Народныя рэпарцёры пазнаёміліся з практыкай журналісцкага расследавання
31 студзеня ў Мінску адбыўся круглы стол — семінар для народных журналістаў
"Журналісцкае расследаванне: сіла і рызыкі жанру".
Разам з прафесійнымі рэпарцёрамі ў ім прынялі ўдзел народныя карэспандэнты — удзельнікі конкурсу “Народны журналіст–2014” з Воршы (Віцебская вобласць), Салігорску (Мінская вобласць) і Хойнікаў (Гомельская вобласць).
Спачатку народныя журналісты прадставілі матэрыялы, дасланыя на конкурс, і распавялі пра свае планы.
Алесь Малочка
Алесь Малочка (Салігорск), які працуе электрыкам і актывістам незалежнага прафсаюзу гарнякоў на ААТ “Беларуськалій”, распавёў, што не засталіся незаўважанымі ягоныя тэксты, звязаныя з безгаспадарчасцю і разбазарваннем сродкаў, у тым ліку і валютных, на прадпрыемстве. Ён распавёў, што ягоныя публікацыі ў інтэрнэце не прайшлі незаўважанымі сярод жыхароў Светлагорску, якія звязваюць змену кіраўніцтва “Беларускалію”, у тым ліку і з гэтымі артыкуламі. Разам з тым, як паведаміў Алесь Малочка, у ягоны адрас былі агучаныя сігналы з боку адміністрацыі першага рудаўпраўлення аб’яднання аб мажлівым прыцягненні да адказнасці ў судзе. І хоць няма аніякай рэакцыі на апублікаваныя тэксты з боку пракуратуры і дзяржаўных кантрольных органаў, спадар Малочка выказаў надзею, што ягоныя матэрыялы неяк паспрыяюць прывядзенню у заканадаўчае рэчышча сітуацыі на прадпрыемстве.
Юры Камягін
Юры Камягін (Хойнікі) прысвяціў свой тэкст “Сто першая з хойніцкай вёскі Валокі” трагічнаму лёсу 21-гадовай палескай дзяўчыны Юліі Андрэеўны Шагавік. У гэтым праўдзівым даследаванні распавядаецца, як ўвесну 1943 году на фронце Другой сусветнай вайны недзе пад Ленінградам ў адказ на гвалт з боку саслужыўцаў-чырвонаармейцаў пакончыла жыццё самагубствам дзяўчына-палешучка з хойніцкай вёскі Валокі Юлія Шагавік. Дакладнае месца яе пахавання невядома да гэтай пары.
Мне падаецца, што Юлія Андрэеўна Шагавік павінна значыцца ў спісе ахвяраў сталінізму, а не Другой сусветнай вайны. Бо яе забіў татальны гвалт, што панаваў на нашай зямлі. Лёс гэтай паляшучкі нагадвае пра неабходнасць грамадскага пакаяння за вольны ці вымушаны ўдзел людзей у злачынствах таталітарызму. Бо без працэсу грамадскага пакаяння мы ніколі не развітаемся са сваім жудасным мінулым.
Віталь Паўлаў
Віталь Паўлаў (Ворша) у сваіх матэрыялах узняў важную праблему, калі замест рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры праводзіцца іх рэканструкцыя і гэтыя нерухомыя матэрыяльныя гістарычна-культурныя каштоўнасці страчваюць свае характэрныя рысы і асаблівасці.
Спадар Паўлаў распавёў пра пачатак кампаніі па збору подпісаў за захаванне помнікаў дойлідства Воршы.
Затым адбылася гаворка па праблематыцы журналісцкага расследавання, пад час якой прафесійныя рэпарцёры распавялі пра свой вопыт і адказалі на шматлікія пытанні народных карэспандэнтаў.
Нагадаем, што конкурс “Народны журналіст” чацвёрты год запар ладзіць адукацыйны “Цэнтр Супольнасць”.
Здымкі:
1. Удзельнікі семінару.
2. Алесь Малочка.
3. Юры Камягін.
4. Віталь Паўлаў.
Народны журналіст; расследаванне; семінар; Алесь Малочка; Юры Камягін; Віталь Паўлаў;