На жаль, мы вельмі мала ведаем пра Курапаты

У апошнім нумары часопісу «Наша гісторыя» апублікаваны артыкул гісторыка Сяргея Егарэйчанкі «Курапаты: на сёння вядома амаль усё». Гэта вельмі добра, што мінулым Курапатаў зацікаваліся маладыя беларускія даследчыкі. Кепска іншае, што вынікі іх працы не ва ўсім адпавядаюць гістарычным рэаліям.

kurapaty_sviatlou_12_11_14_31_logo_1.jpg

Ад гэтага становіцца прыкра і сумна. Скажу шчыра, вагаўся, ці ўвогуле трэба рэагаваць на артыкул у “Нашай гісторыі” і траціць час, калі ў нас с сябрамі з грамадзянскай ініыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” на носе адкрыццё чарговай дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты” ў мінскім Палацы мастацтва.
Аднак пачуццё болю і адказнасці за Курапаты праз шматгадовую нашую з паплечнікамі далучанасць да курапацкіх справаў прымусіла напісаць колькі словаў у абарону праўды пра гісторыю гэтага старога хваёвага бору на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінска.

Курапаты існавалі здаўна


Аўтар артыкулу “Курапаты: на сёння вядома амаль усё” паводле словаў адной сведкі сцвярджае, што ў даваенны час у лесе Брод і яго наваколлі не існавала тапоніму з назвай Курапаты. Паводле яго, мясцовыя жыхары называлі “курапатамі” белыя пралескі, што цвілі ў траўні на бязлесым пагорку на паўночным усходзе ўрочышча. І менавіта назва гэтых кветак у 1988-м дала імя месцу расстрэлаў ахвяраў сталінізму.
Але іншае вынікае з нашых даследаванняў. Паводле сведчанняў жыхароў вёсак Цна-Ёдкава і Зялёны Луг Аркадзя Пацяршука, 1935 г.н., Міколы Няхайчыка, 1930 г.н. і Лідзіі Крывіцкай, 1935 г.н., традыцыйна называлі Курапатамі падковападобны ўзгорак, што ў канцы 1930-х — пачатку 1940-х гадоў быў пераважна ўзараны. Часткова зарослы хмызняком, ён прылягаў да самага ўрочышча Брод — з паўночна-ўсходняга боку. Пасля Другой сусветнай вайны гэты раней „лысы“ ўзгорак быў спачатку засаджаны невялікімі ялінкамі, хвойкамі і бярозкамі, а затым паступова зліўся з урочышчам Брод у адзіны хваёвы бор. А пасля адкрыцця ў бары ў 1988 годзе месца масавых забойстваў ахвяраў чырвонага тэрору Курапатамі сталі называць менавіта тую частку Броду, дзе адбывалася жудасная трагедыя.
Калі пра гэтае адкрыццё паведаміў сябру нашай ініцыятывы, вядомаму беларускаму археолагу, кандыдату гістарычных навук Міколу Крывальцэвічу, ён усміхнуўся і дадаў, што пра такую версію паходжання сучаснага тапоніму Курапаты нібыта казаў і Зянон Пазьняк. У адказ на маё пытанне: “А чаму ж тады першаадкрывальнікі Курапатаў, і Вы ў тым ліку, пра гэта ніколі і нідзе не пісалі?”, спадар Мікола з усмешкай працягнуў “Не ведаю…”
Трэба мець на ўвазе, што сведчанні Міколы Пацяршука ўпершыню прывялі у сваёй кнізе “Куропаты: следствие продолжается” (Масква, выдавецтва “Юридическая литература”, 1990) Георгі Тарнаўскі, Валер Собалеў і Яўген Гарэлік, а сведчанні Аркадзя Пацяршука і Лідзіі Крывіцкай разам з Алесем Макавым і Аляксеем Галічам мы зафіксавалі ажно праз чвэрць стагоддзя. Прычым гэта сведчанні людзей, якія жывуць у розных месцах і не ведаюць адзін аднаго.
Ёсць дзве версіі паходжання назвы: ад расліны кураслепу (магчымая дыялектная назва „курапаты“), што вясною скрозь цвіла ў Бродзе і Курапатах, і ад назвы дзікіх птушак курапатак. Паколькі пражыў ля самага ўрочышча каля 20 гадоў, магу засведчыць, што не раз бачыў чародкі гэтых прыгожых, рудаватых з рабацінкамі птушак на полі ўздоўж лініі электраперадачаў на захад ад Курапатаў. Дарэчы, сябры нашай ініцыятывы, у тым ліку і вядомы даследчык гісторыі беларускай мовы Вінцук Вячорка, схіляюцца да другой, арніталагічнай версіі паходжання назвы “Курапаты”.

