Нацыянальная ідэнтычнасць: хто мы і якімі будзем
Прэзентацыя сацыялагічнага даследавання пад такой назвай прайшла 12 кастрычніка ў сталічным гатэлі «Сrowne Plaza». Арганізатарамі прэзентацыі былі грамадзянская кампанія «Будзьма беларусамі!», зарэгістраваны ў Вільнюсе Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (БІСД), а таксама сацыялагічная лабараторыя «НОВАК».
Прэзентацыя сацыялагічнага даследавання пад такой назвай прайшла 12 кастрычніка ў сталічным гатэлі «Сrowne Plaza». Арганізатарамі прэзентацыі былі грамадзянская кампанія
«Будзьма беларусамі!», зарэгістраваны ў Вільнюсе Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (БІСД), а таксама сацыялагічная лабараторыя «НОВАК».
Перад дзесяткамі журналістаў, прадстаўнікоў дзяржаўных структур, у тым ліку Міністэрства культуры і Адміністрацыі прэзідэнта, а таксама шырокай грамадскасці выступілі навуковыя кіраўнікі
даследавання: кандыдат сацыялагічных навук, супрацоўніца лабараторыі «НОВАК» Надзея Яфімава і доктар паліталогіі, дырэктар БІСД Віталь Сіліцкі. Вёў прэзентацыю каардынатар замоўцы
даследавання — агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ігар Лялькоў.
Па яго словах, ідэя прэзентаванага даследавання нарадзілася ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!», скіраванай на папулярызацыю сучаснай беларускай культуры. «Мы
пераканаліся ў тым, што ў Беларусі існуе вялікая запатрабаванасць на беларускую культуру — нашмат большая, чым мы спадзяваліся перад пачаткам кампаніі. Узнікла пытанне, а ці не надта
міфалагізаванымі і стэрэатыпнымі з’яўляюцца нашы ўяўленні пра культурныя погляды і патрэбы беларускага грамадства? Што насамрэч думае пра сябе і пра культуру сваёй краіны беларус ХХІ
стагоддзя? Менавіта на гэтыя і падобныя пытанні мелася адказаць гэта даследаванне», — падкрэсліў Ігар Лялькоў.
Прадстаўніца лабараторыі «НОВАК» Надзея Яфімава адзначыла, што даследаванне ўключала ў сябе працу з фокус-групамі і апытанне насельніцтва, якое праводзілася па рэпрэзентатыўнай
выбарцы сярод 1011 чалавек. Паводле атрыманых дадзеных, 31,6% рэспандэнтаў могуць свабодна размаўляць і пісаць па-беларуску; 42,7% чытаюць па-беларуску, разумеюць мову, але размаўляць ім цяжка. 22%
разумеюць беларускую мову, але з цяжкасцю чытаюць па-беларуску. 2% зусім не разумеюць беларускай мовы. Як адзначыў Віталь Сіліцкі, «лепш валодаюць беларускай мовай беларусы сталага веку, а
не маладое пакаленне».
А вось абсалютна новае для беларусаў адчуванне сябе еўрапейцамі — наадварот больш уласціва маладым. Як паведаміла Надзея Яфімава, цяпер, паводле апытання, 87% жыхароў Беларусі па
нацыянальнасці беларусы, 8% — рускія, 2% — палякі. Надзея Яфімава адзначыла, што раней рэспандэнты лічылі сябе захавальнікамі традыцый Савецкага Саюза, цяпер жа СССР і еўрапейскі
выбар памяняліся месцамі. За Савецкі Саюз выступаюць толькі 12,5% апытаных рэспандэнтаў, у той час як колькасць тых, хто лічыць Беларусь еўрапейскай дзяржавай, — ужо 15%. Еўрапейцамі лічаць
сябе 60% апытаных, а 70% выказалі гатоўнасць узяць на сябе адказнасць за краіну і яе будучыню.
Па словах Віталя Сіліцкага, даследаванне дало некаторыя дастаткова нечаканыя вынікі. Напрыклад, Магілёўская вобласць выйшла на першае месца па выкарыстанні беларускай мовы ў прыватным жыцці.
Тлумачэнне гэтаму даў старшыня ТБМ Алег Трусаў: «Я на днях прыехаў з майго роднага Мсціслава, дзе рабіў прэзентацыяю сваёй кнігі. Я ашалеў: прыйшла маса моладзі, дзяўчатак па шаснаццаць
гадоў, і яны ўсе са мной стараліся размаўляць па-беларуску. Вось вам і Магілёўшчына. А чаму? Яны бачаць, як жывуць у Расіі, за восем кіламетраў ад іх. Я спытаўся: а як вы хочаце наперад? Яны: мы не
хочам на той бок. Яны там бываюць, там татальная пустэча, на Браншчыне цэлымі вёскамі просяцца ў Беларусь. Канешне, у параўнанні з Польшчай Беларусь слабей. А ў параўнанні з Расіяй?»
Як адзначаюць аўтары даследавання, прычынай адносна рэдкага карыстання беларускай мовай у большасці апытаных аказалася адсутнасць беларускамоўнага кола знаёмых і сяброў (49,4%), на другое месца
выйшла кепскае валоданне мовай (33,5%), і зусім малы працэнт набраў адказ «ніхто вакол не карыстаецца, няма неабходнасці» — усяго 3,3%. На думку апытаных, прысутнасці
беларускай мовы пераважна не хапае ў сферы афармлення гарадоў, вітрын (такую думку падзяляе 51,7%), у палітыцы і дзяржаўным кіраванні (45,9%), у рэкламе (37,1%), у СМІ (35%) і адукацыі (34,6%).
Як лічыць незалежны эксперт Аляксандр Сасноў, становішча з беларускай мовай застаецца складаным яшчэ і таму, што яна ігнаруецца як вышэйшым кіраўніцтвам краіны, так і шараговым чыноўніцтвам.
«Трэба, каб самі ўлады пачалі размаўляць на беларускай мове, каб міліцыянты звярталіся да людзей па-беларуску, а не білі дручкамі за тое, што чалавек размаўляе на роднай мове»,
— падкрэсліў Аляксандр Сасноў.
І ўсё ж некаторыя ўдзельнікі дыскусіі адзначалі, што становішча з мовай тытульнай нацыі, хоць паціху, але паляпшаецца. Па словах пісьменніка і гісторыка Уладзіміра Арлова, усё пазнаецца ў параўнанні.
«Калі я быў студэнтам, то беларуская мова ў мінскім тралейбусе адназначна выклікала агрэсію ў абсалютнай большасці выпадкаў. Мяне часта называлі «калхознікам»,
«нацыяналістам» альбо нават «нацыстам». Зараз гэта, хутчэй, выключэнне. Я ўжо, бадай, і не ўзгадаю, калі я сутыкаўся з агрэсіяй у дачыненні мяне як
беларускамоўнага грамадзяніна. Калі зменіцца сітуацыя ў дзяржаўнай палітыцы для беларускай мовы, мы вельмі хутка ўбачым плён таго, што пакуль «дрэмле». Але тое, што стаўленне
сярэднестатыстычнага жыхара Беларусі да беларускай мовы змянілася ў лепшы бок, для мяне гэта несумненна», — адзначыў Арлоў.
Пасля асноўных дакладаў Надзеі Яфімавай і Віталя Сіліцкага адбылася ажыўленае і змястоўнае абмеркаванне даследавання, у якім узялі ўдзел многія прысутныя на прэзентацыі. Дыскусія атрымалася вельмі
жвавая і жывая, а многія закранутыя падчас прэзентацыя аспекты ўдзельнікі мерапрыемства яшчэ доўга абмяркоўвалі пасля яго завяршэння за кубачкам кавы ці гарбаты.