Статкевіч і Някляеў плануюць правесці на Кастрычніцкай плошчы масавую акцыю
Апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў праінфармавалі Мінгарвыканкам аб намеры правесці 12 верасня на Кастрычніцкай плошчы масавую акцыю. 6 верасня яны прынеслі ў Мінгарвыканкам адпаведны дакумент.
![Фота з сайта freeregion.info Фота з сайта freeregion.info](/img/v1/userfiles/images/1462444070_7c57ea68_ab36_41c0_86a2_8f4ebe042068_mw1024_s_n_833x400.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сайта freeregion.info
У дакуменце гаворыцца, што, згодна з артыкулам 55 Канстытуцыі Беларусі і падпісанымі краінай міжнароднымі дамовамі, Статкевіч і Някляеў маюць намер правесці масавую акцыю з мэтай патрабаваць "сапраўдных выбараў замест выбарчых фарсаў, якія рэгулярна арганізуе кіруючы рэжым". Пачатак акцыі запланаваны на 18.00. Мінгарвыканкаму прапануецца выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае правядзенне акцыі.
У каментарыі БелаПАН Статкевіч падкрэсліў, што гэты дакумент не з'яўляецца заяўкай на дазвол акцыі. "Гэта апавяшчэнне аб намеры яе правесці. Акцыя будзе, яны не могуць мне яе забараніць, я не прашу дазволу", — заявіў былы палітвязень.
11 верасня ў Беларусі пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання. Датэрміновае галасаванне пачалося 6 верасня.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН