Зноў дваццаць пяць

Ледзьве не з кожнага праса нас угаворвалі прагаласаваць датэрмінова. Лідзія Ярмошына запэўнівала: датэрміновае галасаванне — гэта сусветная практыка. Праўда, Лукашэнка сказаў, што датэрмінова галасаваць не пойдзе.

electionbelarus_p7j8w_dosrochka.jpg


Сапраўды, датэрміновае галасаванне — гэта сусветная практыка. Аднак у свеце для таго, каб прагаласаваць датэрмінова, трэба мець сур’ёзныя падставы. У нас жа на гэтае галасаванне не толькі дапускаецца «і жук, і жаба». Кіраўнікі прадпрыемстваў і навучальных установаў улагоджваюць сваіх падначаленых галасаваць датэрмінова. А тым, хто не ўлагоджваецца, пагражаюць «наступствамі». Вось і з’яўляюцца датэрмінова на ўчасткі ад чвэрці да траціны выбаршчыкаў. Так, на парламенцкіх выбарах 2012 года датэрмінова прагаласавала каля 25% выбаршчыкаў, на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года — каля 36%.

Праваабаронцы безліч разоў казалі, што «датэрміновыя» галасы ніяк не абароненыя ад фальсіфікацый. Але галоўны тэхнічны арганізатар выбараў — ЦВК — ад гэтай практыкі адмаўляцца не збіраецца, нават насуперак настойлівым і неаднаразова выказаным рэкамендацыям АБСЕ па пераглядзе гэтай сістэмы (нараканні на датэрміновае галасаванне можна знайсці ў справаздачы АБСЕ аж 2001 года!). Больш за тое, паводле той жа Лідзіі Міхайлаўны, калі адмовіцца ад датэрміновага галасавання, то ў асноўны дзень можа прагаласаваць толькі 20% выбарцаў. Чаго яна, канешне ж, дапусціць не можа.

Словы пра 20 працэнтаў яўкі ў асноўны дзень выбараў — гэта зноў жа «сеанс чорнай магіі з яе выкрыццём». Па-першае, гэтая лічба паказвае, што падчас выбараў скарыстоўваецца той самы «адміністрацыйны рэсурс». Калі ў асноўны дзень галасавання на ўчасткі прыходзіць менш выбарцаў, чым прагаласавала датэрмінова, значыць, на датэрміновае галасаванне народ загналі пад прымусам. Ці «бізуном», ці «пернікам».

Па-другое, 20 працэнтаў выбаршчыкаў у асноўны дзень галасавання паказвае, што сама спадарыня Ярмошына не здольная арганізаваць выбары так, каб яны выклікалі цікавасць у насельніцтва, каб людзі прыходзілі на ўчасткі добраахвотна. Сапраўды, насельніцтва вельмі расчараванае працаю сваіх дэпутатаў. Лічаныя адзінкі здолеюць узгадаць, хто быў абраны дэпутатам на мінулую кадэнцыю заканадаўчага органа краіны. Яшчэ менш ведаюць, што гэты дэпутат зрабіў за чатыры гады свайго існавання ў парламенце.

Затое ўсе ведаюць, што яны зрабілі агулам: падатак на дармаедства, павышэнне пенсійнага ўзросту, дадатковы падатак на аўто, падаткі на вясельныя падарункі маладым і шмат чаго іншага.


14237723_1164422773630988_5335424172480722334_n.jpg


Па-трэцяе, «20 працэнтаў» — гэта і разуменне грамадзянамі таго, што вынікі выбараў прадвызначаныя, а іх голас ні на што не ўплывае. І гэта таксама паказчык даверу да выбарчай сістэмы ў цэлым і ЦВК у прыватнасці.

Пра што яшчэ сведчаць гэтыя «20 працэнтаў»? Пра тое, што ўся ўлада на працягу доўгага часу была заточаная на тое, каб пазбавіць грамадзян цікавасці да выбараў. Няшмат хто проста ведае кандыдатаў, якія збіраюцца стаць дэпутатам па іх выбарчай акрузе. Для гэтага скарыстоўваюць шмат інструментаў. Найбольш яскравых і крэатыўных «выбіваюць» на этапе збору подпісаў. Пазбаўленне кандыдатаў дзяржаўнай падтрымкі на этапе выбарчай кампаніі таксама не дадае кандыдатам вядомасці — у іх няма грошай для друку сваіх улётак і праграм. Улады пастаянна ствараюць перашкоды ў правядзенні выбарчых сходаў і пікетаў, і толькі самыя апантаныя, якія разумеюць, як у Беларусі праводзіцца падлік галасоў, і што ім нічога не свеціць, робяць бачныя, яркія і крэатыўныя акцыі.

Можна было б плюнуць на ўсё, і сказаць, як у габрэйскім анекдоце: «Рабіце, што хочаце»! Аднак гэтая сітуацыя прыкрая тым, што ёсць у краіне Канстытуцыя. І, згодна Канстытуцыі, адзінай крыніцай улады ў краіне з’яўляецца народ. Калі ўлада робіць усё, каб народ зняверыўся ў выбарчай сістэме, каб яму было нецікава, хто, як і каго абірае, каб усе ведалі, што ад выбараў нічога не залежыць, і вынік выбараў прадвызначаны задоўга да дня галасавання… Тады гэтая ўлада проста пазбаўляецца легітымнасці і таго самага народнага даверу, на якім яна павінна грунтавацца. З усімі вынікаючымі наступствамі.

Напрыклад, наша ўлада ўжо колькі гадоў змагаецца з «ценявой эканомікай» і нясплатай падаткаў. Але праца «ў ценю» і нясплата падаткаў зрабіліся звыклай з’явай у дзяржаве. Чаму? Сустрэчнае пытанне: а чаму чалавек павінен плаціць грошы на ўтрыманне дзяржаўнага апарату, які ён не абіраў і які часцяком дзейнічае насуперак ягоным інтарэсам? Навошта яму фінансаваць дзяржаўныя інстытуты, якія «прызначаныя» без уліку яго інтарэсаў загадам зверху? Чаму дзяржава мае права скрасці ягоны голас, а ён не мае права вынесці з дзяржпрадпрыемства пачак паперы ці нейкі патрэбны ў гаспадарцы інструмент?

Як дзяржава да людзей — так і людзі да яе. І пачынаецца ўсё, насамрэч, з непавагі да выбаршчыка.