«Нават немцы такога не рабілі», — брэсцкі хірург, які ратаваў параненых падчас пратэстаў 10 жніўня

«Цяжка было ад усведамлення таго, што гэтыя раненні маладыя хлопцы атрымалі ў мірны час у сваёй роднай краіне і родным горадзе», — перадес словы хірурга «Свабода».



img_7022.jpg

Выданне «Бинокль» пагутарыла з хірургам Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медычнай дапамогі, які дзяжурыў увечары 10 жніўня, калі гарадская міліцыя страляла ў пратэстоўцаў.

Загадчык першай хірургіі ў бальніцы хуткай медычнай дапамогі Аляксей Шпока кажа, што дзяжурства 10 жніўня 2020 года запомніць на ўсё жыццё. А 10-й вечара да іх пачалі прывозіць пацярпелых, аднаго за адным.

Паводле яго, у тую ноч бальніца нагадвала вайскова-палявы шпіталь. Хворых сартавалі паводле «прынцыпу медыцыны катастроф» — на тых, каго неадкладна трэба было аперыраваць, менш цяжкіх і тых, хто мог чакаць. За суткі ў бальніцу па дапамогу звярнуліся каля 100 чалавек, 29 з іх шпіталізавалі ў бальніцу, дзе працуе Аляксей Шпока. Людзі былі з рознымі траўмамі: параненыя з агнястрэлу, збітыя, у траўматычным шоку, расказвае хірург.

«Уявіце, прывозяць сіняга чалавека практычна без прытомнасці. Да нас прывезлі такога хлопца — кулявых раненняў у яго не было, але ён быў збіты з галавы да ног — проста ўвесь сіні», — кажа Аляксей Шпока.

Паводле яго, з параненых вымалі 2 віды куль — пластмасавыя і гумовыя; характар пашкоджанняў і проста «вырваныя» кавалкі плоці памерам з кулак кажуць пра тое, што стралялі ва ўпор.

«Я дасведчаны хірург, бачыў за 17 гадоў шмат што ў сваёй практыцы, праводзіў шмат гадзін запар, стоячы на нагах за аперацыйным сталом, але ў той момант цяжка было не ад нагрузкі. Цяжка было ад усведамлення таго, што гэтыя раненні маладыя хлопцы атрымалі ў мірны час у сваёй роднай краіне і родным горадзе», — кажа хірург.

Ён кажа, што ва ўсіх шпіталізаваных узялі аналіз крыві на наяўнасць алкаголю, але сярод тых, каму дапамагаў ён, п’яных не было. Узрост пацярпелых — ад 17 да 52 гадоў.

«Лекары — апалітычны народ. Калі табе прывязуць амапаўца, ты будзеш яго лячыць. Але калі тэлефануюць калегі з Менску і расказваюць, як там лупяць лекараў, пакет на галаву надзяваюць — ці можна заставацца спакойным? Нават немцы такога не рабілі. Я бачыў шмат страшных рэчаў за гэтыя 17 гадоў, але такога яшчэ не бачыў», — кажа Аляксей Шпока.