Праз ахоўную зону Курапатаў А-100 плануе правесці кабельныя лініі электраперадачы

У вёсцы Копішча Мінскага раёна будуюць жылы раён з інжынерна-транспартнай інфраструктурай і аб'ектамі сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання насельніцтва. Сюды плануюць правесці кабельныя лініі электраперадачы напружаннем 10 кВ, якія хочуць пусціць праз ахоўную зону Курапатаў і водаахоўную зону Цнянскага вадасховішча.

0d8e9cbe472d5c8520dfd7a68ba367d0.jpeg

Праектам прадугледжваецца пракладка магістральных сетак электразабеспячэння 10кВ і тэлемеханікі, а таксама будаўніцтва размеркавальных трансфарматарных падстанцый. Заказчыкам выступае ТАА «Астодевелопмент».
Праектаваны аб'ект размяшчаецца ў раёне в. Копішча Бараўлянскага сельсавета Мінскага раёна. Траса кабельных ліній 10кВ праходзіць ад ПС «Даўгінаўская» (г. Мінск) уздоўж усходняга берага Цнянскага вадасховішча, перасякае МКАД, ідзе ўздоўж агароджы існуючай забудовы і далей уздоўж трасы Калодзішчы-Заслаўе, закранаючы межы ахоўнай зоны Курапатаў, ідзе да пляцоўкі будаўніцтва жылога раёна.
«На тэрыторыі Копішча існуе электрычная падстанцыя Маскоўская, ды і ў ваколіцах — падстанцыі Уручча і Зялёны Луг! Чаму вырашына весці з падстанцыі Далгінаўская? На форуме пішуць , што задавалі пытанне прадстаўніку замоўцы пра Маскоўскую, адказалі, што магутнасці выкарыстаны. У мяне пытанне, чаму нельга рэканструяваць гэтую падстанцыю ці іншыя існуючыя паблізу, павялічыць іх магутнасць ці збудаваць новую?», — хвалюецца жыхарка Мінска, якая паведаміла «Новаму Часу» аб праблеме.

Падстанцыі паблізу Копішча
Цяпер праходзіць грамадскае абмеркаванне па справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА). У ёй прадстаўлены сем альтэрнатыўных варыянтаў пракладкі лініі электраперадач, у тым ліку па-за межамі ахоўнай зоны, водаахоўнай зоны Цны і іншых зялёных зон. На думку грамадзян, якіх хвалюе гэтая тэма, найлепшы варыянт прадстаўлены пад нумарам 7. Але , як пазначана і ў справаздачы, праектны варыянт значна таннейшы, і гэта важней для замоўцы.

3c03bf570e78603a8c6b7f9cdc5ab4e9.jpeg

Мінчанка перакананая, што справаздачы павінны даць ацэнку і юрысты.
Нягледзячы на тое, што гаспадарчая дзейнасць плануецца на землях Савецкага раёна Мінска і землях Мінскага раёна, грамадскія абмеркаванні праходзяць толькі ў межах Мінскага райвыканкама, а на Савецкі раён амберкаванне не вынесена. 
Як стала вядома грамадскасці, абмеркаванне праекта ў прысутнасці замоўцы адбудзецца заўтра, 13.11.2019, у 17.00 у будынку Бараўлянскага ДК. Прысутнічаць могуць усе ахвотныя. Адметна, што інфармацыя пра гэта прыйшла на электронную пошту грамадзян, якія адправілі раней заяву аб неабходнасці сходу, але да гэтага часу афіцыйна не пацверджана на сайце выканкаму ў раздзеле «грамадскія абмеркаванні».