Анархісты распавялі, чаму закідалі лямпачкамі «прамога дзеяння» будынак Белтэлерадыёкампаніі.

Анархісты на сайце revbel.org змясцілі тлумачэнне, што імі рухала, калі яны 9 чэрвеня зладзілі акцыю каля "Белтэлерадыёкампаніі".

Фота з сайта naviny.by

Фота з сайта naviny.by


 

"Гэта акцыяй мы выступаем супраць прапаганды з боку дзяржавы, якая кожны дзень транслюецца з экранаў тэлевізараў, выліваецца на грамадства праз радыёпрыёмнікі. Па беларускім тэлебачанні ніколі не пакажуць сапраўднага становішча спраў у краіне, з сініх экранаў кожны дзень нас запэўніваюць, што ў Беларусі ўсё стабільна: будуюцца новыя аграгарадкі, сітуацыя на прадпрыемствах стабілізуецца, Лукашэнка абяцае даць працоўныя месцы усім жадаючым, раіць усім абзаводзіцца дзецьмі, бо наша квітнеючая дзяржава здольнае дапамагчы ўсім, хто мае у гэтым патрэбу, — адзначаюць анархісты. — Ворагі народа стабільна раскрываюцца пільнымі органамі правапарадку і справядліва караюцца. Усё стабільна, загорнута ў прыгожую фальшывую абгортку дабрабыту.

 

Але ж кожны з нас бачыць, што на самай справе адбываецца з краінай і грамадствам. Стабільнасць нашай дзяржавы заключаецца ў тым, што з кожным днём становіцца ўсё горш. Вось яна — славутая стабільнасць. Усё ляціць па нахільнай, і ў адзін момант дасягне кропкі кіпення.

 

Па тэлебачанні ніколі не пакажуць масавыя скарачэнні рабочых з вытворчасцяў, затрымку заробкаў, рэальную сітуацыю ў бальніцах і школах, жахі, якія чыняцца ў сельскагаспадарчым сектары, па бо тэлевізары паказваюць толькі шэраг узорных аграгарадкоў, якіх у краіне адзінкі. Ніколі не пакажуць сітуацыі ў правінцыйных мястэчках, дзе няма працы, і людзям даводзіцца ехаць на заробкі ў іншую краіну, і пры гэтым яшчэ плаціць падатак за дармаедства. Ніколі не пакажуць безвыходнасць простага чалавека, які ўграз у даўгах і крэдытах, і які з жахам чытае ўвядзенне новага падатку. Ніколі не пакажуць дамы чыноўнікаў у Драздах, ніколі не пакажуць раскошу рэзідэнцыі прэзідэнта, дзе ён жуе "рабчыкаў і ананасы" з плацінавых талерак. Ніколі не пакажуць жудасныя рэаліі беларускіх турмаў, бяспраўе зняволеных, самавольства суддзяў і наглядчыкаў. Карная сістэма ніколі не пакажа свой сапраўдны твар з экранаў.

 

Гэтая сістэма загразла ў хлусні і прапагандзе, ёй ужо ніколі не ачысціцца ад таго ілжывага бруду, які яна штодня вылівае на грамадства.

 

Але ў нашых сілах паглядзець у вочы праўдзе. І толькі ад нас залежыць, ці будзем мы і далей цярпець уласнае бяспраўнае становішча і капрызы "гаспадароў", альбо ж паўстанем супраць гэтай сістэмы падману, якая эксплуатуе грамадства і знішчае любое іншадумства".



Нагадаем, раніцай 9 чэрвеня ля "Белтэлерадыёкампаніі" трое ў масках кінулі лямпачкі з фарбай у будынак Белтэлерадыёкампаніі. Прэс-служба прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі ў той жа дзень эмацыяна пракаментавала ўчунак анархістаў «Невядомыя «размалявалі» фасад будынку чырвонай фарбай і, не дачакаўшыся водгукаў арт-крытыкаў, спешна рэціраваліся з месца акцыянізму. Пакуль эксперты спрачаюцца аб яго мастацкай каштоўнасці для чалавецтва, Следчым камітэтам распачата крымінальная справа ў прыкметах здзяйснення злачынства па артыкуле 339 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь — «хуліганства».