Нармальная сусветная практыка?
Сёння Мікола Статкевіч заклікае прыйсці на акцыю за сапраўдныя выбары. У акцыі, паводле меркавання палітыка, маюць права ўзяць удзел сотні
дэмакратычных назіральнікаў, якія могуць
расказаць нам шмат цікавага з убачанага.
Пакуль цяжка сказаць, ці шмат людзей прыйдуць на акцыю, але дакладна можна сцвярджаць, што ўлады падрыхтуюцца да гэтай падзеі.
Любы пратэст у Беларусі ўспрымаецца ўладамі крайне нервова. Людзей затрымліваюць ці складаюць пратаколы за цалкам мірныя акцыі — адзіночныя пікеты ці раздачы ўлётак. Той жа, хто адважыўся на пратэст у больш-менш радыкальнай форме (ці быў беспадстаўна абвінавачаны ў гэтым), адразу абвяшчаецца «ворагам народу» і адпраўляецца ў турму на максімальна магчымы тэрмін.
У апраўданне жорсткіх пакаранняў як дзеячы МУС, так і прапагандысты БТ актыўна выкарыстоўваюць аргумент: маўляў, так робіцца ва ўсіх краінах свету, у тым ліку «заходніх дэмакратыях», гэта «нармальная сусветная практыка». І зважаюць на традыцыйныя для Еўропы бунты левай моладзі і анархістаў альбо мігранцкія хваляванні. Тэлесюжэты на гэты конт суправаджаюцца відэакадрамі з разгону акцый Occupy ці антыглабалісцкіх пратэстаў.
Але ці так гэта насамрэч?
Германія
Адзін з нядаўніх выпадкаў масавых беспарадкаў у Еўропе: 9 ліпеня, падчас антыджэнтрыфікацыйнай маніфестацыі ў берлінскім раёне Фрыдрыхсхайн і сутыкненняў, пацярпелі 123 паліцыянты. 86 пратэстоўцаў былі затрыманыя.
Хваляванні адбыліся на глебе пратэсту супраць камерцыялізацыі раёну. Спрэчка паміж моладдзю і кіраўніцтвам горад распачалася за будынак на Рыгаэр-штрасэ, 94, у якім знаходзіцца адзін з апошніх сквотаў, што засталіся ў Берліне.
Калектыў сквоту, які так і называецца — «Rigaer94», лічыць заняты будынак апошнім бастыёнам супраць «капіталізацыі» публічнай прасторы ў Берліне. Жыллёвая прастора ў буйных гарадах, асабліва ў сталіцах, няспынна даражэе, пранікненне ў яе тых самых «япі», як і джэнтрыфікацыя, робіцца непазбежнасцю. Адпаведна, непазбежнасцю робіцца і канфлікт розных груп насельніцтва. Бізнес-колы хочуць інвеставаць у дарагую і прэстыжную нерухомасць, мясцовыя ўлады іх у гэтым падтрымліваюць, і тыя, і другія зусім не радыя таму, што ў «месцы-дзе-магла-б-быць-іх-рэклама» нейкія левакі прасоўваюць зусім не талерантныя да капіталізму ідэі.
У хваляваннях прынялі ўдзел каля 3500 чалавек — пераважна моладзь і пераважна прадстаўнікі левых рухаў. Улады мабілізавалі супраць іх 1800 паліцыянтаў. Пратэстоўцы кідалі ў праваахоўнікаў камяні, бутэлькі і піратэхніку, білі вітрыны крамаў, падпальвалі машыны. Як паведамляла BBC, многія мясцовыя жыхары былі салідарныя з пратэстоўцамі. Паліцэйскае кіраўніцтва назвала гэтыя беспарадкі «самымі буйнымі ў Берліне за апошнія пяць гадоў».
Якая ж рэакцыя нямецкіх уладаў на антыджэнтрыфікацыйны бунт? Франк Хенкель, міністр бяспекі Берліна, асудзіў «вакханалію гвалту левых экстрэмістаў». Мэр Берліна Міхаэль Мюлер заклікаў мясцовых жыхароў і паліцыю «сесці за стол перамоў і абмеркаваць патрабаванні абодвух бакоў» (!), правацэнтрысты з ліку хрысціянскіх дэмакратаў заявілі, што паліцыя была занадта мяккай з дэманстрантамі.
Згодна «The Wall Street Journal», толькі трое (!) з 86 затрыманых у тую ноч прыцягнуты да адказнасці «па падазрэнні ва ўдзеле ў грамадскіх беспарадках».
Данія
Аналагічны выпадак адбыўся ў 2007 годзе ў Капенгагене. Тады ўлады высялялі Дом моладзі: будынак выкупіла хрысціянская абшчына, але анархісты не спяшаліся яго аддаваць.
Высяленне цягнулася 5 дзён (прымяняліся верталёты і слезацечны газ), падчас бунтаў былі арыштаваныя больш за 750 чалавек. У паліцыі не хапала месца для ўтрымання арыштаваных, з турмаў вызвалілі побытавых крымінальнікаў, а таксама вывозілі арыштаваных у іншыя гарады.
Шэраг экспертаў (напрыклад, прафесар Роскільдскага ўніверсітэта Ларс Дэншык) сцвярджалі, што выкарыстанне антытэрарыстычнага спецназу ў гэтым канфлікце з’яўлялася празмерным сродкам і ставіла за мэту трэніроўку гэтага атраду, бо «сапраўдная небяспека для людзей адсутнічала».
Суд над арыштаванымі адбыўся ў снежні 2008 года. З 750 затрыманых перад судом апынуліся 15 чалавек, якія знаходзіліся ў Доме моладзі падчас высялення. Пры вобшуку ў іх знайшлі нелегальную піратэхніку і «кактэйлі Молатава». Пратэстоўцы атрымалі ад 9 да 15 месяцаў турмы. Параўнаем гэта з тэрмінамі асуджаных за «Плошчу–2010»: ад 3 да 6 год зняволення за, нібыта, «удзел у масавых беспарадках», і ў чыёй справе фігуравалі выключна «пластыкавыя бутэлькі з кактэйлем Молатава».
Вялікабрытанія
Яшчэ больш сур’ёзным і цяжкім для ўладаў быў бунт, які адбываўся ў Брытаніі 6–11 жніўня 2011 года. Прычынай яго сталася забойства паліцыянтамі ў Лондане 29-гадовага Марка Дагана. Пратэсты хутка перакінуліся на другія гарады і перараслі ў маштабныя беспарадкі, якія ахапілі ледзьве не ўсю краіну і суправаджаліся падпаламі, бойкамі з паліцыяй, рабаваннямі. 5 чалавек загінулі, 186 паліцыянтаў пацярпелі, нанесеная шкода ацэньвалася ў 200 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Да 15 жніўня было арыштавана больш за 3000 чалавек, з якіх больш чым 1000 былі прад’яўленыя абвінавачанні.
Розныя эксперты называлі розныя падставы бунту: хтосьці рабіў акцэнт на расізме з боку паліцыі, хтосьці — на класавай дыскрымінацыі і беднасці, хтосьці — на падзенні маралі і бандыцкай культуры імігранцкіх прыгарадаў Лондана.
У выніку судовых разглядаў 30% абвінавачаных былі вызваленыя (параўнанне з Беларуссю, зноў жа, просіцца само сабой). Сярэдні тэрмін зняволення арыштаваных склаў... 5 месяцаў. І англічане яшчэ скардзяцца: арышт на 25% даўжэйшы, чым у сярэднім!
Зразумела, што мы бярэм пад увагу толькі «ўдзельнікаў масавых беспарадкаў», а не тых, хто быў асуджаны за забойствы.
Беларусь
Беларусь бадай што не перажывала пратэсты і сутыкненні, падобныя на берлінскія, і яшчэ ніколі не ведала бунтаў накшталт лонданскага. Але гэта толькі падкрэслівае асіметрычную рэакцыю нашых уладаў на любы радыкальны пратэст. Прычыны «хваравітай» рэакцыі на масавыя выступленні хаваюцца, на мой погляд, не ў структуры МУС, не ў жаданні міліцэйскіх чыноў выслужыцца, не ў менталітэце беларусаў, і нават не ў нашым заканадаўстве аб мітынгах і масавых сходах.
Справа ў тым, што еўрапейскія пратэсты не нясуць фатальнай небяспекі для ўлады, не пагражаюць кіруючым колам і «правілам гульні», якія ўсталяваліся ў дзяржаве. Таму і разглядаюцца яны не як замах на дзяржаўны лад, а як парушэнне грамадскага парадку: дэ-факта — дробнае хуліганства. У краінах ліберальнай дэмакратыі падобныя бунты з’яўляюцца, у пэўнай ступені, структурнай з’явай і ледзь не часткай палітычнай культуры — напэўна, гэта вынікае з права на пратэст, замацаванага ў заходняй палітычнай філасофіі яшчэ Русо. Адпаведна, адсутнасць фатальнай пагрозы палітычнай сістэме і персанальна яе кіраўнікам робіць бессэнсоўнымі жорсткія рэпрэсіі супраць дэманстрантаў і бунтароў.
У Беларусі амаль любая вулічная пратэстная актыўнасць крыміналізаваная, бо разглядаецца — ні больш, ні менш — як спроба абрынуць увесь дзяржаўны апарат і асабіста яго кіраўніка. Пакуль прынцып нязменнасці элітаў будзе заставацца цэнтральным слупам беларускай сістэмы, тэндэнцый да змены такога становішча бачна не будзе. Як бы мы ні марылі пра нейкую лібералізацыю.