На Піншчыне ўпарадкуюць магілы жаўнераў Першай сусветнай вайны

На Піншчыне, да 100-х угодкаў пачатку Першай Сусветнай вайны (1914–1918), прывядуць у належны стан пахаванні жаўнераў, незалежна ад іх паходжання.



magila_21.jpg

У сімвалічнай акцыі ўдзел прымаюць аматары мінуўшчыны, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, якія не абыякавыя да гісторыі роднага краю.

Цалкам захаваліся гарнізоныя могілкі ў вёсках Парэчча і Невель, дзе знайшлі вечны спачын салдаты Нямечыны і Расіі, усе астатнія пахаванні значна прыцярпелі за савецкія часы, а некаторыя ўвогуле былі знішчаны. У самім Пінску захаваліся пахавані кайзераўскіх жаўнераў. У мястэчку Лагішын і вёсцы Парэчча пахаваныя жаўнеры польскага войска. Усе гэтыя магілы патрабуюць дагляду.

Намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Тацяна Хвагіна адзначае, што такое стаўленне ў СССР было абумоўлена шэрагам прычын, і беларускае грамадства яшчэ чакае асэнсаванне тых падзей:

Вайна адбылася не па адной прычыне, а па многіх прычынах. Якія замоўчвалі. Змяніць вось так, як шыльду вывесіў, гэты новы светапогляд, трэба каб не адно пакаленне нарадзілася, якое б стала думаць па-іншаму. Вялікім кіраўнікам здаецца, што помнік можа быць толькі прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Іншае ў іх нават не ўваходзіць у спіс пра што варта згадваць.

Асаблівая ўвага надаецца мясцінам, дзе неслі вайсковую службу выбітны беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі і іскравы прадстаўнік сярэбранага стагоддзя сусветнай літаратурыАляксандр Блок. Першая сусветная вайна на доўгія гады падзяліла Беларусь на дзве часткі. Некаторыя гісторыкі дагэтуль заўважаюць гэты падзел, які праяўляецца ў ментальнасці жыхароў Захаду і Усходу краіны.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя