыторыку кіраўніка Расіі Дзмітрыя Мядзведзева.
21 красавіка прэзідэнты Расіі і Украіны дамовіліся наконт працягу тэрміну знаходжання Чарнаморскага флоту Расіі ў Севастопалі з 2017 года яшчэ на 25 гадоў і магчымасці далейшага працягу яшчэ на пяць гадоў. Пры гэтым была дасягнута дамоўленасць, што Украіна атрымае скідку на газ, які пастаўляецца Расіяй, у 100 долараў пры цане 330 долараў за тысячу кубаметраў і 30 працэнтаў — пры іншай цане.
На наступнай прэс-канферэнцыі Мядзведзеў адказаў на пытанне, ці можа разлічваць Беларусь на аналагічную ўкраінскай скідку на газ. Ён заявіў, што Расія гатова даваць прэферэнцыі рэальным партнёрам, а не тым, хто гэта толькі дэкларуе. «Адна справа — рэальнае партнёрства, а іншая справа — дэклараванне намераў. Адна справа — дамаўляцца аб тым, каб па-сур’ёзнаму працаваць, ісці насустрач адзін аднаму, дапамагаць адзін аднаму, а іншая справа — прымаць рашэнні аб прыёме на пастаяннае месца жыхарства лю­дзей, якія страцілі працу. Гэта розныя рэчы. Рабіце выснову самі», — сказаў Мядзведзеў.
У адказ, пасля галасавання на мясцовых выбарах, Аляксандр Лукашэнка нагадаў расійскаму калегу пра тое, што ў Беларусі знаходзяцца дзве расійскія ваенныя базы, за якія РФ нічога не плаціць. «Калі прэзідэнт Расіі на гэта забыўся, то час успомніць», — сказаў Лукашэнка.
Відавочна тое, што Лукашэнка на прэзідэнцкіх выбарах ужо не разлічвае на падтрымку Расіі. Не спадзяецца на танную нафту і газ. А калі так, — можна развязваць чарговую гандлёвую вайну. Але пры гэтым ён выдатна ўсведамляе, што за наступствы яго чакаюць.
Наступная прэзідэнцкая кампанія будзе вельмі цяжкай, сказаў Аляксандр Лукашэнка 27 красавіка ў ходзе паездкі па Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці.
«Расслабляцца нам ні ў якім выпадку нельга, — падкрэсліў беларускі кіраўнік. — Выбары ў саветы ў нашай краіне — гэта вельмі важная кампанія, але не асноўная. Наперадзе ў нас асноўная кампанія. Вельмі цяжкая будзе кампанія, вельмі цяжкая. І калі ў гэтай кампаніі прыйдзецца ўдзельнічаць дзейнаму прэзідэнту, то яна яшчэ цяжэйшай будзе, таму што вы бачыце, каму тут дзейны прэзідэнт не падабаецца, каму гэта не ў лад і на Захадзе, і на Усходзе. І, натуральна, рукі чухаюцца, хочацца неяк сюды ўлезці».
«Я ўжо, шчыра кажучы, напрацаваўся, — адзначыў ён. — Калі вы знойдзеце іншага прэзідэнта, страху не будзе. Усе роўна рана ці позна яго трэба будзе знайсці. Таму, калі знойдзеце, ну, што ж, добра».
Цікава, ці дачакаемся мы сакраментальнай фразы: «Я стаміўся, я сыходжу?» Тым болей, што ён сам, па ягоным прызнанні, ужо розум страчвае іншым часам. «Летась у гэты час, прабачце мяне, я розум губляў, мучыўшы і міністра сельскай гаспадаркі, і іншых: залежы на складах прадуктаў харчавання, непрададзеныя сыры, малочную прадукцыю не бяруць, ды яшчэ расіяне падкінулі, ведаеце, нам праблему, калі закрылі мяжу», — заявіў Лукашэнка.
Між іншым, жыццё ў Беларусі ідзе сваім ходам. Створана грамадскае аб’яднанне «Саюз «Гільдыя півавараў». Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 27 красавіка ў Мінску старшыня савета гільдыі, генеральны дырэктар ААТ «Крыніца» Рыгор Пяткевіч.
У саюз увайшлі ААТ «Крыніца», ААТ «Піўзавод «Аліварыя», ААТ «Лідскае піва», кампанія «Heineken у Беларусі» (ЗЗАТ «Піваварная кампанія «Сябар», СААТ «Рэчыцапіва»), ААТ «Брэсцкае піва».
«Мы аб’ядналіся не супраць кагосьці, мы — за піва», — падкрэсліў выканаўчы дырэктар гільдыі Саўлюс Галадаўскас. Сябры гільдыі падпісалі Кодэкс гонару півавараў, і нават плануюць стварыць Акадэмію піва. Як падкрэсліў выканаўчы дырэктар гільдыі Саўлюс Галадаўскас, галоўная каштоўнасць для кожнага півавара — гэта высокая якасць прадукту, сыравіны і працэсаў піваварства.
Што ж, чакаем, калі песня «Піце піва, мужыкі!» стане афіцыйным гімнам Беларусі.