Нашто гаранту мова?
Адной з самых папулярных у медыя і інтэрнэт-прасторы СНД тэмаў, звязаных з Беларуссю, застаецца пошук адказу на пытанне: чаму Лукашэнка чытаў прамову з нагоды Дня незалежнасці на беларускай мове. Прапануем агляд прэсы і блогасферы
На святочным пасяджэнні з нагоды Дня незалежнасці па-беларуску Лукашэнка прамаўляў толькі меншую частку свайго спіча. Аднак гэтага хапіла, каб выклікаць вялізарнае рэха ў СМІ. Сама сцэна прамовы абрасла міфамі. Вось як, напрыклад, пераказвае яе армянскі партал Lragir.am: «Расійскія СМІ з трывогай распаўсюдзілі інфармацыю аб тым, што 27 чэрвеня (!) у беларускім горадзе Віцебску быў адкрыты помнік вялікаму князю літоўскаму Альгерду, пры гэтым улады Віцебска раней адмовіліся ставіць помнік князю Аляксандру Неўскаму і роўнаапостальнай княгіні Вользе. Прычым, на адкрыцці помніка літоўскаму князю выступіў сам Лукашэнка (!), на беларускай мове».
Казахскі сайт «Азатык» канстатуючы гэты факт, нават не здолеў стрымаць эмоцый. Матэрыял пра выступ АГЛ названы «Неверагодна! Прэзідэнт Беларусі гаворыць па-беларуску».
Увогуле, у Казахстане навіна з Беларусі выклікала вялікі інтарэс, што, напэўна, тлумачыцца падабенствам сітуацыі — нягледзячы на афіцыйны статус, казахская мова саступае расійскай у шматлікіх сферах. Тое, што стан нацыянальнай мовы ў Беларусі, як высветлілася, горшы, чым у Казахстане, даў падставу некаторым фанатам Назарбаева сказаць: «У нас хоць прэзідэнт часам размаўляе на казахскай мове, таму мова яшчэ неяк трымаецца на плаву. Таму вялікая роля лідара краіны ў развіцці дзяржаўнай мовы». У сваю чаргу, некаторыя казахскія нацыяналісты не вераць, што ў Сінявокай усё так кепска. Яны, праўда, прыводзяць такія неверагодныя факты: «Гэта ўсё хлусня пра кепскі стан беларускай мовы. У дзяржструктурах РБ дакументы прымаюцца ТОЛЬКІ на беларускай. А ў нас і на рускай».
Калі ў Казахстане галоўным чынам намагаюцца параўнаць мадэлі моўнай палітыкі ў абедзвюх краінах, у Расіі ўсё значна больш сур’ёзна. Тут беларускамоўную прамову Лукашэнкі разглядаюць як безумоўна варожы геапалітычны акт.
Гучней за ўсіх б’е ў набат рэсурс REGNUM: «Зразумела, што беларускамоўную прамову Лукашэнкі варта тлумачыць як пралог чарговай магутнай хвалі «беларусізацыі», закліканай умацаваць беларускую нацыю. Нездарма кіраўнік дзяржавы ў сваім апошнім пасланні народу і парламенту адзначыў, што «калі беларусы перастануць гаварыць на беларускай мове, яны перастануць быць нацыяй». У сувязі з гэтым застаецца толькі спадзявацца, што прэзідэнт РБ выняў урок з украінскай трагедыі, якая пачалася, як вядома, са спробы ўладаў постсавецкай рэспублікі навязаць рускамоўнаму насельніцтву іншую мову».
Іншыя медыя бачаць тут спробу Мінска неяк узмацніць сваю суб’ектнасць у вачах гаспадароў Крамля. «У тым, што прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сходзе з нагоды Дня незалежнасці краіны выступіў з прамовай на беларускай мове, няма нічога дзіўнага. Гэта ўваходзіць у рамкі тэндэнцыі мяккай «беларусізацыі», якая праводзіцца ў краіне ўжо даўно», — заявіў выканаўчы дырэктар Інстытута інфармацыйных войнаў (Масква) Юрый Баранчык. На думку Баранчыка, праект «беларусізацыі» будзе і далей працягвацца з тым, каб падкрэсліць асаблівы беларускі шлях развіцця краіны».
А, напрыклад, палітолаг Міхаіл Рэмізаў лічыць, што баяцца тут асабліва няма чаго, паколькі беларуская нацыянальная ідэя не супярэчыць канцэптам Рускага свету. «Проціпастаўленне беларускай ідэнтычнасці рускай будзе ісці асабліва штучна, але пакуль можна гаварыць аб тым, што афіцыйная лінія беларускіх уладаў не выходзіць на гэта проціпастаўленне, а, хутчэй, балансуе», — лічыць Рамізаў. Ён таксама адзначыў, што для Лукашэнкі цяпер важна на сімвалічным узроўні падкрэсліць прыхільнасць беларускай ідэнтычнасці і нацыянальнаму суверэнітэту ў процівагу канцэпцыі Рускага свету, якая зыходзіць з Масквы. Між тым, па словах эксперта, «для беларускага рэжыму больш арганічна такое развіццё, якое мае на ўвазе яго сумяшчальнасць з рускай ідэнтычнасцю і пазіцыянаванне ў кантэксце вялікага Рускага свету, а не ў процівагу яму». У гэтым, лічыць эксперт, моцнае адрозненне беларускай ідэнтычнасці ад украінскай.
Самая незвычайная катэгорыя расійскіх каментатараў лінгвістычных акцый беларускага лідара — патрыёты-славянафілы. Яны вераць у панславісцкія забабоны Лукашэнкі і аператыўна прыдумалі сабе кампенсацыю таго, што іх кумір надаў перавагу беларускай мове: «Так, Лукашэнка выступаў па-беларуску, аднак трэба прызнаць, што размаўляе прэзідэнт Беларусі па-беларуску ўсё ж такі з цяжкасцю».
Што тычыцца ўкраінскай аўдыторыі, то яна беларускамоўнасць Лукашэнкі сустрэла неадназначна. Некаторыя вітаюць крок, падазраючы, што наш кіраўнік трапіў пад уплыў аўры інагурацыі Парашэнкі, на якой прысутнічаў. Адзін з каментатараў на форуме сайту «Корреспондент» аналізуе: «Лукашэнка з’ездзіў на інаўгурацыю Парашэнкі, пабачыў, з якой павагай і Парашэнка і ўкраінцы змагаюцца за сваю мову і абсалютна ўсе яе ведаюць. І гэта ж прыгожа, калі народ ведае і паважае сваю мову. Паціху зараз пачне прыцягваць сваіх беларусаў. На якой мове размаўляе прэзідэнт — на такой жа размаўляе народ. На якой мове дома размаўляюць маці-бацька, на такой мове гавораць іх дзеці. Лукашэнка прачнуўся».
Іншыя ўкраінскія каментатары не маюць ілюзій, адзначаючы тое, што на Лукашэнку быў гальштук у колерах георгіеўскай стужкі — аднаго з сімвалаў сепаратысцкага паўстання на Данбасе. Дарэчы, гэта абсалютная нестасоўка слоў і гардэроба навяла шмат каго на думку, што гарант зноў намагаецца ўсядзець на двух крэслах, спадабацца і Кіеву, і Маскве.
Напрыканцы прапануем самыя смешныя каментары, прысвечаныя беларускамоўнаму выступу АГЛ. «Лукашэнка з перапуду пачаў размаўляць на беларускай мове, каб Пуцін не падумаў, што час ратаваць рускіх у Беларусі». «А было б смешна, калі б Лукашэнка размаўляў з Пуціным на беларускай мове. А побач бы маячыў перакладчык і перакладаў бы, перакладаў...». «Беларуская мова — гэта тая ж руская, толькі з літоўскім адценнем і акцэнтам».
Як бачым, сапраўдныя матывы сеансу беларускамоўнасці Лукашэнкі застаюцца пад пытаннем. Таму найбольш слушнай высновай з усёй гісторыі з яго выступам будзе цытата з артыкула кіргізскага выдання Gezitter.org: «Зварот прэзідэнта Лукашэнкі да народу праз 20 гадоў на беларускай мове даказаў — кіраўнік дзяржавы па-беларуску гаварыць можа».