Актывістаў выклікаюць на допыты сведкамі, а пытаюць пра іх палітычныя погляды

Некалькі актывістаў анархічнага руху выклікалі на допыты ў якасці сведкаў па крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 339 КК за закідванне фарбай будынку Белтэлерадыёкампаніі і білбордаў з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.

bt_kraska_02.jpg


Допыты праводзіць следчая Стрэжань Алеся Барысаўна. Як кажуць сведкі-актывісты, следчая задае зашмат пытанняў, якія не адносяцца да справы, што расследуецца. Так, Алеся Стрэжань пытаецца падчас допыту, што такое анархізм, якое стаўленне ў сведкаў да яго, у якіх акцыях прымалі ўдзел, каго з анархістаў ведаюць, ці ведаюць, што такое экстрэмізм, і як ставяцца да яго. Часта, следчая задае пытанні ў сцвярджальнай форме і патрабуе на іх адказу “так” ці “не”. Неаднаразова пагражала сведкам крымінальнай адказнасцю за адмову альбо ўхіленне ад дачы паказанняў або за дачу загадзя ілжывых паказанняў.

Праваабаронцы лічаць, што Алеся Стрэжань, якая праводзіць допыты такім чынам, парушае Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Так, у арт. 217 КПК указана, што “калі той, каго дапытваюць, кажа пра абставіны, якія відавочна не адносяцца да крымінальнай справы, яму павінна быць паказана на гэта”, а таксама, што “задаваць наводзячыя пытанні забараняецца”. І нагадваюць, што сведка мае права не сведчыць супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і і сваякоў.

Юрыст ПЦ “Вясна” Наста Лойка адзначае:

“Складаецца ўражанне, што ў гэтых справах менш за ўсё следчых цікавяць абставіны нападу на БТ ці білборды ў Мінску, але ім важна зноў прыдумаць нейкую "арганізаваную групу анархістаў", пагражаць пераследам за экстрэмізм і мінімалізаваць грамадскую актыўнасць сацыяльных актывістаў. А заведзеная крымінальная справа проста выступае нагодай для актыўнага ціску і запужвання, як гэта адбывалася ў 2010 годзе".

Нагадаем, 9 чэрвеня анархісты закідалі лямпачкамі "прамога дзеяння" будынак "Белтэлерадыёкампаніі". Гэтай акцыяй яны выступілі "супраць прапаганды з боку дзяржавы, якая кожны дзень транслюецца з экранаў тэлевізараў, выліваецца на грамадства праз радыёпрыёмнікі".

Увечары 13 чэрвеня па падазрэнні ва ўдзеле ў акцыі былі затрыманыя анархіст і анархістка, якія пазней былі адпушчаныя. Крымінальную справу распачаў Следчы камітэт Першамайскага раёна г.Мінска па ч. 2 арт. 339 КК РБ — "Хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў".


spring96.org