На сёння вядомыя імёны пяцярых курапацкіх ахвяраў


Аўтар артыкулу “Курапаты: на сёння вядома амаль усё” даводзіць, што на сёння дакументальна пацверджаны імёны толькі двух курапацкіх ахвяраў – Мойшы Іясеевіча (мажліва Іяхеевіча) Крамэра і Мардыхая (мажліва Мордуха, Мардухая, Мардэхая, Мардахая) Шулькеса (мажліва Шулескеса).
Узгадваю, як напрыканцы 2001 года на чарговым паседжанні грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” адзін з першаадкрывальнікаў Курапатаў, вядомы беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук Алег Іоў упершыню назваў гэтыя імёны і падкрэсліў, што “пра такі яркі доказ археолагі марылі яшчэ ў 1988 годзе”. Пазней у зборніку матэрыялаў “Курапаты”, што ў 2002 годзе выдала грамадскасць ў Мінску, Алег Іоў напісаў: падчас раскопак у Курапатах у траўні 1998 года ў раскопе №30 у трох скураных партманетах былі знойдзены квіткі аб часовай канфіскацыі каштоўнасцяў. Прычым у двух выпадках алоўкам у графах былі ўпісаны канкрэтныя дадзеныя на арыштаваных Крамэра і Шулькеса: турма горада Гродна, 10 чэрвеня 1940 года. Разам з тым, спадар Алег зазначыў, што вынікі экспертызы па трэцім квітку археолагам невядомыя. Найбольш верагодным часам расстрэлу гэтых ахвяраў Алег Іоў лічыць лета – раннюю восень 1940-га.
Напрыканцы 2001 года актывісты ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” атрымалі з Пракуратуры Беларусі адказ наступнага зместу (цытую на мове арыгіналу):
“В процессе расследования дела удалось идентифицировать останки только трёх человек. При вскрытии захоронений найдены квитанции об изъятии у них денег при аресте, датированные октябрём 1939 и июнем 1940 годов. Уголовных дел на этих лиц нет. В связи с этим нет возможности выяснить, где они проживали, чем занимались и что им вменялось в вину (…) Начальник отдела за исполнением законов в войсках и на транспорте, старший советник юстиции А.Д.Довбыш”.
І мы пачалі шукаць трэцяга. Узгадваю, як на чарговае пасяджэнне нашай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” краязнаўца Алесь Макаў прынёс копію артыкулу Валянціна Корзуна і Анатоля Смалянкі “Кто и в кого стрелял в Куропатах” са сталічнага штотыднёвіка “7 дней” ад 24 лістапада 2001 года. Хоць артыкул імкнуўся сцвердзіць нямецкі след у Курапатах, ягоныя аўтары назвалі трох курапацкіх ахвяраў, “прозвішчы якіх устаноўлены ў ходзе апошняга расследавання”. Апроч расстраляных ва ўрочышчы Крамера і Шулькеса аўтары агалосілі прозвішча трэцяй курапацкай ахвяры – Штам (імя не ўдалося ўстанавіць). У нас няма аніякіх падставаў сумнявацца ў праўдзівасці словаў аўтараў артыкулу – прадстаўнікоў Грамадскай камісіі, вядомай сваімі прасавецкімі поглядамі і добрымі стасункамі з органамі цяперашняй беларускай улады.
Метадам выключэння з інфармацыі, атрыманай ад спадара Доўбыша, можна меркаваць, што Штам быў забіты ў Курапатах у кастрычніку 1939-га…
Трэба ўзгадаць яшчэ двух курапацкіх ахвяраў – мінчукоў мужа і жонку Сцяпана і Соф’ю Жукоўскіх, забітых адпаведна 22 і 27 лістапада 1937-га. Гэтыя людзі (планавік-эканаміст з органаў сацыяльнага забеспячэння і хатняя гаспадыня), абвінавачаныя ў супрацы з польскай выведкай, былі рэабілітаваныя толькі праз 22 гады – 5 лістапада 1959 года. Забіў іх жыхар Цны Грышка Бацян, які працаваў у НКВД і сп’яну хваліўся аднавяскоўцам, што Жукоўскіх ён сам страляў на Бродзе.
Пра гэта пісалі Зянон Пазьняк (“Курапаты”, Мінск, Тэхналогія, 1994) і аўтары кнігі “Куропаты: следствие продолжается”,. Прычым, у апошнім выданні на гэты конт прыводзяцца сведчанні дачкі забітых Галіны Сідзякінай, 1924 г.н, сябра ката Івана Алехны, 1911 г.н. і Кацярыны Багайчук, 1919 г.н. з вёскі Цна-Ёдкава.
Ад жыхароў вёскі Якубавічы актывістка нашай ініцыятывы Зінаіда Тарасевіч даведалася пра лёс Грышкі Бацяна, а колькі словаў да яго характарыстыкі дадала старажыл Цны Вольга Бароўская, 1927 г.н.
Хацеў бы звярнуць увагу паважанага чытача, што праца са сведчаннямі людзей, якой займаюся больш за поўстагоддзя, упэўніла: у сітуацыі, калі закрытыя архівы і адсутнічаюць пісьмовыя, выяўленчыя і рэчавыя доказы слаўных і трагічных старонак нашага мінулага, вусная гісторыя набывае асаблівую каштоўнасць. Нездарма ва ўсім цывілізаваным свеце навукоўцы надаюць такую вялікую ўвагу носьбітам вуснай гісторыі. Спадзяюся, што цягам часу і мы па-сапраўднаму ацэнім гэты велізарны і маладаследаваны архіпелаг людской памяці...  

Пра гістарычную тапаграфію Курапатаў


У артыкуле “Курапаты: на сёння вядома амаль усё” прыводзіцца апісанне некаторых аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі Курапатаў.
Хачу параіць шаноўнаму аўтару артыкула ўважліва пазнаёміцца з нашым даследаваннем па гэтай праблеме, што ўжо два гады як увайшло ў абарот гісторыкаў пасля міжнароднай навуковай канферэнцыі ў сталіцы Беларусі і змешчана ў адпаведным навуковым зборніку “Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных даследаваннях і калектыўнай памяці” (Мінск, выдавец Зміцер Колас, 2018)
Паколькі ў артыкуле “Курапаты: на сёння вядома амаль усё” пераказаныя, у тым ліку, і сведчанні, што гадамі руплівай працы збіралі і публікавалі актывісты нашай ініцыятывы, натуральнымі былі б колькі словаў падзякі гэтым людзям ці хоць бы спасылкі на адпаведныя публікацыі. Спадзяюся, што Сяргей Егарэйчанка будзе больш паважліва ставіцца да працы сваіх калегаў і суайчыннікаў.
І апошняе. Нам вельмі мала вядома пра Курапаты. І не толькі таму, што апроч названых імёнаў ахвяраў невядомыя ТЫСЯЧЫ іншых. А за кожным імем стаіць ЛЁС і ВОБРАЗ канкрэтнага чалавека. Каб іх узнавіць, патрэбна шмат часу і працы. Спадзяюся, што іх знойдуць дасведчаныя, руплівыя і сумленныя даследчыкі, каб праз гады гісторыя Курапатаў адкрылася свету ва ўсёй сваёй трагічнай велічы.
Каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”Марат Гаравы