«Наўрад ці я калісьці адчувала сябе больш шчаслівай, чым цяпер». Моцны выступ фігуранткі «карагоднай» справы
9 жніўня 2021 года ў Ленінскім судзе Брэста пачалі судзіць чарговую частку абвінавачаных паводле «карагоднай» справы. Справу распачалі пасля мірнай акцыі пратэсту, якая прайшла 13 верасня мінулага году ў Брэсце. Фігурантаў справы так шмат, што іх судзяць часткамі, прыблізна па дзесяць чалавек, а ўжо асуджана 69.
Кацярына Бровач стала фігуранткай «карагоднай» справы 24 сакавіка. У той дзень разам са сваім хлопцам Сяргеем Канановічам, як звычайна, яна пайшла на абед. Але на вуліцы іх затрымаў крымінальны вышук. З Следчага камітэта Кацярына выйшла падазраванай па ч. 1 арт. 342 КК — але яе маладога чалавека ў рамках той жа справы адправілі ў ізалятар. З таго дня Сяргей заключаны пад варту, і па гэты дзень (ужо 5 месяцаў!) знаходзіцца ў брэсцкім СІЗА.
23 жніўня 2021 Кацярына выступіла на судовым працэсе з
апошнім словам. «Вясна» прыводзіць яе прамову цалкам:
«У сваім апошнім слове я б хацела выказацца пра тое,
што мяне безумоўна захапляюць тыя людзі, якія стоячы да мяне на гэтым месцы ў
чаканні прысуду, здолелі загаварыць аб паўсюдным прабачэнні з іх боку. На жаль,
не магу казаць пра тое ж, таму што для мяне вымавіць нешта падобнае значыла б
адкрыта схлусіць. Нічога з перажытага за апошнія 5 месяцаў я ўжо не ў стане ні
забыцца, ні дараваць. Не буду таксама хлусіць, што мне не каштавала ні
найменшых намаганняў перажыць гэтыя месяцы з усмешкай на твары. Не буду
прыкідвацца, што цяпер не сабрала ўсю волю ў кулак, каб мой голас не дрыжаў і
гучаў упэўнена. Не буду прыкідвацца, што за ўвесь час мяне ні разу не жахнула
думка пра тое, што калі аднойчы ты проста не вяртаешся з абеду ў офіс, няма
гарантыі, што ў іншы дзень ты вернешся дадому.
Вось ужо ніколі б не падумала, што маё жыццё стане нагадваць
сюжэт малабюджэтнага серыяла.
Раздаеш запасныя звязкі ключоў родным і сябрам з просьбай у
выпадку чаго абавязкова, абавязкова нагледзець за катом. Думаеш: «А як жа
адрэагуе тата, калі я ўслед за сваім маладым чалавекам раптам рэзка перастану
выходзіць на сувязь?». Хто, у выпадку чаго, прынясе яму сардэчныя кроплі?
Разрываешся паміж працай, допытамі, адвакатам і паходамі ў
СІЗА і на пошту. Кожны вечар перад сном варожыш: «Адключышся ці праз
хвіліну ад знямогі або з цяжкасцю заснеш да світання?». Падлічваеш выдаткі і
сумна ўсміхаешся: ніяк не маглі сабраць маме на помнік. А вось я ўжо як раз
патрэбную суму выдаткавала.
І хай кожны раз я была ветлая і ўсмешлівая, пры кожнай новай
сустрэчы за маёй усмешкай заўсёды была думка пра тое, на чыёй адказнасці кожная
маршчынка на твары і кожны сівы валасок на галаве бацькоў, выкрадзенае здароўе
ў мяне і блізкага мне чалавека. Я таксама маладая і амбіцыйная і я не разумею,
чаму я, коштам свайго паламанага жыцця, павінна станавіцца чарговай прыступкай
чыёйсьці кар'ернай лесвіцы. Хоць, напэўна, магла б зразумець, калі б здолела
зірнуць на дзясятак чалавек не як на дзясятак лёсаў, а як на чарговы стос
рабочых дакументаў. Але, нягледзячы на такую песімістычную карціну, хацела б
адзначыць, што, нягледзячы ні на што, я не дазволю прымусіць мяне адчуваць гнеў
і нянавісць і ўпарта працягну шукаць добрае нават у існуючых абставінах.
Шчыра захапляюся хлопцамі пад вартай. Хоць я не ў стане
вярнуць вам ні хвіліны скрадзенага ў вас часу, я вар'яцкі ганаруся кожным з
вас, што нават праз такі доўгі тэрмін зняволення вы ўсё выдатна выглядаеце і
так годна трымайцеся. Некаторымі я асабліва ганаруся. Упадабаю запомніць гэты
перыяд як час самых прыемных чэргаў, дзе чаканне перадачы ў СІЗА з лёгкасцю
магло б замяніць сеанс курсу псіхатэрапіі.
З нецярпеннем чакаю моманту выканаць узятае з мяне на пошце
абяцанне і вярнуцца, каб адправіць не «няшчасныя лісты ў няволю», а
проста віншавальныя паштоўкі родным.
Вар'яцкі ўдзячная абаронцам, якія так самааддана працягваюць
выконваць сваю працу нават у эпоху калі «ўсе самі ўсё выдатна
разумеюць». І нягледзячы ні на што, наўрад ці я калі-небудзь яшчэ
адчувала сябе больш шчаслівай, чым цяпер. Таму што я ведаю, што такое падтрымка
каханага чалавека, што такое абарона старэйшай сястры, што такое бацькоўская
мудрасць, што такое сапраўдныя сябры — тыя самыя, з якімі і ў агонь, і ў ваду. Бо
кожны можа любіць, калі ўсё добра і далёка не кожны зможа працягваць любіць і
заставацца побач, калі свет бурыцца і зямля сыходзіць з-пад ног. А мяне любяць
нягледзячы ні на што і насуперак усяму.
Гэта быў балючы і траўмуючы вопыт. Але з такой падтрымкай,
нават нягледзячы на адчувальны груз праблем, якія раптам зваліліся на мае далікатныя
плечы, я ўсё яшчэ ў стане трымаць спіну прама. Сёння, на жаль, я не веру і не
спадзяюся ні на цуд, ні на справядлівасць, ні на вышэйшыя сілы. Але ўсё яшчэ
ўпарта працягваю верыць у дабро, сумленне і, зразумела, у саму сябе. На гэтым у
мяне ўсё, дзякуй».
Кацярыне Бровач і Сяргею Канановічу дзяржабвінавачанне ў асобе Аляксандра Бацюшкі і Міхаіла Юшчука запрасіла пакаранне ў выглядзе паўтары года абмежавання волі. Кацярыне — без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, Сяргею — з накіраваннем. Прысуд ім і яшчэ 12 людзям суддзя Куроўскі абвесціць 30 жніўня.