Алена Анісім: Веру ў свайго выбаршчыка

Кандыдат у дэпутаты Алена Анісім распавяла пра сваю магчымую перамогу на парламенцкіх выбарах.


Алена Анісім. Фота nn.by

Алена Анісім. Фота nn.by


Некаторыя аналітыкі працягваць выказваюць меркаванні з нагоды: ці патрапяць у парламент прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці? Сярод магчымых прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат фігуруе і першая намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.  

Як яна сама ставіцца да такіх прагнозаў?

— Стаўлюся пазітыўна і рада, што многія людзі шчыра хацелі б, каб я была ў парламенце, — адзначае  Алена Анісім. — І такіх людзей вельмі шмат, асабліва сярод маіх землякоў. Яны бачаць, што я рабіла, бачаць канкрэтныя справы. І яшчэ не малая роля беларускай мовы, бо я ўсю сваю кампанію праводжу выключна па-беларуску. Народу гэта імпануе, і многія хацелі б, каб беларуская мова гучала больш і на самым высокім дзяржаўным узроўні.

Ёсць меркаванне, што, маўляў, калі хтосьці і патрапіць у парламент, то толькі ў выпадку, калі ўлада “прапусціць” кіруемую апазіцыю…

— Я разумею гэты падтэкст, але так могуць казаць тыя, хто сёння ўвогуле не знаёмы з тым, што адбываецца у раёнах. Я праехалася па ўсім Стаўбцоўскім раёне, пабывала ў Нясвіжскім… Зразумела, што многія людзі увогуле скептычна ставяцца да выбараў. Але некаторыя ставяцца сур’ёзна і да выбараў, і да свайго дэпутата. Таму не ўсё так прадказальна. Каб перамагчы, трэба каб людзі галасавалі. І не заўсёды праходзіў той кандыдат, на каго рабіла стаўку ўлада. Таму казаць, што ўлада ўжо “вызначыла” дакладных дэпутатаў няправільна і некарэктна ў дачыненні да выбаршчыка. Усё ж-такі выбіраюць людзі. І адназначна сказаць, каго выбяруць, немагчыма.  

Але ж не людзі лічаць свае галасы, і вы гэты падлік таксама не ўбачыце. Ці не так?

— Не ўбачу, але ў мяне пакуль няма падстаў не давяраць. Улада падчас кампаніі давала зразумець, каго хацела б бачыць у парламенце, але, калі кандыдат вельмі добра папрацуе з людзьмі, то ў яго таксама ёсць шанцы. А некаторыя мае апаненткі нават не скарысталіся магчымасцю выступіць на дзяржаўным тэлебачанні. Адным словам, не складана сказаць, на каго робіць стаўку адміністрацыйны рэсурс, але я веру ў свайго выбаршчыка і веру, што людзі ў камісіях пры падліку галасоў сумленна выканаюць сваю працу.


Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя